9613
02 мая 2021 в 10:00
Источник: Саша Маніту

Дарослы Ціма Беларускіх, слёзатачывыя Nizkiz і экстрым-метал з Мінска. Агляд беларускай музыкі

Ад папулярнага і з’едлівага рэпу да экстрым-металу і альтэрнатывы — мінулы месяц у беларускай музыцы быў незвычайна шчодрым на розныя рэлізы. Мы сабралі для вас усё самае цікавае і смачнае і распавядаем пра новыя працы ЛСП і Цімы Беларускіх, кранальны трэк Nizkiz і іншыя навінкі ад беларускіх музыкантаў.

ЛСП — «Королева бала»

Калі сабраць усе тэксты ЛСП пра дэкаданс і п’янства ў промнях страбаскопа — можа атрымацца важкі томік у цвёрдай вокладцы. Новы сінгл «Королева бала» дакладна дадасць яму яшчэ пару старонак. Гэта сумная гісторыя пра п’яную і адчайную даму, якая шукала ў бары каханне, а знайшла драматычныя прыгоды. Амаль што рэмэйк «Коктейля» ад героя з процілеглым гендарам.

Песня ўвойдзе ў новы альбом Алега, які ўбачыць свет ужо ў гэтым годзе. Улічваючы, што мінулай восенню ў ЛСП выйшла адразу два вялікіх рэліза, прадуктыўнасці рэпера можна толькі пазайздросціць.

Мэвл — «Малолетки»

Уладальнік «Усебеларускай моладзевай прэміі 2019» і голаса Кроша са «Смяшарыкаў» Мэвл усё ж такі вырашыў трохі пасталець. Але не моцна, каб не адпудзіць мэтавую аўдыторыю. Новы сінгл «Малолетки» — гэта ўпэўнены заход на тэрыторыю Макса Каржа. Нават назва на гэта як бы намякае. І падача. І біт...

Увогуле, калі мінулыя хіты артыста накшталт «Патамушки» і «Целовашки» ідэальна падыходзілі для рэйва ў дзіцячым садзе, то новы Мэвл — гэта ўжо як мінімум дыскатэка ў сярэдняй школе. Чарговы саўндтрэк для тых, хто пачаў настальгаваць, яшчэ не паспеўшы пасталець.

Тима Белорусских — «Тебе лучше не знать...»

За нейкія пару месяцаў з хлопчыка-баблгама з крыштальнай рэпутацыяй Ціма Беларускіх раптам пераўтварыўся ў сапраўднага рэпера. З крымінальнай справай на плячах, маленькай дачкой і халоднай вайной з былым лэйблам. Вось ужо каго ў тэмпах сталення дакладна будзе складана дагнаць — вучыся, Мэвл!

На творчасці ўсё гэта, зразумела, не магло не адбіцца. Зараз артыст рыхтуе новы альбом і заклікае фанатаў назаўжды забыцца пра песні для чартаў. Матэрыял ад абноўленага Цімы сапраўды выглядае куды больш дарослым. Гэта ўсё яшчэ рамантычныя песні ад «хлопца з разбітым сэрцам», але цяпер яны не імкнуцца раз’есці твой мозг чарговым дакучлівым прыпевам.

Новы вектар творчасці і раптам падрослы стрыт-крыдыбіліці ўжо зараз прыводзяць да Цімы новых фанатаў. Што ж, галоўнае цяпер — не забываць своечасова адзначацца ва ўчастковага, каб той потым без праблем адпускаў рэпера на канцэрты.

Nizkiz — «Блізка»

Часам у гурта Nizkiz сапраўды атрымліваецца прымусіць мурашак ладзіць забегі па спінах слухачоў. Новы сінгл «Блізка» — пранізлівая песня, якая адлюстроўвае цяперашнія ўнутраныя адчуванні беларусаў з нагоды «зразумела-якіх-падзей». У адрозненне ад летняга кліпа «Правілы», які прабіваў на слязу гонару, «Блізка» — гэта больш пра трывогу, сціснутае сэрца і надзею. Моцна і своечасова. А мінімалістычнае чорна-белае відэа выконвае сваю галоўную функцыю — не адцягвае ад галоўнага месэджа.

J:Морс — «1986»

Здаецца, цяжкія часы натхняюць беларускіх артыстаў на добрыя песні. Новы трэк J:Mорс «1986» прысвечаны гадавіне чарнобыльскай трагедыі. Аднак, відавочна, гэта не адзіны ўзровень падтэксту, які быў закладзены ў кампазіцыю.

На наш погляд, «1986» — адзін з самых моцных трэкаў Уладзіміра Пугача і кампаніі за апошнія гады. Улічваючы даволі нядрэнны лістападаўскі альбом «Здравствуй», можна сказаць, што гурт зараз сапраўды знаходзіцца ў добрай форме. Шкада, што мы, хутчэй за ўсё, не зможам у бліжэйшы час пабываць на жывым канцэрце «морсаў» — з-за даволі адкрытага выказвання Пугачам сваёй пазіцыі з нагоды «зразумела-якіх-падзей».

Molchat Doma — Otveta Net

Molchat Doma рухаюцца ўсё тым жа правераным курсам, што ўжо дазволіў ім аднойчы прымусіць тысячы еўрапейскіх слухачоў пакахаць эстэтыку постсавецкай хтоні. Замагільны голас саліста гурта Ягора Шутко ўсё такі ж замагільны, а сам вакаліст па-ранейшаму выглядае як малады Мулявін. Кліп таксама класічны для гурта: халодныя колеры, абшарпаныя панэлькі, снег і сумныя асобы галоўных герояў.

Наўрад ці Otveta Net стане новым цік-ток-хітом, як гэта было з трэкам «Судно». Хоць шляхі яго алгарытмаў усё яшчэ малазразумелыя... Адно можна сказаць дакладна — гэта па-ранейшаму ледзь не самы якасны пост-панк у СНД. І яшчэ: калі вы ўсё-такі зразумелі, куды ж галоўны герой кліпа цягне ванну — напішыце нам. Мы вось да гэтага часу ламаем галовы.

Dlina Volny — Bipolar

Dlina Volny — адзін з тых гуртоў, пад чыімі кліпамі заўсёды куды больш англамоўных, чым рускамоўных каментароў. Рабяты з’яўляюцца рэзідэнтамі амерыканскага лэйбла з іранічнай назвай Italians Do It Better і робяць музыку ў стылі, які самі апісваюць як «дарк-дыска». Што гэта такое — складана растлумачыць, але гучыць прыгожа. Прапануем вам зацаніць апошні кліп «Валны». Тым больш што выглядае ён неверагодна стыльна і дорага. Галоўная гераіня нават плача ў кадры чорнымі слязьмі, як Білі Айліш, — усё па апошнім піску моды!

Iva Sativa — «Чакры»

Змяшаць хіп-хоп і фолькавыя матывы так, каб песня не гучала як самадзейнасць ад актывіста БРСМ — складаная задача. У маладой мінскай артысткі Iva Sativa гэта, на здзіўленне, атрымліваецца. Яе дэбютны сінгл «Я скакала» гучаў як самы бодры хіп-хоп на мове эва. Новая песня «Чакры» напісана ўжо на рускай, але фірмовыя запеўныя фольк-фішкі Івы засталіся на месцы і гучаць усё яшчэ крута. Быццам бы Бейонсе спявае песні ў купальскую ноч у палескім лесе. Гэта як мінімум незвычайна!

Демпо — «Когда-нибудь»

Калі вы ведаеце, што такое «новая гітарная хваля», і можаце без адмысловай натугі ўспомніць хаця б палову лайн-апа фестываля «Боль» — вось вам новы рэліз гурта «Демпо». Летуценны ракешнік для скейтбордынгу і ранішніх паездак на электрычках. Трохі пра самавызначэнне, трохі пра палітыку, трохі пра каханне. Увогуле пра ўсё і ні пра што канкрэтна, але бадзёра і моцна, як кава нашча.

Massen — Contraesthetic

Ёсць у нашай барсетцы і сёе-тое для аматараў «міто-о-олу»! Альбом Contraesthetic ад банды Massen — крыніца першароднага «цежаляка», дзе бочка з карданам стукае мацней, чым сардэчка ў заўсёднікаў мінскіх рэйваў пад стымулятарамі. Наяўнасць скрыпкі надае меладычнасці і стварае ўражанне, быццам бы ты слухаеш саўндтрэк да метал-рэмэйка «Валадара кольцаў», дзе ролі Фрода і Сэма выконваюць вакалісты Slayer і Cannibal Corpse.

Mission Jupiter — Confession

Гурт Mission Jupiter называе свой стыль «дрым-рокам». Тэхнічна такога жанру нават не існуе, але на практыцы пры праслухоўванні іх новага альбома Talk To Me разумееш, што падабраць больш дакладнае вызначэнне вельмі складана. Пры гэтым прыстаўка «дрым» зусім не азначае, што гэта лёгкая і ненадакучлівая летуценная музыка для загарадных паездак. Наадварот, гэта вельмі моцны альтэрнатыўны рок, дзе ёсць месца і цяжкім рыфам, і касмічным сінтэзатарам, і гіпнатычнаму жаночаму вакалу. Адзін з тых выпадкаў, калі пры праслухоўванні рэлізу некалькі разоў ловіш сябе на пытанні «А яны сапраўды з Беларусі?». Катэгарычна рэкамендуем!



Большие жесткие диски, быстрые SSD и портативные внешние диски – популярные модели накопителей в Каталоге

3.5", SATA 3.0 (6Gbps), 7200 об/мин, буфер 256 МБ
M.2, PCI Express 3.0 x4 (NVMe 1.4), контроллер Samsung Pablo, микросхемы 3D TLC NAND, последовательный доступ: 3500/3000 MBps, случайный доступ: 500000/480000 IOps

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш тэлеграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Источник: Саша Маніту
Без комментариев