5094
03 ноября 2020 в 17:01
Источник: Настасся Занько. Фото: Ганна Іванова

Сёння ў Мінску перапахавалі вядомага беларускага пісьменніка Змітрака Бядулю

Источник: Настасся Занько. Фото: Ганна Іванова

Змітрок Бядуля (сапраўднае імя Самуіл Плаўнік) памёр 3 лістапада 1941 года ў Казахстане. Цягнік з эвакуіраваннымі беларусамі пад'язджаў да Уральска. На станцыі Семіглавы Арол пасажыры павыскоквалі, каб абмяняць свае рэчы на хоць якую ежу. Цягнік павінен быў вось-вось ад'ехаць, Бядуля расхваляваўся, што не паспее, пабег у цягнік. Паспеў, а потым скруціў махорку, два разы зацягнуўся і памёр. Не вытрымала сэрца. Было яму 55 гадоў.

Бядулю хавалі ва Уральску. Як расказаў газеце «Звязда» сын пісьменніка Яфім Плаўнік, якому тады было 7 гадоў, шмат якія сем'і беларускіх пісьменнікаў засталіся тады ва Уральску на пахаванне. Бядулю хаваў тэатр БДТ-2 з Віцебска, які там гастраляваў.

«Абсталявалі развітанне па-тэатральнаму, труна — на чырвоным узвышэнні. Акцёры чыталі творы бацькі. Мяне падштурхнулі, каб я развітаўся... Раптам зрабілася вельмі холадна, хаця восень была цёплая», — расказаў выданню Яфім.

Сваякі Бядулі шэсць разоў спрабавалі арганізаваць перапахаванне яго парэшткаў з Уральска на Беларусь. Аднак не атрымлівалася. Сёлета, праз 79 гадоў пасля смерці Бядулю пахавалі на радзіме, у Мінску на Усходніх могілках.

Перад гэтым са знакамітым паэтам і пісьменнікам развіталіся ў «Беларускай хатцы» — філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Менавіта ў гэтым доме якраз і жыў Бядуля.

«Гэта таксама сімвалічна: чалавек, які жыў у тым доме, з гэтага дома і выправіцца ў апошні шлях. Як быццам пачынаецца новы круг прысутнасці пісьменніка на радзіме, дзе адраджаецца ягоная памяць, дзе пра яго выходзяць кнігі, а напісанае ім вывучаюць у школах», — расказаў «Звяздзе» дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў.

Вы ўсе 100% ведаеце, што напісаў Змітрок Бядуля, бо яго апавяданні ўваходзяць у залаты фонд беларускай літаратуры і вывучаюцца ў школе — гэта «Пяць лыжак заціркі», «На Каляды да сына», «Вялікодныя яйкі» і іншыя. Самыя вядомыя творы Змітрака Бядулі — «Палескія басні», паэмы «Ярыла» і «Жыды», аповесці «Салавей» і «У дрымучых лясах», зборнікі апавяданняў «Незвычайныя гісторыі», раман «Язэп Крушынскі», нарыс «Яўрэі ў Беларусі», казкі «Мурашка Палашка» і «Срэбная табакерка».

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Ёсць пра што расказаць? Пішыце у наш Telegram-бот. Гэта ананімна і хутка