Віктар Марціновіч выдаў новы раман «Рэвалюцыя». Кніжны агляд Onliner

 
1211
0
16 октября 2020 в 11:26
Источник: Наста Карнацкая. Фото: Facebook Віктара Марціновіча

Галоўным раманам Марціновіча дасёння застаецца «Мова». Ён выйшаў шэсць гадоў таму, меў некалькі перавыданняў, выданні на іншых мовах. Ці здзейсніць рэвалюцыю новы раман? Хутка ўбачым. Бо да такой гучнай назвы ў чытачоў ужо завышаныя патрабаванні, улічваючы час, у які твор з’явіўся.

Новы раман Віктара Марціновіча быў доўгачаканым для ўсіх. Папярэдняя кніга «Ноч» выйшла два гады таму — і чытачы хацелі ўжо бачыць штосьці новае. А сам аўтар з гэтым творам жыў ажно дванаццаць гадоў — столькі спатрэбілася часу, каб пачаць яго, павандраваць з ім па свеце, адкласці і нарэшце дапісаць. Кніга аформілася, і зараз мы можам бачыць, чым гэты час жыў пісьменнік.

«Рэвалюцыя» — раман пра неабмежаваную ўладу, але не пра тую, «публічную», як яе называе аўтар. Дзяржаўныя інстытуты, падаткі, міліцыя — гэта не тыя сродкі ўлады, пра якія пойдзе гаворка ў Марціновіча. Сапраўдная ўлада, ці «існая», — нябачная, схаваная ад вачэй выпадковых людзей, закладзеная ў нашых генах. Раман пра масонаў, у кагосьці з’явіцца першая думка. І небеспадстаўна. Менавіта так адразу і будзе здавацца.

Мноства людзей марыць пра ўладу больш, чым пра вялікія грошы, каханне ці вілу на беразе Міжземнага мора. Міхаіл Герман, герой рамана, не супраць атрымаць хаця б матэрыяльныя даброты з гэтага спіса. Ён эміграваў з Беларусі ў Расію і даволі паспяхова замацаваўся ў яе сталіцы: мае кандыдацкую ступень па гісторыі архітэктуры і выкладае ў Маскоўскім еўрапейскім універсітэце. Сябе жартам называе карэнным масквічом і дадае: «Вядома, гэта азначае, што я пераехаў у Маскву каля шаснаццаці гадоў таму. Я пакінуў радзіму, якая здурэла ад страху перад палескім ведзьмаром, які як быццам загіпнатызаваў яе».

Беларусь у творы ўспамінаецца рэдка, але з цеплынёй. А вось маскоўскія вуліцы аўтар апісвае даволі падрабязна і пра горад у цэлым адгукаецца не вельмі прыязна: «Правінцыйнасць і другаснасць Масквы здзіўляла мяне і манерай апранацца, і дзіўным разуменнем панятку „раскоша“, што паўсюль у свеце насамрэч ідэнтыфікуецца як кіч, і замшэлымі брэндамі, якія тут лічыліся прыкметамі „паспяховасці“». Сапраўды, гэта даволі распаўсюджаны вобраз расійскай сталіцы, разам з меркаваннем пра тое, што яна засмоктвае людзей і дазваляе падняцца толькі самым здольным. Слабых адразу паглынае багна. Міхаіл жа здолеў утрымацца наверсе, калі пераехаў, але жыццё падкінула яму выпрабаванне.

Беларус аказваецца ўцягнутым у шэрагі таямнічай арганізацыі, якая нагадвае масонскую ложу. Кіруе ёй Аляксей Нойдэ, апошні генеральны сакратар СССР. Чалавек ужо немалады, але надзелены велізарнымі магчымасцямі. Нойдэ і спрабуе раскрыць Міхаілу сутнасць арганізацыі і даводзіць, што ўсім у свеце кіруе воля да ўлады, як у нямецкага мысляра Фрыдрыха Ніцшэ. Толькі ў сваіх разважаннях Нойдэ заходзіць яшчэ далей і папраўляе немца, што не воля да ўлады, а воля да падпарадкавання іншым людзям.

Дарэчы, арганізацыя аказваецца не масонскай ложай. Праўда, Герман усё адно да канца не разумее яе сутнасці. Хоць і становіцца яе часткай. Але беларус добра засвоіў, што пытацца надта не трэба. Гэты ўрок яму дапамагае прасунуцца па працы ад шараговага выкладчыка да прарэктара, дае статусны аўтамабіль і элітную кватэру. Толькі з гэтымі дабротамі жыцця прыходзяць і абавязкі. Увесь час быць на сувязі і выконваць любыя даручэнні: пагаварыць з чалавекам, даць патрэбныя сведчанні ў судзе і нават забіць каго трэба. Чытаючы, нібыта вяртаешся ў атмасферу дзікіх дзевяностых, калі мацакі ў скураных куртках ездзілі на «стрэлкі» ў вялікіх чорных аўтамабілях.

Магчыма, Герман і рабіў бы далей кар’еру такім чынам, але ёсць адзін фактар, які яго стрымлівае. Канечне ж, гэта жанчына. Воля, як сімвалічна герой яе называе, хаваючы сапраўднае імя. Міхаіл піша лісты ёй, каб растлумачыць каханай усю сітуацыю (пры сустрэчы не атрымалася). Такім чынам, воля да кахання таксама з’яўляецца важнай рухаючай сілай у творы.

Многія людзі адчуваюць павышаны ўзровень трывожнасці ў сітуацыі, калі вымушаныя рабіць нейкі выбар: ад смаку гарбаты ў кавярні да будучай прафесіі. Каб пазбавіць сябе такога дыскамфорту, трэба пазбягаць выбару. А яшчэ лепш, каб нехта гэта рабіў за вас. Так у неспакойныя часы і прыходзяць да ўлады аўтарытарныя лідары: людзям у перыяд нявызначанасці патрэбна рука, якая будзе імі кіраваць. Фактычна пра гэта і новы раман Віктара Марціновіча. «Сапраўдная свабода — гэта падпарадкаванне, гэта калі маеш дазвол выконваць чужыя загады. Бо існая свабода — гэта свабода ад сябе. Ад сумневаў. Ад ваганняў. Ад бяссоння», — у канцы кнігі прамаўляе ўжо Герман.

Марціновічу з «Рэвалюцыяй», можна сказаць, не пашанцавала. Ён выдаў яе позна. Сёння беларускі пратэст, які некаторыя называюць рэвалюцыяй, выдае куды больш цікавыя і не выкарыстаныя іншымі сюжэты. А час тэорыі змовы, сусветнага тайнага ўраду і г. д. прайшоў. Выдай аўтар сваю «Рэвалюцыю» дзесяць гадоў назад, яна б магла зрэзаніраваць з чытачом. Сёння не ведаю, ці шмат хто ў Беларусі ацэніць такую пялевіншчыну. Наш чытач, упэўнена, ад назвы кнігі будзе прагнуць убачыць на старонках сябе, свой бунтарскі двор. Чаканні не супадуць з рэальнасцю. Але гэта ўжо будзе праблемай чытача…

Чаму кніга называецца «Рэвалюцыя»? Калі зараз раскрыць назву, то гэта будзе спойлерам. Прачытаеце кнігу і самі ўсё зразумееце. Дарэчы, па-беларуску раман выйшаў у перакладзе Віталя Рыжкова. Сам Марціновіч анансаваў хуткі выхад кнігі яшчэ па-руску і па-нямецку.

Источник: Наста Карнацкая. Фото: Facebook Віктара Марціновіча
Без комментариев