Напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасці жанчын паслы, кіраўнікі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Беларусі і бізнес-лідары запрашаюць усіх зацікаўленых жанчын у Беларусі далучыцца да ініцыятывы #ЦеньНаДзень, паведамляе пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску.
Любая жанчына, старэйшая за 18 гадоў, можа на адзін дзень стаць настаўніцай для кіраўнікоў міжнародных арганізацый, раскрыць розныя аспекты сваёй справы, распавесці пра выклікі і падзяліцца досведам.
Каб падаць заяўку, падыходзіць любы занятак, у якім вы дасягнулі поспехаў і можаце выступаць у якасці настаўніцы. Вы можаце быць менеджарам па продажы ў кампаніі, кіраўніцай вышэйшага звяна, працаваць у школе, на заводзе альбо ферме. Вы можаце займацца спортам ці рамяством, захапляцца навукай ці пісаць кнігі, збіраць ягады або маляваць карціны.
— Удзел у ініцыятыве для вас — гэта выдатная магчымасць пагутарыць з прафесіяналамі ў галіне кіравання і захопленымі сваёй справай людзьмі, прыцягнуць увагу да сваёй дзейнасці, даведацца пра міжнародны досвед, падзяліцца выклiкамi і рашэннямі, якія могуць стаць асновай для далейшых сур’ёзных праектаў, — распавялі ў брытанскім пасольстве.
Падаць заяўку можна да 25 лютага да 23:59, запоўніўшы форму. Арганізатары звяжуцца з кожнай з абраных удзельніц наўпрост, каб узгадніць дэталі ўдзелу ў ініцыятыве #ЦеньНаДзень. Стажыроўкі пройдуць у сакавіку і красавіку.
У ходзе стажыровак #ЦеньНаДзень, якія ўпершыню адбыліся ў 2019 годзе, больш за 20 маладых беларусак з усёй краіны правялі адзін дзень з кіраўнікамі замежных прадстаўніцтваў і бізнес-кампаній. Усе ўдзельніцы ініцыятывы атрымалі ўнікальны досвед і даведаліся, як працуюць міжнародныя арганізацыі.
Сёлета арганізатары вырашылі памяняць фармат бліц-стажыровак і прапануюць жанчынам па ўсёй краіне запрасіць паслоў стаць сваім «ценем».
Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!