Назвалі найлепшую беларускую кнігу года. Яе аўтар атрымае 15 000 рублёў

 
1440
0
16 октября 2020 в 12:33
Источник: Наста Карнацкая

У гэтыя дні ў Мінску праходзіць фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova, у рамках якога 15 кастрычніка адбылося ўручэнне Прэміі імя Ежы Гедройца. Прэмія прысуджаецца за найлепшую кнігу ў жанры дакументальнай ці мастацкай прозы, выдадзеную ў папярэднім годзе па-беларуску. Важны дадатак да прэміі — прызавыя ў 15 000 рублёў.

Пра лаўрэатаў і астатніх намінантаў з кароткага спіса мы расказвалі ў папярэднім кніжным аглядзе.

Сёлетнім пераможцам стаў Сяргей Дубавец з дакументальнай кнігай «Тантамарэскі». Узнагароду Дубавец атрымаў з наступнай фармулёўкай ад сяброў журы: «За філасофскае асэнсаванне і праўдзівы паказ супрацьстаяння чалавека і беларускай дзяржаўнай машыны на матэрыяле аднаго судовага працэсу».

Пісьменнік адзначыў, што прэмію разам з ім атрымаў і Алесь Юркойць, адзін з герояў гэтай дакументальнай кнігі, які цяпер знаходзіцца за кратамі ў сувязі са справай аршанскіх мытнікаў. Пра гэты судовы працэс Дубавец і напісаў сваю кнігу. Хаця кніга, канечне, закранае пытанні значна шэрыйшыя, чым толькі справа Юркойця.

Абвяшчаў пераможцу знакаміты польскі пісьменнік Януш Леон Вішнеўскі. Ён прыехаў у Мінск для ўдзелу ў фестывалі Pradmova, дзе будзе прэзентаваны беларускі пераклад яго новага рамана «Канец адзіноты» (пра гэтую кнігу мы таксама расказвалі).

Другое месца забраў Андрэй Адамовіч з кнігай «Песня пра Цімура». Пісьменнік падняўся на адну прыступку ў параўнанні з 2016 годам, калі яго аповесць «Таўсціла і лешч» была ўзнагароджана трэцім месцам. Цяпер жа дыплом лаўрэата ўручаўся Адамовічу з фармулёўкай: «За мужнасць у выпрабаванні трагічнага абсурду жыцця на сабе, сваіх героях і чытачах». Прыз за другое месца — творчы адпачынак у Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў на востраве Готланд (Швецыя) ад Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Трэцяе месца атрымала Зараслава Камінская і яе кніга «Калядны стол». Сябрам журы прыйшліся даспадобы цёплыя сямейныя гісторыі, і дыплом уручалі з наступнай фармулёўкай: «За ўдала знойдзены рэцэпт вяртання да цёплых успамінаў дзяцінства і сямейных каштоўнасцей». Узнагарода для Зараславы — запіс кнігі-лаўрэаткі ў аўдыяфармаце ад Беларускай службы «Радыё „Свабода“».

Трэцяе месца абвяшчаў адзін з мінулых лаўрэатаў прэміі Зміцер Бартосік, які адзначыў, што займацца запісам аўдыёкнігі будзе менавіта ён.

Прэмія Гедройца атрымала сваю назву ў гонар польскага літаратара, які нарадзіўся ў Мінску. Яна ўручаецца з 2012 года. У мінулым годзе лаўрэатам прэміі стаў Ілля Сін з кнігай Libido. Арганізатары Прэміі Гедройца — Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Источник: Наста Карнацкая
Без комментариев