2721
23
09 июля 2020 в 14:00
Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны

Каранавірус у сталіцы, каханне на Марсе, раман пра беларускіх міленіялаў. Кніжны агляд Onliner

Хочаш расказаць пра сучаснасць — напішы казку. Ці проста фантастыку. Вось Альгерд Бахарэвіч і стварыў кнігу-казку, у якой яшчэ да прыходу эпідэміі ў Еўропу апісаў гісторыю самаізаляцыі ў адной багатай сям’і. А Сяргей Балахонаў з Гомеля зляцеў на Марс, дзе пара каханкаў і кот спрабуюць скарыць Чырвоную планету. Расказваем пра кніжныя навінкі.

Альгерд Бахарэвіч «Апошняя кніга пана А.»

(Выдавецтвы «Янушкевіч»/Vesna)

Бахарэвіч ужо стаў адным з тых нямногіх аўтараў, чыёй новай кнігі чакаюць з прыемнасцю. Бо ведаюць, што аўтар не падвядзе — напіша круты твор, не падобны да папярэдняга.

«Апошняя кніга пана А.» — гэта зусім не тое, пра што вы маглі падумаць. Гэта не апошняя кніга пана Альгерда. А — значыць аўтар. Менавіта пісьменнік з’яўляецца героем казкі, як вызначаны жанр кнігі.

Аўтар бярэ пазыку ў 10 тысяч долараў у багатага выдаўца. Абяцае вярнуць праз год. Але вяртаць няма чым. І тады выдавец прапануе дамову: штовечар цэлы месяц аўтар будзе чытаць у коле сям’і выдаўца па сваёй новай казцы. Удзень усе заняты сваімі клопатамі, а ўвечары надыходзіць час чытання і абмеркавання. Абмеркаванне пачутага — асобная сюжэтная лінія.

Перасцерагу скептыкаў, кніга Бахарэвіча ні ў якім разе не з’яўляецца зборнікам казак. Гэта канцэптуальна прадуманая кніга. Больш за тое, апошнія казкі пераплятаюцца з рэальным светам галоўных персанажаў і арганічна перацякаюць у рэальнасць. Тую, літаратурную. У кнізе прысутнічае нават каранавірус і тая атмасфера гнятлівасці, безвыходнасці, што здараліся з намі гэтай вясной. Па сутнасці, героі знаходзяцца ў самаізаляцыі, прычына якой становіцца зразумелай не адразу — эпідэмія невядомай хваробы. Гэты факт падаецца яшчэ больш значным, калі ўлічыць, што за кнігу пісьменнік узяўся ў 2019-м, калі мы і блізка не думалі, што з намі будзе адбывацца сёлета.

Казкі Бахарэвіча — гэта не стылізацыя пад народныя казкі. Гэта сучасныя гарадскія гісторыі, створаныя пад законах жанру. У іх прысутнічае ўсё наша жыццё, з яго страхамі і прыемнасцямі.

Некалі Альгерд Бахарэвіч пераклаў на беларускую мову казку Вільгельма Гаўфа «Халоднае сэрца» і напісаў да яе «Паслямову» — асобны твор, у якім галоўны герой заняты акурат перакладам твора Гаўфа. А ў самім «Халодным сэрцы» Бахарэвіч замяніў канцоўку — прыдумаў сваю, супрацьлеглую той, што была ў арыгінале. Вось і ў «Апошняй кнізе пана А.» аўтар з канцоўкай зрабіў тое самае: ён закончыў кнігу так, як яму было цікава, а не так, як да гэтага падрыхтаваўся чытач, адолеўшы некалькі соцень старонак. У гэтым сіла прозы Бахарэвіча — ён не дазваляе сабе ісці за густамі чытача, а часта змяняе хаду сваіх твораў.

Можна смела сказаць, што з кожнай кнігай Альгерд Бахарэвіч пераўзыходзіць папярэднюю. Калі здаецца, што ён напісаў цудоўны твор, затым ён падымае планку яшчэ вышэй.

Купіць кнігу 

Сяргей Балахонаў «Бог кахання Марс»

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

 

Беларускія літаратары нячаста радуюць чытачоў фантастычнымі творамі, таму выхад кожнай такой кнігі — сапраўдная падзея. Новая кніга Балахонава — падзея ўдвая, бо апошні раман пісьменнік выдаў ажно пяць гадоў таму, і толькі ў электронным фармаце («Інфанта і аднарог»).

Пасля выхаду рамана «Бог кахання Марс» аўтара нават пачалі называць гомельскім Язэпам Драздовічам. Бо ён так жа захоплена глядзіць у неба і спрабуе ўявіць, што нас там чакае. Але ж пачынаецца кніга на Зямлі, у Гомелі, а таксама ў вядомых нам з урокаў гісторыі Юравічах (там знойдзена стаянка першабытнага чалавека). Туды даследчык старажытнасцей Ягор Руткоўскі трапляе са студэнтамі на археалагічныя раскопкі, дзе робіць важную знаходку — раскопвае ідал боства кахання. Піша пра яго кнігу, а далей слава, літаратурная прэмія і запрашэнні на міжнародныя канферэнцыі. Атрымліваецца, што кар’ера Руткоўскага складваецца паспяхова, але ж гэта не радуе, бо ён мае праблемы на тым самым «любоўным фронце». Ягоная дзяўчына, Марына Гваздовіч, раптоўна кідае Ягора і сыходзіць да румына Марку і пераязджае на радзіму новага каханка. Праўда, беларус не збіраецца так проста адмаўляцца ад Марыны і будзе за яе змагацца.

«Каханне бачым, але ж да чаго тут Марс?» — заканамерна спытаеце вы. Справа ў тым, што аповед аўтар вядзе адразу ў двух часавых пластах і на дзвюх планетах. Нейкім чароўным чынам у будучыні Ягор і Марына ўдваіх аказваюцца на марсіянскай станцыі. З усяго экіпажа карабля пасля крушэння выжываюць ён, яна і кот, які немаведама як трапіў у склад каманды. Пасля такога сюжэтнага павароту сачыць за асноўным сюжэтам становіцца яшчэ цікавей, каб зразумець, што надзвычайнае павінна было адбыцца, каб прывесці гэтую пару, якая рассталася, разам на Марс. Аўтар чаргуе главы з Зямлі з марсіянскімі.

Варта адзначыць добрае пачуццё гумару і лёгкасць, з якой напісаная кніга. Балахонаў перасыпае свой раман фразеалагізмамі, народнымі слоўцамі, некаторыя з якіх, як падаецца, прыдумаў сам. Як постмадэрніст (яго дэбютная кніга называецца «Імя грушы» — па аналогіі з «Імем ружы» Умберта Эка), ён робіць шмат адсылак у кнізе да іншых твораў, песень, персанажаў. Але не яўных, а «схаваных». Знайшлі, парадаваліся. А калі не ўбачылі — гэта не паўплывае на вашае чытанне.

Цікавая кніга і з краязнаўчага боку. Балахонаў падрабязна і з вялікай любоўю апісвае родныя гомельскія мясціны. Да таго ж ён гісторык і ведае мноства цікавых фактаў пра пэўныя аб’екты горада. Жыхарам Гомеля будзе прыемна пабачыць знаёмыя вуліцы, а ўсе астатнія змогуць натхніцца на вандроўку сюды. Як прыхільнікі Джэймса Джойса здзяйсняюць паломніцтва ў Дублін, каб паўтарыць маршрут Леапольда Блума з рамана «Уліс», так і чытачы Балахонава могуць пашпацыраваць гомельскімі вуліцамі Ягора Руткоўскага. А калі-небудзь, магчыма, і марсіянскімі сцежкамі герояў.

Купіць кнігу

Ева Вайтоўская «Гарэзлівы пацалунак» 

(Выдавецтва «Янушкевіч»)

Ева Вайтоўская — гэта псеўданім пісьменніцы Марыі Мартысевіч. Псеўданім раскрываецца на апошняй старонцы кнігі. Сама Марыя такі ход патлумачыла тым, што раман адрозніваецца ад раней напісаных ёю кніг паэзіі і эсэ. Назва ж рамана адсылае да сюжэта аднайменнай культавай японскай мангі Тада Каору.

Раман Вайтоўскай, як заяўлена ў кнізе, гэта толькі першая частка, у якой галоўныя героі — вучні 11-га класа. Падобна да таго, што ў другой кнізе гэтыя ж выпускнікі школы стануць першакурснікамі ВНУ.

У цэнтры ўвагі «Гарэзлівага пацалунка» — троечніца Соня Сінічка і выдатнік Максім Статкевіч. Яна вучыцца ў звычайным класе, ён — у профільным. Паміж сабой класы, вядома, не ладзяць. «Ашкі» лічаць сябе небажыхарамі, «дэшкі» абсалютна прыземленыя.

Сінічка закахалася ў Статкевіча, у якога і так закаханая ўся жаночая палова школы. І што яна робіць? Піша ліст. Папяровы. Гэта катастрофа, з якой і пачынае закручвацца сюжэт.

У кнізе Вайтоўскай ёсць каханне, нераздзеленыя пачуцці таксама прысутнічаюць, але няма сексу. Ёсць жаданне выйсці замуж, стаць паспяховай у жыцці. «Калі ты ажэнішся / выйдзеш замуж?», «Чым ты будзеш займацца пасля вучобы?» Знаёмыя пытанні, якія ў нас сыплюцца на выпускнікоў школ і студэнтаў ад кожнага сваяка.

У «Гарэзлівым пацалунку» на першым плане не адносіны паміж закаханымі школьнікамі, не ўнутраныя перажыванні, а ўзаемаадносіны са знешнім светам — аднакласнікамі ў цэлым, настаўнікамі, бацькамі. Апошнія, як заўсёды, не разумеюць, усё робяць не так і наогул не прыслухоўваюцца да жаданняў сваіх дзяцей.

Кніга Вайтоўскай — гэта раман, у якім беларускія міленіялы з лёгкасцю ўбачаць сябе ў школьныя гады. І гэтая акалічнасць пашырае ўзроставую аўдыторыю рамана, не замыкаючы яе на коле падлеткаў.

Дарэчы, тут можна пачытаць урыўкі з многіх кніжных навінак, у тым ліку і з «Гарэзлівага пацалунка».

Купіць кнігу

Андрэй Хадановіч «Школа травы»

(Выдавецтва «Кнігазбор»)

Кніга паэзіі Андрэя Хадановіча прыцягвае ўвагу дзвюма акалічнасцямі. Па-першае, гэта добрая сучасная паэзія. Па-другое, за «Школу травы» аўтар атрымаў 4000 рублёў прызавых (стаў лаўрэатам Прэміі Арсенневай за найлепшы зборнік вершаў).

Кніга складаецца з пяці частак, кожная з якіх пачынаецца своеасаблівым эпіграфам: перакладам паэтычных твораў іншых аўтараў (Хадановіч тонкі перакладчык паэзіі, найперш з французскай і польскай моў).

Творы ў зборніку вагаюцца ад гранічна шчырых, светлых і аптымістычных да вострасацыяльных. Напрыклад, двухрадкоўе з гэтага зборніка, якое ўжо стала крылатым: «Не разбіраўся ў палітыцы. / Проста страляў у патыліцы».

Хадановіч гуляе з формай вершаў не толькі ў літаратуразнаўчым сэнсе: для чытання некаторых твораў вам давядзецца на 90 градусаў пераварочваць кнігу. Чытачы знойдуць у гэтай кнізе вершы на любы густ. Напрыклад, аматарам светлай, рамантычнай лірыкі можна параіць першую частку «Дэталі». Яна напоўненая цеплынёй і летам, вершы ў ёй пра жнівень і мора, пра аблокі і цёплы травень, пра светлае дзіцячае каханне.

Аматарам падарожжаў другая частка «Ноч музеяў». Яна вельмі геаграфічная і гэтым сугучная з адным з папярэдніх паэтычных зборнікаў паэта «Цягнік Чыкага — Токіё». Хадановіч праводзіць чытача праз эўкаліптавы гай Каліфорніі, раёны Нью-Ёрка і вуліцы Тбілісі.

У самым канцы кнігі аўтар нібыта пакідае нам запавет, як спраўляцца ў гэтыя няпростыя для ўсяго свету часы: «Расце трава — і табе расці, / і цуды рабіць — табе».

Выхад кожнага зборніка Андрэя Хадановіча — сапраўднае свята для ўсіх аматараў беларускай паэзіі. Літаратурныя прэміі толькі пацвярджаюць гэта.

Купіць кнігу

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Источник: Наста Карнацкая, Сяргей Беражны
Без комментариев