1324
0
30 сентября 2020 в 12:00
Источник: Наста Карнацкая

У Беларусі выбіраюць найлепшую кнігу прозы за год. Кніжны агляд Onliner

Вось-вось уручаць найбуйнейшую літаратурную прэмію — імя Гедройца. З добрым грашовым дадаткам. Расказваем пра кнігі з кароткага спіса прэміі, якія прэтэндуюць на званне найлепшай кнігі года.

Літаратурная Прэмія імя Ежы Гедройца з’явілася ў 2012 годзе і стала самай важнай у сучаснай беларускай літаратуры. Яна ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеную па-беларуску ў папярэдні год. Сёлета поўны спіс намінантаў быў вельмі бедны: усяго 22 пазіцыі. З іх у кароткім спісе журы пакінула толькі шэсць. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 15 кастрычніка. Пераможца атрымае грашовы прыз: 11 тысяч рублёў ад арганізатараў і адну тысячу долараў ад спонсара.

Андрэй Адамовіч «Песня пра Цімура»

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

Андрэй Адамовіч у Прэміі Гедройца не дэбютант: у 2016 годзе яго аповесць «Таўсціла і лешч» прынесла яму трэцяе месца. На гэты раз ён прэтэндуе на прэмію з раманам «Песня пра Цімура». Толькі ці здолее забраць галоўны прыз?

Псіхадэлічная паэма ў прозе і дынамічны шпіёнскі трылер — такое жанравае азначэнне можна сустрэць у анатацыі да кнігі. Галоўны герой — капітан Павел Капейкін, агент беларускага КДБ. Ён атрымаў спецзаданне і выправіўся ў Варшаву, каб там адшукаць таямнічага паэта Цімура Хоміча. У польскай сталіцы на ягоным шляху сустракаюцца многія вядомыя дзеячы беларускай культуры пад прозвішчамі рэальных асоб. Сярод іх, напрыклад, сустрэнеце паэта Віталя Рыжкова, празаікаў Сяргея Календу і Андрэя Горвата, рэжысёра Андрэя Куцілу і многіх іншых. Дарэчы, у адным з інтэрв’ю аўтар адзначыў, што некаторыя літаратары, імёны якіх сустракаюцца ў кнізе, яе прачыталі ў рукапісе «і сказалі „окей“». Да таго ж чытачу неабавязкова ведаць гэтых людзей, бо ад іх у творы толькі імёны. Зразумела, з веданнем асоб чытаць цікавей, але і без яго чытач нічога не згубіць.

Кніга атрымалася вельмі сатырычнай і гумарыстычнай, аўтар сыпле жартамі, і ў яго гэта атрымліваецца даволі ўдала. Але за фасадам гумару хаваецца сур’ёзнае даследаванне беларускай ідэнтычнасці. Не дарэмна падзеі адбываюцца ў Польшчы, краіне, якая ў наш час з’яўляецца даволі папулярным месцам для эміграцыі беларусаў.

Кніга нарабіла шуму ў беларускай культурнай прасторы, наконт яе прыхільна выказаліся крытыкі і чытачы, але былі і кардынальна супрацьлеглыя водгукі. А каб скласці ўласнае меркаванне, трэба, канечне ж, прачытаць кнігу.

Купіць кнігу

Вольга Гапеева «Кэмэл-Трэвэл»

(Выдавецтва «Галіяфы»)

Вольга Гапеева больш знаёмая як паэтка і перакладчыца, аўтарка дзіцячых кніг, але нарэшце яе імя аказалася і сярод намінантаў на Прэмію Гедройца. Яна напісала аўтабіяграфічны раман, які перадусім апісвае яе дзяцінства ў апошнія гады існавання СССР і ў пачатку станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы. Гэта гісторыя жыцця вялікай краіны вачыма маленькай дзяўчынкі.

Вольга нарадзілася ў 1982 годзе, калі да канца існавання савецкай дзяржавы заставалася 9 гадоў. Аўтарка апісвае, як уяўляла гэтую велізарную і неабсяжную краіну своеасаблівай драўлянай рускай матрошкай. А «наяўнасць дзвюх краінаў (БССР і СССР), дзвюх сталіцаў (Мінск і Масква) і двух гімнаў (гімн БССР і гімн СССР)» выклікала ў яе шчырае здзіўленне. У жыцці нібыта існавалі два паралельныя вымярэнні. Магчыма, гэтыя адчуванні былі знаёмыя многім дзецям, якія жылі ў той час у СССР. А можа, не толькі дзецям. Але ж дзеці больш непасрэдныя і шчырыя, таму заўжды цікава знаёміцца з іх поглядам на сітуацыю.

Вольга няшмат увагі надае апісанню самой краіны і яе грамадска-палітычнага ладу, а больш паглыбляецца ўнутр сябе, каб зразумець, якія падзеі ў дзяцінстве паўплывалі на станаўленне яе як асобы. Пісьменніца псіхатэрапеўтычна разглядае дзіцячыя ўспаміны, пераасэнсоўвае іх і шукае карані ўсіх праблем. Яна не ідэалізуе дзяцінства, але кніга атрымалася даволі светлай, з мноствам цёплых настальгічных момантаў.

Раман не вельмі аб’ёмны, але вельмі насычаны эмоцыямі, якія перажываеш разам з аўтаркай.

Купіць кнігу

Адам Глобус «Рысы»

(Выдавецтва «Логвінаў»)

Адама Глобуса можна назваць ветэранам прэміі, і ў спісе намінантаў ён пачуваецца як дома. Двойчы яго кнігі траплялі ў доўгі спіс («Казкі пра дарослых», «Гісторыі пра Менск і яго ваколіцы»), адзін раз у кароткі («Сям’я») і двойчы прыносілі аўтару трэцяе месца («Сказы», «Зваротная перспектыва»).

Кніга «Рысы» вельмі традыцыйная для творчасці пісьменніка: у ёй сабраныя ўспаміны пра блізкіх аўтару людзей, пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў і членаў сям’і. Многія асобы вядомыя шырокім колам, напрыклад, Вячаслаў Адамчык, знакаміты беларускі пісьменнік, бацька Адама Глобуса. Тут успаміны пра Анатоля Сыса, Яўгенію Янішчыц, Уладзіміра Караткевіча і іншых.

Таксама варта нагадаць, што паводле адукацыі Адам Глобус мастак, таму многія нарысы ў кнізе прысвечаныя мастакам, з якімі пісьменнік вучыўся, а таксама яго настаўнікам.

Кніга адзначаецца вялікай шчырасцю, характэрнай для ўсёй творчасці Адама Глобуса. Ён часта ў творах дзеліцца асабістым і дазваляе сабе катэгарычныя выказванні, чым і прываблівае чытачоў, якія любяць аўтарскую адкрытасць.

Купіць кнігу

Сяргей Дубавец «Тантамарэскі»

(выдавецкая праграма «Радыё Свабодная Еўропа»/«Радыё Свабода»)

Прэмія Гедройца ўручаецца не толькі за мастацкую літаратуру, але і за дакументальную. Якраз такой і з’яўляюцца «Тантамарэскі» Сяргея Дубаўца. Гэта нон-фікшн пра маштабны «Кветкавы працэс» — судовую справу над ашмянскімі мытнікамі з памежнага пункта «Каменны Лог». Працэс атрымаў шырокі розгалас, паколькі людзі былі асуджаныя да вялікіх турэмных тэрмінаў за карупцыю, доказы віны некаторых з мытнікаў у назіральнікаў выклікалі пытанні. Як і ў Дубаўца.

Сяргей Дубавец прысутнічаў на ўсіх судовых пасяджэннях адной з груп мытнікаў з лістапада 2016 па лістапад 2017 года (а гэта каля паўсотні дзён). З фактаў і назіранняў склалася кніга «Тантамарэскі».

Аўтар адзначаў, што кніга мела працоўную назву «Юркойцеў палон», паколькі адным з абвінавачаных мытнікаў стаў сябар аўтара, краязнаўца і грамадскі дзеяч Алесь Юркойць, які быў асуджаны на сем гадоў. Але ў выніку кніга была названая ў гонар папулярнай забавы: стэнда для фотаздымкаў з выразам для твараў. Каб сфатаграфавацца, людзі заходзяць за тантамарэску і прасоўваюць твар, каб упісацца ў агульную карціну. Менавіта тантамарэску нагадаў аўтару ўвесь гэты судовы працэс і чалавечае жыццё ўвогуле, дзе людзі ад нараджэння падстаўляюць галаву ў пэўныя тантамарэскі, такім чынам змяняючы дэкарацыі вакол сябе.

Кніга Дубаўца — не простае фіксаванне ўбачанага і пачутага. Ён па-майстэрску абыходзіцца са словам. Прызнаны аўтар крутой эсэістыкі, ён такой зрабіў і гэту кнігу. Дубавец шмат згадвае творы Франца Кафкі, параўноўваючы раман «Працэс» з судовым працэсам над мытнікамі. Беларускія аматары Кафкі таксама знойдуць мноства паралеляў з яго творчасцю, прычым не толькі ў гэтай кнізе, але і навокал.

Купіць кнігу

Зараслава Камінская «Калядны стол»

(выдавецтва «Галіяфы»)

Зараслава Камінская — маладая літаратарка, якая ўпэўнена ўвайшла ў беларускую літаратуру, атрымаўшы ў 2018 годзе за сваю першую кнігу «Русалкі клічуць» прэмію «Дэбют» у намінацыі «Проза». Зараслава не спачывала на лаўрах доўга і ўжо ў наступным годзе выдала другую кнігу.

Зборнік «Калядны стол» з падзагалоўкам «Некулінарная кніга» складаецца з невялікіх апавяданняў, звязаных з ежай. Героі гэтай кнігі гатуюць, спажываюць прыгатаванае і дзеляцца ўспамінамі. Гэта сапраўды не зборнік рэцэптаў, а кніга пра тое, якія эмоцыі ў людзей звязаныя з ежай, бо яна мае вялікае значэнне ў жыцці кожнага. Адна з нямногіх рэчаў, без якіх існаванне чалавека немагчымае, а таму і гісторый пра ежу ў кожнага на працягу жыцця можа назбірацца шмат.

Зараслава дзеліцца ўспамінамі з дзяцінства, гісторыямі пра членаў сям’і і сямейнымі традыцыямі. Чытаць кнігу можна нават не ведаючы аўтарку, бо многія ўспаміны аказваюцца ўніверсальнымі. Смак ці пах пэўных страў можа выклікаць розныя асацыяцыі, напрыклад, Зараслава расказвае, што для яе дзяцінства пахне каструляй з бульбай, якой даводзілася дыхаць падчас хваробы. Магчыма, гэта знаёмы і блізкі многім пах.

Кніга праілюстраваная Верай Драздовай, і гэта добрае візуальнае дапаўненне да смачных гісторый Зараславы. Невялічкая кніга «Калядны стол» можа стаць прыемным і лёгкім чытвом на калядныя канікулы ці выдатным падарункам блізкім на гэтыя святы.

Купіць кнігу

Ганна Севярынец «Гасцініца „Бельгія“»

(Выдавецтва «Рэгістр»)

Пра гэты раман з кароткага спіса Прэміі Гедройца мы ўжо пісалі ў ранейшым аглядзе. Магчыма, вы ўжо паспелі пазнаёміцца з гэтым творам.

Источник: Наста Карнацкая
Без комментариев