У cеціве з'явіўся зварот беларусаў у сейм Літвы. Прадстаўнікі грамадства просяць літоўскія ўлады пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Прыводзім тэкст гэтага звароту.
«Вельмішаноўнае спадарства!
Паважаныя парламентарыі і кіраўнікі Літоўскай Рэспублікі!
Мы, прадстаўнікі беларускага грамадства, з вялікім хваляваннем успрынялі навіну пра адшуканне і ідэнтыфікацыю парэшткаў паўстанцаў 1863—64 гадоў на Замкавай гары ў Вільні.
155 гадоў, якія прайшлі з часу паўстання, пацвердзілі: ахвяры мужных змагароў за свабоду не былі марныя. Суверэнітэт Беларусі, Літвы і Польшчы — сведчанне гістарычнай справядлівасці, здабытай крывёй нашых нацыянальных герояў.
Годнае ушанаванне памяці тых, хто аддаў сваё жыццё за нашу і вашу свабоду, — адказнасць усяго нашага пакалення.
Паўстанне 1863—64 гг. было барацьбой народаў Беларусі і Літвы за сваю свабоду.
Канстанцін Каліноўскі быў найвыбітнейшым лідэрам гэтай барацьбы, беларускім народным правадыром, які загінуў за свабоду і годнасць.
Мы разумеем, што Вы, народ Літвы, таксама расцэньваеце Канстанціна Каліноўскага як свайго героя. Мы разумеем і паважаем Ваша імкненне да таго, што пахаванне Канстанціна Каліноўскага павінна знаходзіцца ў адмысловым месцы — пантэоне змагароў за свабоду.
Такое месца патрэбна і нам, беларусам. Мы лічым, што нашага нацыянальнага героя Канстанціна Каліноўскага варта пахаваць у Беларусі, і просім літоўскі народ разгледзець такую магчымасць.
Беларускі народ перажывае сёння няпросты час, калі існуе шмат пагрозаў дзяржаўнай незалежнасці. Пахаванне Канстанціна Каліноўскага ў Беларусі стала б сімвалам і напамінам беларускаму народу, як трэба любіць сваю Бацькаўшчыну, свой народ, і як трэба за іх змагацца.
Урачыстыя мерапрыемствы ўганаравання памяці паўстанцаў маглі б сёння яшчэ больш з’яднаць нашы народы, якія стагоддзямі мірна і дружна жылі ў адзінай магутнай дзяржаве.
За нашу і вашу свабоду!»
Зварот падпісалі Святлана Алексіевіч, Андрэй Горват, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Зінаіда Бандарэнка і іншыя беларусы.
Нагадаем, у 2017 годзе ў Літве былі знойдзены парэшткі дваццаці чалавек. Даследчыкі прыйшлі да канчатковай высновы, што сярод іх ёсць і парэшткі Кастуся Каліноўскага. Перазахаванне павінна прайсці ў лістападзе ў Вільнюсе.