Гіпершансон ад Каржа і дзіцячы мюзікл ад Вайцюшкевіча. Агляд беларускай музыкі за чэрвень

 
2836
30 июня 2021 в 16:25
Источник: Саша Маніту
Источник: Саша Маніту

Сабралі самыя сакавітыя плады беларускай музыкі за першы месяц лета. Ад сімфанічнага металу і інкогніта-электроншчыкаў з пяццю лайкамі ў Spotify да, з дазволу сказаць, заслужаных мэтраў нашай эстрады. Хоць «заслужанымі мэтрамі» Ціму Беларускіх і Макса Каржа, напэўна, яшчэ ніхто не называў — гэта наш асаблівы від вычварэнства... Але тым не менш — слухаем!

Макс Корж — «Аттестат»

«Пацанскасць» Макса Каржа выйшла на новы ўзровень. Ад згадак Нагавіцына ў шансон-баладзе «Малалетка» Максім перайшоў да сэмпліравання «Бутыркі». Біт новай песні Каржа — прамы амаж аднайменнаму блатному гімну, і гэта, мякка кажучы, цікавы і рызыкоўны эксперымент. Частка фанатаў плюецца і лае Макса за перабор блатной рамантыкі і банальную «нехітовасць» новай песні. Частка ж, наадварот, угледзела ў гэтым падлашчванне з гіперпопам, што ў нашых мясцінах здараецца даволі рэдка. Маўляў, менавіта так гучалі б 100 gecs, калі б выраслі ў постсаўку. Такі вось Корж Шродынгера. Нязменным застаецца адно: Корж зноў прымушае гаварыць пра сябе і слухаць яго песні. Хаця б для таго, каб скласці пра іх меркаванне.

ЛСП, Dose — «Солнце золотое»

Трэба пагугліць, ці падаў на казахстанскі горад Паўладар у 90-х гадах метэарыт, таму што шалёная колькасць добрых рэпераў адтуль — гэта нейкая іншапланетная анамалія. Dose — яшчэ адзін таленавіты пратэжэ Скрыптаніта, падпісанта яго лэйбла Musica36. Сумесная песня з Алегам ЛСП — вельмі запальны, душэўны і прыемны летні трэк. Той выпадак, калі сезонны хіт атрымліваецца шчырым і натуральным. Дзесяць стомленых і потных прадзюсараў не пісалі «чарговую песню пра лета» у склепе лэйбла без кандыцыянера. «Солнце золотое» — гэта сапраўды жывая песня, і ў гэтым яе сіла.

Тима Белорусских — «Под звездопадом»

Ён ад Каўфмана сышоў, ён ад міліцыі сышоў. Але вось ад звычкі пісаць рамантычны рэп пра нейкую ўяўную дзяўчыну Ціма сысці ніяк не можа. Ці не хоча свядома. «Под звездопадом» — чарговы меланхалічна-летуценны трэк Цімафея з яго ўлюбёнай градацыі «50 адценняў ружовага». Але на гэты раз ён сапраўды нядрэнны! Што артыст дакладна ўмее рабіць добра, дык гэта прыдумляць цікавую меладычную партыю, якая чапляе слухача. Прыпеў «Под звездопадом» — круты і эмацыйны, яго нават хочацца ставіць на рэпіт. Больш за тое, у гэты раз хочацца вельмі-вельмі асцярожна пахваліць Ціму за якую-ніякую працу з лірыкай і вобразамі. «Вчера, застрявшее между нот расстроенного фортепиано» — ужо крыху лепш, чым былое «ты шоколадная не вся», пагадзіцеся.

Зміцер Вайцюшкевіч — «Вясёлка над плёсам»

Здаецца, Вайцюшкевіч толькі што выпусціў нешта, што нашыя дзеці будуць праходзіць на ўроках беларускай літаратуры. Сумесна з Бенькай, Лявонам Вольскім і іншымі музыкамі Зміцер зрабіў выдатны дзіцячы мюзікл. Пра жукоў, мурашак і вясёлку — так вось проста і цёпла. Зразумела, калі прыгледзецца, у гэтым усім таксама можна адшукаць сацыяльную сатыру. Але ведаеце, лепш не жадаць і не прыглядацца, а проста атрымліваць асалоду ад стромкіх аранжыровак WZ-Orkiestra, ад гуку знаёмых галасоў і таго факта, што на гэтыя паўтары гадзіны можна адключыць галаву і парадаваць унутранае дзіця.

Postoyanno — «Глаза»

«Хто быў у Непале, той не паліцца», — абвяшчае старажытная хіпарская прыказка. У сацсетках мінскага панк-гурта Рostoyanno напісана, што іх працяглы творчы адпачынак даўжынёй у два гады звязаны з паездкай у гэтую цудоўную краіну. Наколькі гэта праўда, мы можам толькі здагадвацца, але вось факт: гэтай вясной хлопцы ажылі, далі канцэрт і зноў пачалі выпускаць песні. Здавалася б, панк-рок пра маладосць — агульнае месца, у якім няма ўжо куды ступіць, каб не запэцкацца ў няўдалым ксераксе гурта «Пасош» або «Пошлая Молли». Але ці то хлопцы з’елі ў Непале нейкай асаблівай усходняй мудрасці і знайшлі круты гук, ці то мы сляпыя і пару гадоў не заўважаем дыямент у нашай рэчаіснасці... Карацей, музыка Рostoyanno — гэта цікава і заслугоўвае ўвагі. Новы сінгл «Глаза» гучыць так, быццам украінскі гурт «Метель» раптам займеў густ, нармальнага гітарыста і харызму. Крута!

Zlata Mai — «Гуляют ветра»

У 13 гадоў дзяўчына з Мінска Злата (тады яшчэ зусім не Май) хадзіла ў пратэстанцкую царкву і пісала наіўныя «песні пра Бога» пад фартэпіяна. У 18 гадоў яна не вельмі добра паўдзельнічала ва ўкраінскім «Х-фактары», пабачыла Вольгу Палякову ўжывую і, верагодна, ледзь не страціла веру. Зараз Злаце 20. Яе музыка ўяўляе сабой сумесь хіп-хопа, электронікі і соўла, а голас з гучнымі «вярхамі» і багатымі «нізамі», здаецца, народжаны для фольку і рэгі. Вінегрэт атрымліваецца дзіўным, і, можа быць, ён яшчэ не да канца настаяўся, але ўжо можна сказаць, што Злата — адна з самых цікавых маладых беларускіх спявачак. Так думаем не толькі мы, але і лэйбл Warner Music, які на ўсялякі выпадак ужо ўзяў дзяўчыну пад сваё крыло.

Новы трэк «Гуляют ветра» — лёгкая песня з наіўным тэкстам у стылі «Ах, якія мы з табой два дурня, проста вар'яты!». Проста, сыравата, але нешта ў гэтым ёсць. У дзяўчыны вялікі патэнцыял, і ёсць адчуванне, што Злата можа вырасці ў «нашу Рыянну», калі яшчэ трохі адточыць свой стыль і правільна падбярэ ўсе інгрэдыенты вінегрэту.

Belle Morte — Crime of Passion

Тут ёсць прыхільнікі сімфанічнага металу? Упэўнены, добрая палова чытачоў наогул толькі што даведалася, што такое бывае. Спалучаць готыку, метал і скрыпкі ў гады, калі балем кіруюць TikTok-рэперы з трэкамі пра грошы даўжынёю на паўтары хвіліны, — справа даволі няўдзячная. Але мінскі гурт Belle Morte, здаецца, гэты факт зусім не калыша. Больш за тое, каб вы канчаткова памерлі ад перагрэву лічыльніка глыбіннага сэнсу, свой новы альбом Crime of Passion музыкі зрабілі яшчэ і канцэптуальным. Уся праца пабудаваная на рамане Фаулза «Калекцыянер», што распавядае пра багатага маньяка, які выкраў і зачыніў у «залатой клетцы» сімпатычную яму дзяўчыну ў надзеі, што рана ці позна тая яго пакахае.

Складана? Складана! Але якая розніца — галоўнае, што прыгожа. Асаблівасць музыкі Belle Morte у тым, што, нягледзячы на сваю вузкажанравасць, яна здольная спадабацца шырокаму колу людзей. Гэта той выпадак, калі варта адсунуць на задні план свае музычныя перавагі, адкрыцца нечаму незвычайнаму і проста атрымаць задавальненне ад добрай музыкі. А для аматараў разгадваць загадкі, перакладаць тэксты і шукаць сюжэтныя лініі гэты альбом увогуле цэлае свята. Він-він сітуэйшн, як кажуць!

Honey Hunters — Cosmic Dreams

Хто такія? Адкуль узяліся? Таямніца, пакрытая цемрай. У гурта Honey Hunters няма сацсетак, і пра іх нічога не вядома, акрамя таго, што яны з Беларусі і ў іх вакаліста жудасны акцэнт. Мы нават не ўпэўненыя, што альбом называецца менавіта Cosmic Dreams. Але не напісаць пра гэты рэліз мы не можам: надта ўжо цёплая і прыемная олдскульная электроніка. Уключыш, і палец потым ужо не падымаецца націснуць на стоп — даводзіцца бліжэйшую гадзіну «адкісаць» пад касмічныя сінтэзатары і лёгкі ненадакучлівы, наколькі гэта магчыма, драм-н-бэйс. Аўтары, адгукніцеся! 2021 год на дварэ — хоць бы старонку ў VK завялі для прыстойнасці!

Ратуемся ад спёкі. Вентылятары ў Каталозе з дастаўкай на дом

Выбор покупателей
напольный, мощность 40 Вт, 3 скорости, управление механическое, таймер, лопасти 40 см, питание: сеть
напольный, мощность 15 Вт, плавная, управление электронное, таймер, пульт ДУ, питание: сеть
напольный, мощность 110 Вт, 3 скорости, управление электронное, таймер, пульт ДУ, лопасти 40.8 см, питание: сеть

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка