Сёння ў Мінску прайшла адкрытая рэпетыцыя спектакля «Тутэйшыя», якую правялі купалаўцы. «Гэта не прэм’ера, мы пакуль што з галавою ў працы — і гэтым творчым працэсам прагнем падзяліцца з вамі», — адразу зазначаюць акцёры. Журналістам Onliner пашчасціла трапіць на рэпетыцыю, працэсам і ўражаннямі дзелімся з вамі.
Зала на больш як сто месцаў запоўненая. «Амаль як на камернай сцэне!» — адзначаюць арганізатары. Некаторыя гледачы прыйшлі з кветкамі — бы на сапраўдны спектакль. Непасрэдна перад пачаткам гучыць просьба адключыць мабільную сувязь, але ж папярэджання наконт здымання няма.
— Гэты спектакль мы павінны былі сыграць 24 верасня ў нашым тэатры. Але па тэхнічных прычынах прэм’ера не адбылася. Дэкарацый і касцюмаў у нас няма. Прыемнага прагляду! — аб’яўляецца перад пачаткам спектакля.
Сапраўды, акцёры сёння ў нязвыклым для нас выглядзе: у чорных байках і трэніках. Некаторыя — з элементамі арнаменту і тканага вэлюму. Па ходу спектакля дабаўляюцца некаторыя элементы, дарэчныя ў той ці іншай сцэне. Хаця, паводле слоў саміх акцёраў, яны яшчэ з галавой у працы, тэксты сваіх роляў усе чытаюць на памяць. То-бок гэта не «сырая» рэпетыцыя.
«Тутэйшыя» паводле п’есы Янкі Купалы сёння не столькі вяртаюць гледача да мінулага, колькі адклікаюцца ў сэрцы сучаснага грамадзяніна. Разважанні пра тое, ці з’яўляецца беларус чалавекам, хісткасць перакананняў у залежнасці ад таго, хто і колькі плаціць, а таксама моўнае пытанне.
Цікава, што ў спектаклі да галоўнага героя Янкі Здольніка падыходзяць два карэспандэнты (заходні і ўсходні) — паглядзець ды апытаць сапраўднага беларуса. Кожны з журналістаў называе яго імя і прозвішча на польскі або расійскі лад, перадае падзеі на выгадны для свайго боку лад, а пад канец эпізоду адна з гераінь заяўляе: у Мінску сёння амаль не знойдзеш сапраўднага журналіста!
Таксама ў праекце сустракаюцца алюзіі на сучасныя беларускія пратэсты, акцёры нават цытуюць вядомае ўсім «Уважаемые граждане, вы участвуете в несанкционированном массовом мероприятии». Зала рэагуе выбухным смехам і апладысментамі.
Фінал — крывавы, але ж без спойлераў. Пасля, здавалася б, заканчэння на мультымедыйным экране з’явілася відэа альтэрнатыўнай развязкі. Бела-чырвона-белыя палотны ўздымаюцца да нябёсаў пад спевы купалаўскай «Малітвы». Цішыня...
— А ў нас які фінал? — рэзанансным адкрытым пытаннем скончылася адкрытая рэпетыцыя.
Спектакль цягнуўся дзесьці тры з паловай гадзіны. Гледачы апладзіравалі акцёрам значна даўжэй, чым дзве хвіліны і дваццаць секунд.
Напрыканцы на экране з’явілася чорна-белае фота будынка Купалаўскага тэатра, перакрэсленага чырвоным крыжом. На сцэне акцёры, як адзін у чорным, сталі ў счэпку. Здаецца, ніводны глядач не сышоў з рэпетыцыі не пусціўшы слязы.
Адчуванне гістарычнай падзеі.
Нагадаем, легендарны спектакль «Тутэйшыя» рыхтаваўся для гледачоў Купалаўскага ў соты — юбілейны — сезон. Але ж пасля вядомых перыпетый гэта аказалася немагчымым. У 1990 годзе спектакль быў пастаўлены на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы рэжысёрам Мікалаем Пінігіным. З перапынкамі спектакль ішоў на сцэне тэатра да 2010 года.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро