1930
28 июня 2021 в 13:25
Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Раман пра хлусню, якая змяняе свет, і раман пра шэрага чалавека ў таталітарнай дзяржаве. Кніжны агляд Onliner

Што адбываецца з чалавекам, калі яго паставіць перад складаным выбарам: уцякаць з радзімы і выратаваць тым самым жыццё альбо застацца і на кароткі тэрмін зрабіцца каралём? Альбо быць шэрай мышкай і жыць незаўважна ў несвабоднай дзяржаве ці рызыкнуць жыццём і паспрабаваць уцячы за мяжу? Выбар невідавочны. Як толькі чалавек патрапляе ў падобную сітуацыю, ён не заўжды прымае рацыянальныя рашэнні. Вось і перад некаторымі героямі раманаў з новага кніжнага агляду Onliner паўстае менавіта такі выбар. 

 

Альгерд Бахарэвіч «Плошча Перамогі»

(Выдавецтва «ЛитРес»)

 

Гэту кнігу пісьменнік выдаў выключна ў электронным фармаце. Такога яшчэ не было, каб Альгердава кніга не з’явілася на паперы. Але гэты крок выкліканы гісторыяй, якая трэці месяц цягнецца з іншай яго кнігай. У красавіку выдавецтва «Янушкевіч» перавыдала кнігу «Сабакі Эўропы», якую надрукавалі ў Літве. Беларускія мытнікі наклад кнігі выдаўцу не аддалі, а адправілі яе на экспертызу. Як высветлілася, раман перадалі ў экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет экстрэмізму. Раман, які ўжо выходзіў па-беларуску, меў некалькі выданняў у Расіі, а цяпер перакладаецца яшчэ і на нямецкую, правяраюць на экстрэмізм. Дзіўна, што ўзяліся за мастацкі, гэта значыць выдуманы, твор. Да сёння выдавецтва не ведае пра рашэнне камісіі, а наклад «Сабак Эўропы» ўсё трымаюць на мытні.

І вось на хвалі гэтага абсурду Альгерд сваю новую кнігу вырашыў апублікаваць у электронных фарматах. Маўляў, у сеціве ні адна камісія не паўстане на шляху да чытача.

«Плошча Перамогі» — псеўдагістарычны раман-прыпавесць. Падзеі ў кнізе разгортваюцца ў часы, калі дзяржавамі кіравалі каралі і ханы. Але галоўнае ў ім не час, у які аўтар змясціў сваіх герояў, а самі героі, іх паводзіны. Таму раман мае ўніверсальнае гучанне, якія б рэаліі ў ім не вывесці. Магчыма, а паралелі заўжды можна правесці, Альгерд думаў акурат пра нашы дні, калі пісаў гэту кнігу.

Дык пра што «Плошча Перамогі»? Пра тое, як адна, здавалася б, маленькая хлусня здольная прывесці да катастрофы.

Лёкса Шпуль — вястун, якога кароль з вайны адправіў дамоў з трагічнай весткай: войска разбіта. Шпуль мусіць з’явіцца раней і папярэдзіць народ, каб рыхтаваўся да хуткай галечы. Але за тыя месяцы, што ішла вайна, рэгент (часовы гаспадар) прыняў закон, згодна з якім вестуна з добрымі навінамі ўзнагародзяць, а з кепскімі — павесяць. А калі хто папярэдзіць вестуна пра гэта, таксама пазбавіцца жыцця. І вось Шпуль вяртаецца ў родны край, а па дарозе заходзіць да лесніка напіцца. Той яму нічога не расказвае пра новыя парадкі, але за Шпулем пайшла леснікова дачка. Яна і папярэдзіла вестуна.

«Я хачу ўратаваць цябе, — сказала яна і легла ў траву. — Проста раскажы мне, што гэта такое — бітва. Раскажы — і пабачыш сам, як лёгка параза робіцца перамогай. Калі ты ведаеш таямніцу словаў».

Вястун не зварочвае ў іншы бок, каб уцячы падалей ад сваёй смерці. Ён неаднаразова бачыў смерць на вайне. Шпуль ідзе ў палац і рашаецца схлусіць там, каб тыдзень, які кароль з рэшткамі войска яшчэ будзе дабірацца дамоў, пражыць жыццё паважнага чалавека. Ён паведамляе рэгенту не пра паразу, а пра перамогу ў вайне. І з гэтага ўсё пачынае закручвацца. Цяпер кожнае новае слова выклікае змены ў цэлым каралеўстве (горадзе-каралеўстве).

Альгерд Бахарэвіч часта стараецца канцоўку кнігі зрабіць не такой, як чакае чытач. Калі ты ўяўляеш, чым усё можа скончыцца, прачытаўшы палову кнігі, аўтар раптам разварочвае сюжэт у іншы бок. Так і з «Плошчай Перамогі». Калі вы думаеце, яшчэ нават не ўзяўшыся за раман, што кароль вернецца і выкрые хлусню, то не. У Бахарэвіча так проста не бывае.

Купіць кнігу

Герта Мюлер «Сёння я не хацела б з сабой сустракацца»

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

 

Ужо з назвы кнігі зразумела, што гэта няпросты твор. Такі ж няпросты, як і лёс самой Герты Мюлер. Пісьменніца нарадзілася ў сацыялістычнай Румыніі, а яе маладосць прыпала на часы дыктатуры Чаўшэску. Яна паходзіць з нямецкамоўнай меншасці Румыніі, і ў канцы 1980-х Мюлер выехала ў Германію. Але да выезду адчула на сабе ўвесь цяжар жыцця ў таталітарным грамадстве. Гэты досвед і лёг у аснову некаторых яе кніг, у тым ліку і рамана «Сёння я не хацела б з сабой сустракацца». Мюлер, дарэчы, атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2009 годзе. Не абы які аўтар і не абы якая літаратура.

Кніга Мюлер расказвае пра маладую жанчыну, якая едзе на допыт. «Мяне выклікаюць. На дзесяць нуль-нуль у чацвер. Мяне выклікаюць усё часцей: на дзесяць нуль-нуль у аўторак, на дзесяць нуль-нуль у суботу, у сераду альбо панядзелак. Гады быццам ператварыліся ў тыдзень, мяне ўжо здзіўляе, што за схілам лета хутка зноў надыдзе зіма», — такі пачатак у рамана. Пагадзіцеся, сустрэнеце падобны допіс у сацыяльных сетках у каго са знаёмых — абавязкова ўспрымеце як праўду.

Але ж пакуль гэта праўда для гераіні. Яна сядае ў трамвай, дабірацца паўтары гадзіны. І пакуль яна едзе, прыгадвае, як праходзілі папярэднія допыты, якую агіду выклікаюць у яе пацалункі ў руку маёра Альбу пры кожнай сустрэчы, як ён нібы далікатна, але з сілай сціскае яе пальцы. Яна прыгадвае свайго першага мужа, якога чакала, пакуль той служыў, але так і не стала з ім блізкай пасля яго вяртання з войска. Разважае пра другога мужа, які штодня напіваецца, але побач з якім ёй у цэлым цярпіма. Альбо пра сяброўку, якая загінула пры ўцёках у Венгрыю...

За што ж гераіню выклікаюць на допыты? Яна працавала на фабрыцы, на якой шылі адзежу, часам для заходніх краін.

«Я задумала выйсці замуж на Захад і засунула ў дзесяць задніх кішэняў па маленькай паперцы: Ti aspetto, маё імя і адрас. Падыдзе першы-лепшы італьянец, які адгукнецца… Замест італьянца мне дастаўся маёр», — расказвае сваю гісторыю жанчына. Ti aspetto па-італьянску абазначае «чакаю цябе». Яна хацела выйсці замуж, каб з’ехаць з Румыніі. Але нехта з работнікаў данёс на яе, і пачалося.

Раман нібы пра адзін дзень з жыцця гераіні, але ў гэты дзень змяшчаецца цэлае жыццё жанчыны. Кніга Мюлер — не пра сюжэт, а пра паводзіны людзей. І гэтым яна блізкая з кнігай Бахарэвіча «Плошча Перамогі». Маленькі чалавек у цэнтры ўвагі вялікай дзяржаўнай машыны. Таталітарнай дзяржавы. Што з ім адбываецца, якія рашэнні ён прымае? Пра гэта і раман Герты Мюлер.

На беларускую мову кнігу пераклала Вольга Гронская. Між іншым, гэты твор Мюлер яшчэ не выходзіў па-руску.

Купіць кнігу

Карлас Шэрман «Блуканец»

(Выдавецтва «Медысонт»)

 

У тых, хто цікавіцца беларускай культурай, не выклікае сумневаў тое, што Карлас Шэрман зрабіў у яе вялікі ўнёсак. Ён нарадзіўся ў 1934 годзе ў сталіцы Уругвая ў сям’і заходнебеларускага эмігранта-яўрэя, а ў Беларусь упершыню трапіў у 1956 годзе. І з таго часу яго жыццё і творчая дзейнасць былі непарыўна звязаныя з нашай краінай. Шэрман амаль паўстагоддзя жыў у Беларусі і многае для яе за гэты час зрабіў.

Спачатку працаваў на запалкавай фабрыцы, потым у кнігарні, а вывучыўшы беларускую мову, стаў своеасаблівым мастком паміж беларускай і лацінаамерыканскай культурамі. Менавіта Шэрман даў беларусам магчымасць чытаць на роднай мове Габрыэля Гарсія Маркеса, паэтаў Іспаніі і Лацінскай Амерыкі. У той жа час іспанамоўныя чытачы змаглі пазнаёміцца з творамі Янкі Купалы і Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава, а таксама іншых беларускіх аўтараў.

Своеасаблівым падсумаваннем літаратурнай і праваабарончай дзейнасці Карласа Шэрмана стала кніга «Блуканец», якую падрыхтаваў да друку Беларускі ПЭН-цэнтр. Менавіта з гэтай арганізацыяй была шчыльна звязаная яго праца ў Беларусі і за яе межамі: у 1989—2001 гадах Шэрман быў віцэ-прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра, быў адным з яго заснавальнікаў і сышоў з пасады ў сувязі з кепскім здароўем.

Гэтыя мемуары пісаліся ў 2001—2004 гадах у Мінску і Крысціянсандзе (Нарвегія), дзе Шэрман жыў і лячыўся ў свае апошнія гады. Ён прыгадвае плённыя часы працы ў Беларусі, якая сапраўды стала для яго радзімай. Цікавыя гісторыі з міжнародных камандзіровак чаргуюцца з гісторыямі пра літаратараў і лірычнымі адхіленнямі, у якіх Шэрман разважае пра становішча пісьменнікаў у беларускай дзяржаве, пра палітычны рух канца мінулага стагоддзя, ролю паэта на зямлі і многія іншыя рэчы.

«Мой бацька даўно адышоў, як і маці, яны і пакінулі мне драматычную дылему жыцьця спаміж двух моцных магнітных палёў, якія разьдзіраюць душу штодня, імя якім — радзіма і бацькаўшчына, паўстанцкі дух і дух талерантнасці, змаганьне і амаль абыякавасьць. Гэтак я жыву, сярод сваіх і чужых, адчуваючы, што шаную адных і другіх, бо жыцьцё адабрала права выбару, і мая самасьць мае два берагі, ня здольныя зьяднацца, як бясконцыя паралелі жыцьця і сьмерці».

Вельмі часта ў кнізе згадваецца імя Васіля Быкава, з якім Шэрман быў у сяброўскіх адносінах і паспрабаваў паказаць чытачам, што насамрэч Быкаў не быў нелюдзімым ці сквапным на эмоцыі, але такі склаўся ў яго вобраз. Шэрман жа называе Быкава пяшчотным і вясёлым чалавекам, які не вельмі любіў публічнасць і заўсёды дапамагаў сябрам.

Дзякуючы кнізе «Блуканец» мы можам зазірнуць на творчую кухню таленавітага пісьменніка і перакладчыка, які нарадзіўся так далёка ад Беларусі, але арганічна ўпісаўся ў нашу культуру і стаў яе неад’емнай часткай.

Купіць кнігу

Фелікс Акерман «Аўташкола па-віленску»

(Выдавецтва «Логвінаў»)

 

Нямецкі гісторык і гарадскі антраполаг Фелікс Акерман вырас ва Усходнім Берліне, але жыццё закінула яго ў іншую частку Еўропы: ён пабываў у Польшчы, Літве і нават Беларусі. Пісаў пра гісторыю Гродна мінулага стагоддзя, і настолькі захапіўся нашай краінай, што нават вывучыў беларускую мову.

У 2011 годзе ў якасці запрошанага вучонага Фелікс трапіў у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні і напісаў пра гэта кнігу. Перад тым як перавезці ў Літву жонку і дзяцей, Акерман паўгода здымаў пакой у 86-гадовай актрысы Алдоны, жонкі заслужанага артыста Літоўскай ССР.

Вялікая частка кнігі прысвечана цікавым бытавым рэчам, якія напаткалі гісторыка ў Літве. Ён расказвае пра незвычайны міжнацыянальны і шматмоўны дзіцячы садок, у які трапілі яго дзеці, спрабуе вывучыць літоўскую мову, і многія гумарыстычныя гісторыі ў кнізе звязаныя акурат з моўным бар’ерам.

Акерману хацелася часцей практыкаваць літоўскую, але літоўцы, з якімі ён камунікаваў, не мелі столькі вольнага часу, каб зразумець Фелікса, таму пераходзілі на больш даступныя яму англійскую ці рускую мовы. Адна калега патлумачыла яму гэта такім чынам: «Калі ты спрабуеш гаварыць па-літоўску, я ніколі не ведаю, што ты маеш на ўвазе. У адрозненне ад расейскай мовы».

Актрыса Алдона пэўны час рабіла выгляд, што можа размаўляць выключна па-літоўску. Падобныя паводзіны можна часта заўважыць у літоўцаў, калі звярнуцца да іх па-руску ў якасці турыста. Але бытавыя пытанні прымусілі жанчыну адысці ад сваёй прынцыповасці: «Спантанна я паспрабаваў: „А может, по-русски?“ Алдона падціснула вусны, зморшчыла лоб і неахвотна адказала: „Ну если уже совсем надо“».

Фелікс не здаваўся і працягваў вучыць мову, каб яго дзецям, якія дзякуючы мясцовым навучальным установам ужо маглі добра паразумецца па-літоўску, не было сорамна за бацькоў у краме. Асобная вялікая частка кнігі — эпапея, звязаная з атрыманнем пасведчання кіроўцы, у гонар якой і названая кніга. Няпроста жыць без машыны ў чужой краіне, калі ў цябе трое дзяцей, і Фелікс увязваецца ў авантуру з атрыманнем правоў.

Таксама Акерман, як сапраўдны акадэмічны вандроўнік, расказвае пра падарожжы ў межах Еўрапейскага саюза, пра асаблівасці менталітэту жыхароў розных краін, дзе яму давялося жыць. Шмат у творы згадак і пра Беларусь, бо ЕГУ, куды Фелікса накіравалі працаваць, быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, а ў 2004 годзе яго дзейнасць была забаронена беларускімі ўладамі. Універсітэт быў вымушаны пераехаць у Вільню, дзе працуе і цяпер. Менавіта гэтай навучальнай установе і прысвечана большая частка кнігі, і яна можа падацца менш цікавай людзям, якія не вельмі абазнаныя ў тэме і там не вучыліся. Акерман расказвае пра асаблівасці функцыянавання ЕГУ, пра розныя скандалы, звязаныя з яго кіраўніцтвам, пра акадэмічныя недахопы гэтай установы.

У цэлым атрымалася цікавая і разнастайная кніга пра Літву, ЕГУ і пэўны перыяд жыцця аднаго нямецкага гісторыка.

Купіць кнігу

Ратуемся ад спёкі. Вентылятары ў Каталозе з дастаўкай на дом

напольный, мощность 50 Вт, 3 скорости, управление механическое, лопасти 40 см, питание: сеть
напольный, мощность 110 Вт, 3 скорости, управление электронное, таймер, пульт ДУ, лопасти 40.8 см, питание: сеть
настольный, мощность 30 Вт, 3 скорости, управление механическое, лопасти 28 см, питание: сеть

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны
Без комментариев