36 722
30 мая 2021 в 9:00
Источник: Аляксандр Чарнуха. Фото: Ганна Іванова

«Металісты — гэта ж нейкія страшныя дэманы!» Праўдзівая гісторыя ўзлёту і падзення галоўнай беларускай субкультурнай тусоўкі

Источник: Аляксандр Чарнуха. Фото: Ганна Іванова

Дзесяць «валасацікаў» становяцца спіна да спіны, намотваюць на рукі вайсковыя кляпаныя рамяні. Свішча кроў. Гопнікі з Дражні, сілаю ў сем разоў пераўзыходзячы саперніка, у паніцы бягуць уроссып. Доўгі час сталічны металіст пачуваў сябе недатыкальным, а на канцэрты экстрэмальных гуртоў у перапоўненыя залы набівалася пару тысяч «валасатых чарцей». Сусветная вядомасць і начоўкі на здымных кватэрах, п’яны ўгар і танцы ля скрынь з танным віном. Камедыя і трагедыя наймацнейшай мінскай тусоўкі — у матэрыяле Onliner. 

Упершыню гэты тэкст быў апублікаваны ў 2015 годзе, але гэта ніяк не паўплывала на яго актуальнасць. Усё, пра што тут напісана, з’яўляецца часткай нашай гісторыі. Гісторыі буйной тусоўкі нефармалаў, якая квітнела ў Беларусі 90-х і працягвае існаваць зараз. Некаторых людзей, пра якіх ідзе гаворка ў тэксце, ужо няма на гэтым свеце. Некаторыя з’ехалі з краіны. Але музыка жыве і не мае ніякіх межаў.


У сярэдзіне васьмідзясятых на агароджах побач з традыцыйнымі абсцэннымі філалагічнымі вынаходкамі сталі з’яўляцца загадкавыя надпісы, якія сведчылі пра нараджэнне новага субкультурнага слоя. У Мінску сфарміравалася некалькі тусовак: Metal Boys, Metal Wolfes, Metal Gods, Killer Club, Lucifer Friends. Першыя, як распавядаюць відавочцы, мелі большы аўтарытэт — ад іх нават паспелі адгалінавацца пераемнікі — Young Metal Boys. У беларускай сталіцы пачалі ўзнікаць метал-гурты, самым яркім і даўгавечным з якіх становіцца калектыў «Тарнада» на чале з харызматычным вакалістам Ангусам.

Людзі жартуюць: «Калі ты не граеш трэш, то ўвогуле незразумела, хто ты і навошта», маючы на ўвазе тагачасную музычную моду на экстрэмальны стыль. Да канца васьмідзясятых метал настолькі прасунуўся, што прадстаўнік гэтага бясстрашнага саслоўя ў Мінску выглядаў каралём.

— Я іду па вуліцы ў джынсоўцы, скураных штанах з кляпаным рэменем і ў белых красоўках, — узгадвае Сяргей Скрыпа Скрыпнічэнка. — На дварэ 1988 год. Я чуюся апрычнікам — вышэй толькі мянты. Людзі пазіраюць на мяне і думаюць: «Гэтыя металісты — яны ж нейкія страшныя дэманы!»

У канцы васьмідзясятых метал-тусоўка для Скрыпы толькі распачыналася. Гэта пазней ён ператварыўся ў выбітную постаць на лакальнай сцэне і арганізатара шматлікіх канцэртаў. Тады ж узнікала так званая другая хваля, што ў глабальным сэнсе дала жыццё феномену пад назвай «беларускі метал».

— Усё бярэ пачатак з першых гадоў перабудовы. Метал слухалі і дагэтуль, і пасля. Але менавіта ў той час выразна аформілася субкультура, — успамінае Скрыпа. — І ва ўлад паўстала пытанне: «Хто яны і чаго хочуць?» У галаве чынуш не тоўпілася, як гэта чалавек проста слухае музыку пэўнага стылю. Бо логіка такая: калі людзі яднаюцца ў гурты, значыць, яны выходзяць з-пад кантролю. У таталітарнай сітуацыі гэта быў трывожны сігнал. Але людзі не ставілі ніякіх мэт, і гэта цалкам разрывала шаблон.

Ажно да пачатку дзевяностых на «валасаціка» ў скуры і жалезе насцярожана пазіралі, а хлопцы з ускраіны заўсёды трымалі напагатоў кулакі, калі сустракалі «не такога, як усе». Праўда, металіст быў не лыкам шыты.

— У той час у нас з’явілася афігеннае ноу-хау — кляпаны рэмень, які не згадваўся ў аніводным законе і нават не апісваўся, — усміхаецца Скрыпа. — Бралі звычайны афіцэрскі рэмень і ў тры рады праганялі яго круглымі клёпкамі па 12—15 міліметраў — ножкамі сумак. Мая аднакласніца працавала на Мінскай фурнітурнай фабрыцы. Дзякуючы гэтаму яна валодала пэўным статусам і магла патрабаваць больш за іншых дзяўчат, бо мела выхад на клёпкі, а гэта было для нас нібы жэмчуг для піратаў. Такі рэмень пры належным абыходжанні ператвараўся ў досыць сур’ёзную халодную зброю для самаабароны, да таго ж вылучаўся адной добрай уласцівасцю: ён раздзіраў скуру, траўма была вельмі лёгкая, але выглядала жахліва. Кроў свішча — здаецца, што чалавеку паўкумпала знесла. Аднойчы ў Дражні металісты прыйшлі на дыскатэку, па класіцы жанру паўстаў канфлікт з мясцовымі калдырамі. Тыя схапіліся за калы: «Хадзем, валасацікі, па раза́х!» Валасацікі сталі спіна да спіны, наматалі рамяні, разы па тры ўжарылі — усе ў крыві. А суадносіны сіл былі 10 супраць 70. 

У канцы васьмідзясятых адбылася маштабная амністыя, і горад напоўніўся былымі зняволенымі. Тагачаснае Траецкае прадмесце, прыгадваюць, людзі абыходзілі бокам: там засядалі «сінія». А па горадзе сноўдалі хлопцы, што папросту маглі запатрабаваць зняць джынсы-«варанкі».

— У той час былі банды, якія ўмоўна падзяляліся на два тыпы: поўныя самачыншчыкі і не самачыншчыкі. Ты ідзеш у «варанках», да цябе падвальваюць і загадваюць: «Здымай штаны». Ты здымаеш — інакш цябе проста адкалашмацяць. Поўныя самачыншчыкі забіралі і сыходзілі, а не самачыншчыкі даставалі з сумкі савецкія трэнікі і аддавалі замест «варанак». Маўляў, хлопец, нічога асабістага, мы да цябе, увогуле, па-добраму, — распавядае Сяргей.

Да 1992 года раздражненне ў адносінах да прадстаўнікоў субкультурнага руху сышло: распаўся Савецкі Саюз, павялічыліся інфармацыйныя плыні, знік дэфіцыт. Калі раней моднікам даводзілася абыходзіцца спадручнымі сродкамі або знаходзіць вопратку ў фарцоўшчыкаў, то цяпер любую рэч можна было набыць самому — усё залежала ад жадання і фантазіі. У Мінску роўнымі шэрагамі ад плошчы Незалежнасці да Усхода выраслі чырвоныя шапікі, у якіх ажно да 1993 года прадавалі ў тым ліку алкаголь. Там, кажуць, можна было знайсці ўсё што заўгодна. За якасць, праўда, ніхто не мог паручыцца, затое пры жаданні ўдавалася «выцыганіць» нават белыя «айранмэйдэнаўскія» красоўкі. А яшчэ можна было з’ехаць у Польшчу і прывезці адтуль «касуху» са скурзама — па намінальным кошце, а не набытую ўтрая даражэй у мінскіх перакупшчыкаў.


У 1993-м Скрыпа вярнуўся з арміі і ўладкаваўся на працу ў Музей нацыянальнай архітэктуры і побыту. У тыя гады ўсе, што называецца, «круціліся». Хтосьці падпрацоўваў грузчыкам, хтосьці спрабаваў зарабіць дробным прадпрымальніцтвам. У Сяргея на той час была свая рэпетыцыйная кропка — сутарэнне ў доме на Сурганава. Такія падвалы звычайна знаходзілі студэнты-музыканты, абклейвалі кардонкамі для яек і па магчымасці ўпрыгожвалі сціплай апаратурай. Рэпеціравалі, пакуль не выганялі жыхары. Пасля шукалі новае месца. Вакол такіх кропак звычайна і віравала тусоўка.

— У музеі я пазнаёміўся з Косцем Мозыравым, ён іграў у тады яшчэ маладым гурце Pathologist Department. Разгаварыліся. Высветлілася, у яго ёсць апарат. Як кажуць, карты сышліся, і я запрасіў яго да сябе на кропку, — вядзе аповед Скрыпа. — Стаяла лета, і мы ўсе тры месяцы прасядзелі ў гэтым падвале. Там і п’янствавалі. Але на першым месцы заўсёды была музыка. Існавала непарушнае правіла: да рэпетыцыі ніякага алкаголю, а ўжо пасля адрываліся на поўную. Мы маглі сабрацца ў пятніцу пасля рэпетыцыі і паехаць на «Панікоўку». Там са 100 прысутных 70 дакладна будуць знаёмыя, 40 з іх маюць грошы. У выніку ўсім добра. Маглі падацца на плошчу Якуба Коласа ці да сцяны Цоя. То-бок ніякай прывязкі да месца, апрача рэпетыцыйнай кропкі, не было.

Пазней Скрыпа вырашае заняцца арганізацыяй канцэртаў. Пляцовак не зашмат, але на дапамогу прыходзіць крызіс айчыннага «Кінавідэапраката».

— «Кінавідэапраката» ў сярэдзіне дзевяностых не існавала, а многія кінатэатры прыватызаваліся працоўнымі калектывамі, — тлумачыць Сяргей. — Уласнасць ёсць, але як зарабіць? Вось, напрыклад, у Грушаўцы быў кінатэатр «Авангард». На другім паверсе рэпеціруе «Крама», у фае на пяць метраў у вышыню стаяць скрыні з кансерваваным гарошкам і «чарнілам» у тары па 0,5. Людзі займаюцца гандлем, і, калі ты прапануеш ім арандаваць вольную залу, радасці няма межаў. Дык нейкія «валасацікі» кажуць: «Мы хочам зладзіць канцэрт, тут будзе свавольства, але за бяспеку адказваем». Арэнду можна было «заламаць» любую: гэта не той выпадак, калі цанаваліся. Вядома, сітуацыя для ўласнікаў спачатку няпэўная, але потым мінуе канцэрт-другі, і яны спакайнеюць. Так, сто ўпіраў стаяць на галаве, але ж наступствы мінімальныя, ды яшчэ і грошы плацяць. Мы джэнтльмены, з намі можна мець справу!

Джэнтльмены выкарыстоўвалі самыя смелыя схемы. Выпускалі квіткі, рэгістравалі іх у падатковай, рэалізоўвалі праз касу тры штукі, а астатняе прадавалі з рук. У падатковай справаздачыліся за тры прададзеныя білеты і атрыманы прыбытак пускалі ў абарот. Тым не менш уласнікі «Авангарда» заўжды былі задаволеныя сваімі партнёрамі.

— Перад адным канцэртам «Авангард» закупіў партыю «чарніла», а фае выкарыстаў як склад. І нам кажуць: «Слухайце, тут партыя віна... А мы да вас сапраўды добра ставімся... Сюды ж зараз прыйдзе дзве сотні ўпіраў, а тавар няпросты...» Паабяцалі вырашыць пытанне, — працягвае Сяргей. — Я зрабіў усё вельмі хутка. Заходзяць у кінатэатр людзі, шмат хто ўжо ўкураны або паддаты, купляюць квіткі, я іх збіраю ў групы і праводжу сеанс унушэння: «Хлопцы, вось гэта бухло — рэч надзвычай панадлівая. А гэта кінатэатр, які гандлюе ім і дае нам пляцоўку, каб ладзіць гэтыя канцэрты. Таму бяспека віна — наш агульны інтарэс». На цябе глядзіць дваццаць рыл, палова наогул дрэнна разумее, што я кажу. Зала стаіць на вушах, усе лётаюць у прыбіральню паліць «мар’ю іванаўну», усе п’яныя. Але да скрынь ніхто не дакрануўся пальцам! Вось гэта ўзровень самасвядомасці.

Пра канцэрты даведваліся з анонсаў на радыё і з афіш. Клеілі іх цішком: якраз у той час выйшаў закон, які зрабіў не ўзгодненую з уладамі расклейку нелегальнай. Таму музыкі, што часта займаліся ўпрыгожаннем гарадскіх пейзажаў афішамі, напаўнялі бутэльку клейстарам і майстравалі звычайную «аблівачку», прасвідраваўшы ў корку дзірку. Так можна было максімальна хутка прыляпіць афішу і сысці незаўважаным.

Лічылася, што для лакальнага канцэрта будзе досыць 150200 афіш на буйных перасадачных прыпынках і ў метро. Для канцэртаў замежных гуртоў патрабавалася ўжо каля 400 афіш. Адным з такіх канцэртаў было выступленне чэшскага гурта Krabathor.

— Іх менеджар Пятро прывёз гурт на сваёй машыне. На «Жыгулях»! Яны прыехалі ў Мінск сваім ходам, а ў райдары па жыллі ў іх значылася «памяшканне, дзе змесцяцца спальныя мяшкі». Гурт з сусветным імем завітаў у Мінск са сваімі мяшкамі! «Хлопцы, мы самі з савецкага блока. Нічога нам не тлумачце», — папярэдзілі яны, — смяецца Сяргей. — Дамовіліся, што ў пэўны час яны будуць чакаць нас на плошчы Незалежнасці (тады на ёй была стаянка). Яны так і казалі: «Нам нічога не трэба. Проста пакажыце, дзе пераначаваць і паесці, выпіць купіць». Пытанне зорнасці наогул не стаяла, людзей цікавілі іншыя рэчы. Якая зорнасць? Табе піша чалан з Капенгагена пра тое, што прадаў 20 тваіх касет. Гэта поспех!


Складваецца так званая другая хваля беларускага метала. На мяжы дзесяцігоддзяў з’яўляюцца знакавыя для Беларусі гурты Exhumator, Pathologist Department, Gods Tower.

Канцэрт з удзелам мясцовага калектыву можа сабраць да дзвюх тысяч чалавек. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць СМІ: у Беларусі выпускаецца культавы часопіс Legion...

...рэгулярна піша пра цяжкую сцэну «Музычная газета»...

...беларускія экстрэмальныя гурты паказваюць па тэлебачанні...

...на радыё выходзяць праграмы «Дзеці падзямелля» Германа Бабкіна, Massa Brutto Аляксандра Літвінскага. А Уладзіслаў Бубен вядзе «Закінуты свет».

— Другая хваля была надзвычай магутная, — дзеліцца ўспамінамі музыкант, радыёвядучы, выкладчык МДЛУ Уладзіслаў Бубен. — Калі ў васьмідзясятыя ў Мінску збіраліся залы на 500—700 чалавек, то ў дзевяностыя народу тут пабольшала. Спецыяльных пляцовак не існавала, таму канцэрты праводзілі ў ДК, актавых залах навучальных устаноў, ФАКах.

Пасля аднаго з такіх канцэртаў у ФАКу ля Ангарскай адбылося надзвычайнае здарэнне. Пераўзбуджаныя металісты, якія вярталіся з выступлення Exhumator і Pathologist Department, у запале пашкодзілі некалькі тралейбусаў.

— Натоўп быў настолькі натхнёны музыкай, што адбылося нейкае масавае псіхічнае заражэнне. Узнікла такое яднанне людзей, такое вар’яцтва! Я лічу, што гэта быў адзін з найлепшых лакальных беларускіх метал-канцэртаў, — перадае свае ўражанні Уладзіслаў. — Нядаўна мы выступалі ў адным з мінскіх клубаў. Мой сябар ладзіў там перформанс: скакаў, бегаў, качаўся па падлозе, пішчаў, крычаў. А я пад гэта выкарыстаў мінімал-тэхна з нейкімі шумамі. Увогуле, нічога незвычайнага, усё досыць міла. І тут прыбягае дырэктар, пачынае крычаць, пагражаць выклікаць міліцыю. Высветлілася, што ў гэтым клубе стала праводзяцца панк-канцэрты. І тут я здзівіўся: «Хлопцы, якія панк-канцэрты, калі два чалавекі за сорак здолелі вас так напалохаць? Навошта наогул такі панк?» У мастацтве, калі гэта экстрэмальная музыка, мусіць прысутнічаць нейкая атракцыя, выклік грамадству, устаялым поглядам. А зараз канцэрты такія, нібыта пенсіянераў з дома састарэлых прывезлі паслухаць ансамбль баяністаў.

Уладзіслаў займаўся прамоўшнам дзясяткаў беларускіх гуртоў, некалькі гадоў працаваў над перадачай «Закінуты свет» і зладзіў каля 20 аднайменных фэстаў. Кажуць, «Закінуты свет» быў самай ліберальнай праграмай у гісторыі беларускага радыёвяшчання, а ад таго, што адбывалася ў эфіры, іншы раз валасы ўставалі дыбарам.

— Да мяне на радыё прыходзілі зусім розныя людзі, досыць дзіўныя. У параўнанні з імі Саша Кулінковіч з «Нейра Дзюбеля» выглядаў інтэлігентам. Такой дэмакратыі нідзе і ніколі ўжо больш не будзе. Часам казалі такія рэчы, якія нават «запікаць» не атрымлівалася, а я сядзеў пахаладнелы, — успамінае Уладзіслаў. — Дзевяностыя — гэта атмасфера рэвалюцыі з усімі вынікаючымі. Ведаеце, гэта неапісальна. Там проста трэба было быць, каб зразумець, што адбываецца. У клубе «Рэзервацыя», да прыкладу, чалавек праз алкагольную ці наркатычную перадазіроўку мог зваліцца на падлогу, яго выносілі да ўваходу, пасля за ім прыязджала хуткая. Натоўп дурэе, побач нехта распаўсюджвае самвыдатаўскія часопісы. Гэта ўжо не вернецца, і, уласна, не трэба, каб яно паўтаралася. 

У дзевяностыя ў Беларусі адбывалася прыкладна тое ж, што і падчас рэвалюцыі хіпі ў ЗША. Людзі атрымалі свабоду і зразумелі: усё залежыць толькі ад іх, яны могуць рабіць усё што хочуць. Для некаторых гэта стала занадта вялікім цяжарам. Памёр ад перадазіроўкі наркотыкамі вакаліст гурта Exhumator Вадзім Акімаў — дасведчаны, добры чалавек, з якім у мяне былі выдатныя стасункі. Загінуў ад наступстваў наркотыкаў Валодзя Мулявін — малодшы, які выступаў бас-гітарыстам у гурце Barfly’s Dreams. Ён быў неверагодна таленавіты, як і яго бацька: іграў на многіх інструментах, быў выдатным аранжыроўшчыкам…


Перыядычна ў металістаў паўстаюць праблемы з уладамі. У 1998 годзе Камітэтам па справах рэлігій быў адменены беларускі фэст Extremum.

У тым жа годзе пачаліся складанасці ў арганізатараў феерычнага мінскага канцэрта Cannibal Corpse: пасля падзеі знікла дзяўчына, і падазравалі, што яна стала ахвярай рэлігійнага культу. Як высветлілася пазней, у загінулай былі сур’ёзныя праблемы з наркотыкамі і нічога агульнага з музыкай яе смерць не мела. Адмяняліся метал-канцэрты ў Магілёве пасля таго, як у горадзе здзейснілі рытуальнае забойства. Здаралася, што расклейшчыкам афіш задавалі чосу мінакі, якія заўважалі на анонсе чарговага канцэрта пентаграму або перавернуты крыж, а часопіс Legion прабіралі ў газеце «Імя».

— Няўжо неўздагад, што ўсё гэта гульня, карнавал і часам нават цырк? Ролевыя гульні, і не трэба думаць: калі чалавек з перавернутым крыжам, то заўтра ён ахвяруе вас на чорнай імшы, — усміхаецца Скрыпа, прыгадваючы гэтыя гісторыі.

Тым не менш менавіта дзевяностыя называюць росквітам беларускага метала. У гэты час свае лепшыя запісы робяць Exhumator і Gods Tower, канцэрты збіраюць рэкордную колькасць «валасацікаў», а падзвіжнікі, сапраўдныя людзі-лэйблы, на ўласныя грошы выдаюць наклады касет і прасоўваюць беларускую цяжкую музыку ва ўсім свеце. Гэта быў час энтузіястаў, якія сваімі справамі фарміравалі сцэну.

— Сярэдзіна дзевяностых — залаты час для беларускай метал-сцэны. Пасля? Любая сцэна выдыхаецца, гэта нармальна. Натуральны прыродны працэс — гэта калі аджывае старое і на яго месцы з’яўляецца новае, — разважае Уладзіслаў Бубен. — Цяперашні парадокс — інтэрнэт. Здавалася б, столькі магчымасцей, але людзі па-ранейшаму мала ведаюць і няшмат чым цікавяцца. Адсюль дзіўная мода на рэтра: моладзь прыходзіць у тышортках Black Sabbath, Accept — гэта ўсё адно што я ў маладосці прыйшоў бы ў майцы Марка Бернэса і дастаў бы пласцінкі Кабзона. Мой бацька ўхваліў бы мяне. Я адсочваю музыку, слухаю новыя запісы, але ствараць нешта сапраўды цікавае працягваюць людзі за 30. Дзе ўся моладзь?


Насця акурат з таго пакалення моладзі. Дзяўчына прыйшла ў «Музычную газету» ў 1998 годзе і назірала ўжо за так званай трэцяй хваляй беларускага метала самай шматлікай і, верагодна, самай паказальнай. Аднак большасці гуртоў, пра якія тады пісала студэнтка МДЛУ, ужо няма.

— У той час уся тусоўка была раскідана па рэпетыцыйных кропках, — успамінае Насця. — Усё было вельмі жвава: пілі, гралі, гутарылі. Напэўна, самая вядомая кропка знаходзілася ля кінатэатра «Цэнтральны». Там рэпеціравалі Vicious Crusade, Aquamorta, і ўсё круцілася вакол таго месца. Гэта быў звычайны падвал: абсталяванне, заднік. Хтосьці рэпеціруе, паралельна ідзе нейкі тусыч — коні, людзі. На іншым пункце рэпеціравалі са сваёй злоснай кампаніяй Morbid Victory. Там таксама кіпела жыццё.

— Бліжэй да канца нулявых музыка канчаткова засталася дома, а ў цэнтры ўжо збіраліся кампаніі — пілі і размаўлялі на «феліксе» або ля «філары». Дакладна магу сказаць: у 2001 годзе я пераехала ў Кіеў, а калі праз тры гады вярнулася, усё было ўжо па-іншаму, — прыгадвае дзяўчына.

Потым з’явіўся інтэрнэт, непасрэдныя стасункі сталі значна радзейшымі. Паступова тусоўка згасла: людзі паабзаводзіліся сем’ямі, атрымалі працу. Ніхто з музыкаў усур’ёз не заявіў пра сябе, хіба што Gods Tower. І калі людзі ўсведамлялі, што выдаткавалі лепшыя гады на музыку, а яна ім нічога не прынесла, гурты знікалі. Таму «старых» цяпер практычна не засталося. Ёсць новыя калектывы, новая сцэна. І ведаеце, мне даспадобы тое, што адбываецца!

Вялікія цвёрдыя дыскі, хуткія SSD і партатыўныя знешнія дыскі — папулярныя мадэлі накапляльнікаў у Каталозе

3.5", SATA 3.0 (6Gbps), 7200 об/мин, буфер 256 МБ, технология CMR
Выбор покупателей
Onlíner рекомендует
1 ТБ, M.2 2280, PCI Express 3.0 x4 (NVMe 1.4), контроллер Samsung Pablo, микросхемы 3D TLC NAND, последовательный доступ: 3500/3000 МБайт/с, случайный доступ: 500000/480000 IOps

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by