Напачатку лістапада каталікі асаблівым чынам шануюць памяць спачылых сваякоў і блізкіх. Наведваюць могілкі, прыгадваюць памерлых, моляцца і пакідаюць каля помнікаў і крыжоў запаленыя лампадкі і знічы, пераўтвараючы вечаровую прастору ў залаціста-чырвонае мора агеньчыкаў. Каб зразумець сутнасць і асаблівасці традыцыі, мы наведалі некалькі вёсак у Заходняй Беларусі і прывезлі колькі чулых і атмасферных гісторый.
Паводле календара каталіцкіх свят 1 лістапада адзначаюць Урачыстасць Усіх Святых, а 2-га — успамін усіх памерлых вернікаў, які яшчэ называюць Задушкамі, днём малітвы за душы нябожчыкаў, альбо Дзядамі — па-народнаму.
У гэтай прыгожай хрысціянскай гісторыі глыбокія карані. Многія продкі хоць і верылі ў Бога, але паралельна не маглі пазбавіцца народных звычак. Так, згодна з паданнямі ў гэтыя дні раілі не працаваць і раней класціся спаць, каб не перашкаджаць духам спачылых. А каб задобрыць духаў, гаспадыні выпякалі спецыяльны хлеб, які раздавалі жабракам і пакідалі на магілах. Падобныя звычаі і забабоны даўно зніклі, але традыцыя асабліва шанаваць памерлых захавалася.
Айцец Аркадзь Куляха, які служыць у вёсцы Гудагай, што на Астравеччыне, паходзіць з-пад польскага горада Кельцэ. У Беларусі ён жыве каля 30 гадоў і сцвярджае, што традыцыі ў польскіх і беларускіх каталікоў прыблізна аднолькавыя.
— За некалькі дзён перад Урачыстасцю Усіх Святых мы хадзілі прыбіраць магілы сваякоў, а ў сам Задушны дзень прыходзілі туды, каб памаліцца, прыняць удзел у працэсіі, з якой святар ішоў праз могілкі, і разам з другімі вернікамі спявалі і маліліся. Таксама прыпамінаю, як мае бацькі на могілках распавядалі мне пра нашых продкаў, кім былі і дзе нарадзіліся, як пазнаёміліся. Менавіта ў гэтыя дні вельмі шмат сваякоў сустракаліся на могілках.
Успамін памерлых часам суправаджаецца чаркай і закускай на стале, але айцец Аркадзь супраць падобных рытуалаў.
— Для веруючага чалавека пашана памерлых — гэта ў першую чаргу малітва з даверам да Бога. Чалавек можа прыйсці ў касцёл ці ў царкву, памаліцца і замовіць імшу. На Задушкі ў касцёлах чытаюцца імёны памерлых, так нібыта прыпамінаюцца тыя, хто калісьці жыў. Такім чынам мы паказваем веру ў тое, што тыя, хто адышоў, жывуць. Толькі з Богам, бо верым у вечнае жыццё. Што тычыцца наведвання могілак... Адпаведным спосабам будзе тое, што хтосьці пойдзе і, запаліўшы свечку (а гэта сімвал уваскрослага Хрыста), таксама ўзнясе малітву за памерлых. А да чаркі ці нейкай ежы [на могілках] я стаўлюся адмоўна.
У Беларусі, у адрозненне ад суседніх Літвы і Польшчы, 1 лістапада не з’яўляецца выхадным, і многія ідуць да спачылых у будны дзень бліжэй да вечара. Разам са сваякамі на старыя могілкі ў Гудагай, якія месцяцца каля драўлянага касцёла, прыехала Галіна Францкевіч. Яна працуе ў раённай бібліятэцы, але ў панядзелак знайшла час, каб пабываць на могілкіах.
— Яшчэ ў маленстве любіла гэтую дату. Я паходжу з вёскі Слабодка. Памятаю, як маці вярталася з паляводства і мы разам з ёй і сёстрамі ўвечары ішлі на могілкі, — згадвае жанчына. — Яна казала: «Дзе б ты ні быў, заўжды трэба шанаваць памерлых, і каб мог у гэты дзень наведаць магілкі сваіх бацькоў і дзядоў». Гэтаму вучу сваіх дзяцей. Ліхтарыкаў тады не было, мода на іх з’явілася ў 2000-х, калі з Захаду пачалі прывозіць. Мы на могілкі неслі звычайныя свечкі. Яны тухлі на паветры, і мы прыдумвалі спецыяльныя канструкцыі, каб свечку схаваць. Напрыклад, з бакоў закрывалі фасовачнай паперай. А калі з могілак вярталіся дадому, я з акна яшчэ доўга, доўга глядзела, як гэтыя агеньчыкі ўсю ноч гараць. Тыя свечкі мне неяк нават больш падабаюцца. Гэта больш жывое. Калі нявестка мяне нядаўна падвозіла да могілак у Слабодку, нават з жальбай падумала, што не гараць ліхтарыкі так, як свечкі ў маім дзяцінстве.
Як кажа суразмоўца, у гэтыя дні многія бралі адпачынак, каб з Літвы ці Польшчы прыехаць на малую радзіму і наведаць могілкі. Пандэмія і закрытыя межы традыцыю часова парушылі. Але, па словах спадарыні Галіны, яна ўсё роўна ўбачыла аднавяскоўцаў, якія з Літвы прыехалі ў Беларусь.
На больш новым сектары могілак разам з дачкой ля магілы завіхаецца Марыя Марозік.
— Жыву непадалёк ад Гудагая — у Лазоўцы, — кажа суразмоўніца. — Ведаеце, дзе скрыжаванне на Вільнюс? Вось там. Сюды пераехала, калі мужа на працу па размеркаванні адправілі. Сама ж паходжу са Старых Васілішак, Шчучынскі раён.
— Дык гэта ж радзіма славутага рок-музыкі Чэслава Немана! Ён у 1950-х з’ехаў у Польшчу.
— Чэслаў — мой траюрадны брат! Маці Чэслава была стрыечнай сястрой майго бацькі. Ягоная сястра Ядзя сёлета памерла. Яна была маёй хроснай. Вось бачыце, дзе вы са мной спаткаліся. Тут пахаваная Яніна Свірская, якая даглядала маю дочачку, калі выйшла з дэкрэтнага адпачынку. Яе дачка — мая лепшая сяброўка. Прыходзім да яе кожны год. Тут жа і суседзі мае пахаваныя. З дзяцінства на могілкі ходзім. Урачыстасць Усіх Святых — гэта ж не зараз прыдумалі. Яна ж спрадвеку!
— Камуністы пры Саветах не перашкаджалі на могілкі са свечкамі прыходзіць? Гэта ж рэлігійная традыцыя.
— А што яны маглі зрабіць, калі маці брала за руку і вяла! Яна сама хадзіла прыбіраць, дык і дзяцей з сабой брала. З дзяцінства прывучаныя. Свечачкі ставілі. Некаторыя людзі нават з агаркаў сабе рабілі: плавілі, раскатвалі і ўсярэдзіну ставілі ільняную нітачку. Усё. Выходзіла добрая свечка. Запячатаных лампадак жа яшчэ не было. Ды і кветкі прыносілі толькі жывыя.
Недалёка ад Ашмянаў знаходзіцца аграгарадок Жупраны. Ён знакаміты найперш тым, што тут, паблізу касцёла, пахаваны вядомы беларускі пісьменнік Францішак Багушэвіч.
Людзей, як і ў Гудагаі, на могілках багата. Машыны прыпаркаваны наўпрост ля мураванай агароджы. Усе магілы прыбраныя, і знайсці пагорак у занядбаным стане, без лампадкі амаль немагчыма. Як кажуць жанчыны, якіх мы сустрэлі, калі нехта не можа прыехаць, свечкі перадаюць сваякам ці сябрам.
Усе сустракаюцца пераважна на саміх могілках: абмяркоўваюць жыццё, прыгадваюць памерлых, але вялікі памінальны стол рабіць тут не прынята.
— У нас не п’юць нават, калі нябожчыка хаваюць, — падкрэслівае адна з жанчын. — Ксёндз казаў, што імшу не будзе рабіць, калі на стале ўбачыць гарэлку.
Словы жанчын пацвярджаюць і яшчэ некалькі мужчын, хаця яны і прызнаюцца, што з такой нагоды прыгубіць можна.
З надыходам вечара людзей на могілках паменшала, але мы ўсё роўна ў прыцемках сустракаем мясцовых жыхароў. Некаторыя з іх, каб не згубіцца і не наступіць на магілу, насоўваюць на лоб ліхтарыкі ці асвятляюць сабе шлях у сутонні мабільнікамі.
Магілы Францішка Багушэвіча і ягоных сваякоў.
Позніх наведнікаў мы сустрэлі і ў вёсцы Дайлідкі.
А на адваротным шляху, каля могілак у Солах, наогул заўважылі пусты невялічкі пасажырскі аўтобус. Кіроўца, відаць, вызваліўся ад працы і вырашыў таксама паставіць свечку. На фоне зорнага неба і велічнай капліцы, якая нагадвае невялічкі замак, некропаль выглядае велічна і эстэтычна. Так памінаюць продкаў.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by