11 892
06 ноября 2019 в 9:00
Источник: Вадзім Шклярык. Фото: Улад Барысевіч. Видео: Аляксей Марозаў
Спецпроект

Экспедыцыя Onliner: вывучаем багацце гаворак Заходняга Палесся

Источник: Вадзім Шклярык. Фото: Улад Барысевіч. Видео: Аляксей Марозаў

Падчас пятай экспедыцыі ў рамках сумеснага з А1 праекта «Мова» мы накіраваліся на паўднёвы захад краіны, дзе працягнулі знаёмства з гаворкамі беларускага Палесся. Маючы вострае жаданне скарыстаць цёплы кастрычнік напоўніцу, гэтым разам завіталі ажно да чатырох бабуль — зусім розных, але тым і цікавых. Такім чынам, ніжэй — другая частка нашай палескай хронікі, з вынікамі паездкі на Брэстчыну.

Змест

Рэгіён

З усіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў нашай краіны Заходняе Палессе найменшае па памерах, але цікавасць да яго адваротна прапарцыянальная. Прычын таму шмат: гэта і самабытнасць мясцовых жыхароў, і традыцыйныя формы будаўніцтва (тыя ж чаротавыя дахі, якія дзе-нідзе яшчэ захаваліся), і той факт, што некалі гэтую тэрыторыю лічылі прарадзімай славян. Ёсць у Брэсцкай вобласці і прыгожыя помнікі архітэктуры: абарончая вежа XII ст. у Каменцы, руіны палаца Сапегаў XVII—XVIII ст. у Ружанах, будынак езуіцкага калегіума XVII ст. у Пінску, а таксама шматлікія храмы.

Не менш важным у плане цікавасці да рэгіёна з’яўляецца моўны фактар: у айчыннай дыялекталогіі заходнепалескія гаворкі супрацьпастаўляюцца ўсім астатнім тэрытарыяльным разнавіднасцям беларускай мовы. І ўсё б нічога, калі б у Заходнім Палессі гаварылі аднолькава, але ж сітуацыя назіраецца іншая. Напрыклад, у адной вёсцы замест літаратурных воз, конь, кот тут можна пачуць віз, кінь, кіт, у другой — вуз, кунь, кут, у трэцяй — выз, кынь, кыт, і болей у Беларусі такое не адзначаецца амаль нідзе. (Цяпер, канешне, такія асаблівасці сустракаюцца ўжо не на кожным кроку, трэба ездзіць шукаць).

Створана паводле карты В. С. Цітова «Гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі» і карты А. А. Крывіцкага «Групоўка гаворак на тэрыторыі Беларусі»
Апублікавана ў выданні «Лексіка гаворак Беларускага Прыпяцкага Палесся: атлас, слоўнік» (2008)

Падрабязна характарызаваць кожны з тыпаў заходнепалескіх гаворак мы не будзем — гэтую інфармацыю можна знайсці ў работах Фёдара Данілавіча Клімчука, які ўсё сваё навуковае жыццё прысвяціў даследаванню мовы жыхароў Заходняга Палесся (у 2020 годзе, дарэчы, выйдзе кніга выбраных прац вучонага). Але паслухайце, напрыклад, вось гэты кароткі запіс, зроблены ў вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна, на самай мяжы з Украінай. Вам таксама падалося, што бабуля гаворыць як быццам на нейкай паўднёваславянскай мове? Мяркуючы па прыведзенай вышэй карце, менавіта так гучыць тараканская гаворка.

Населеныя пункты, інфарманты

На самым захадзе Брэсцкай вобласці мы трапілі ў аграгарадок Войская Камянецкага раёна, да шчырай і гаваркой Вольгі Мікалаеўны Тур 1940 г. н., якая замест «вы» ўжывае мілую форму «вітэ» (яшчэ адна асаблівасць заходнепалескіх гаворак). Не маючы ўжо былой рухавасці, бабуля кампенсуе гэта размовамі, таму ў гасцях мы, натуральна, затрымаліся. Але даследчыкам гаворак такое толькі на карысць: пасля адказаў на пытанні Вольга Мікалаеўна расказала яшчэ пра мясцовы аналаг Радаўніцы пад назвай Зелянец (адзначаецца праз паўтара тыдня пасля Сёмухі) і правяла майстар-клас па біцці масла.

У Бярозаўскім раёне мы працаваць не планавалі, але ўсё ж заехалі — было па дарозе дый харошую бабулю нараілі. Лідзія Аляксандраўна Рупека 1940 г. н. з вёскі Панасавічы зацікавіла найперш сваёй гаворкай. Калі паглядзець дыялекталагічныя карты, то прыкладна тут заканчваюцца дзеканне, цеканне і аканне і пачынаецца іх заходнепалеская адсутнасць — з мяккімі гукамі «д», «т» і оканнем, таму ў мове нашага інфарманта перамяшаліся ўсе гэтыя асаблівасці. Зрэшты, сякія-такія немясцовыя ўплывы былі чуваць і ў гаворцы бабулі Вольгі з Камянецкага раёна, і ў гаворцы, якую мы пачулі ў Пінскім раёне. Але нічога не паробіш, часы цяпер такія.

У вёсцы Купяцічы каля Пінска атрымалася пагаварыць адразу з двума старажыламі — Валянцінай Аляксандраўнай Пекун 1945 г. н. і Верай Якімаўнай Іголкай 1931 г. н. Зусім розныя, але ў плане гаспадарання падобныя — у абедзвюх бабуль мы пабачылі вялікія парнікі для вырошчвання памідораў на продаж. Выходзіць, не агуркамі адзінымі жыве Палессе. Уразіў расказ Веры Якімаўны пра бізнес-паездку з двума чамаданамі яблыкаў у Мурманск (sic!). Ездзіла гандляваць бабуля таксама ў Гомель, Гродна, Вільнюс, Рыгу, Ленінград… Гэта ж якую трэба мець прадпрымальніцкую жылку, каб так рабіць?

Вяртаючыся да моўнага пытання, адзначым, што гаворка вёскі Купяцічы Пінскага раёна, па меркаванні Фёдара Данілавіча Клімчука, падобная да той, на якой у 1866 годзе быў напісаны першапачатковы варыянт вядомай камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта». Проста цікавы факт, вычытаны ў адным артыкуле, хоць наконт аўтарства згаданага твора існуюць розныя меркаванні.

Матэрыялы экспедыцыі

Складаючы апытальнік для экспедыцыі ў Заходняе Палессе, мы, як і мінулыя разы, адбіралі словы, якія характэрны толькі для гэтага рэгіёна. Але паколькі ў моўным плане акрэсленая тэрыторыя неаднастайная, сярод выбраных лексічных адзінак трапляліся і вузкія рэгіяналізмы. Таму адпаведным чынам даём і матэрыялы экспедыцыі — з падзелам на словы, вядомыя або ўсім заходнім палешукам, або толькі частцы жыхароў краю.

Словы, характэрныя для ўсяго рэгіёна

Будынак, у якім складалі і малацілі снапы, захоўвалі сена, салому, у Заходнім Палессі называлі клу́няй. Чаму «называлі»? А таму, што нашыя інфарманты расказвалі пра такія пабудовы менавіта ў мінулым часе — на сёння рэалія ўжо неактуальная, клунь мы не пабачылі. Такім чынам, маем састарэлае слова, архаізм.

UPD. Пасля выхаду выніковай заметкі наш чытач Алег напісаў у каментарыях, што з вывадамі адносна клунь мы паспяшаліся — такія пабудовы ў Заходнім Палессі яшчэ сустракаюцца. У пацвярджэнне ён даслаў свежыя фотаздымкі, зробленыя ў вёсцы Паўтаранавічы Пінскага раёна. Паказаны на іх будынак ужо не зусім аўтэнтычны (двухсхільны дах 7—8 гадоў таму быў заменены на аднасхільны), але тая яго частка, дзе адчынены дзверы, называецца менавіта клуняй:

Удакладняючы мясцовую назву пацука, мы нечакана высветлілі, што заходнепалескім словам шчур і вядомым ужо ці не па ўсёй Беларусі словам кры́са бабулі ў вёсцы Купяцічы Пінскага раёна называюць розных жывёл. «А шчуры́ — то гэ́то ты́я, што ў боло́те жыву́ть», — сказалі нам. Андатра? Як быццам не. Вадзяны пацук? Магчыма.

Пра мясцовую назву пограба мы пыталіся дзеля таго, каб пачуць ад інфармантаў слова лёх, якое адзначаецца пераважна ў Заходнім Палессі. Пачуць-то пачулі, але зразумелі, што гэта ўжо рэдкасць. Больш за тое, у вёсцы Купяцічы каля Пінска нам патлумачылі розніцу паміж лёхам і пограбам: першы нібыта знаходзіцца ў хаце або каля хаты, а другі — на адлегласці. У Камянецкім і Бярозаўскім раёнах ужываюць яшчэ слова склеп, якое вядома і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

А вось слова кацуба́ (па-мясцоваму — коцуба́) у значэнні ‘качарга’ яшчэ цалкам жывое, хоць апытаныя бабулі і прызнаюць, што цяпер больш пашырана качарга́. Падобная сітуацыя, нагадаем, назіраецца ва Усходнім Палессі: нягледзячы на наяўнасць мясцовых адпаведнікаў камяня́ / кавяня́, слова качарга там таксама ўжо ведаюць.

Словы, характэрныя для асобных мясцовасцей

Толькі на захадзе Брэсцкай вобласці на свіны страўнік кажуць каўду́н (кавду́н). Што да Бярозаўскага раёна, то ў адпаведным значэнні тут ужываюць слова кіндзю́х, а вось абодва інфарманты ў Пінскім раёне карыстаюцца запазычаным з рускай мовы жалу́дкам, хоць мы меркавалі пачуць ад іх слова трыбу́х.

UPD. Чытачы, знаёмыя з гаворкай вёскі Купяцічы, паведамілі, што трыбухом свіны страўнік тут усё ж называюць.

«Повхі́ порэ́лі всю гря́дку» — гэта пра што ўвогуле? Самі б не зразумелі, калі б папярэдне не падрыхтаваліся. Рэч у тым, што крата ў Заходнім Палессі называюць поўх (повх). Слова незвычайнае, але ўзнікла ўсё ж на славянскай глебе. Зрэшты, ведаюць тут і слова крот, прычым у першую чаргу нашы інфарманты агучвалі менавіта яго.

З цэлага набору назваў самца качкі, якія адпаведная карта зафіксавала ў заходнепалескіх гаворках, нам удалося пачуць словы ка́чар, се́лезень і се́лег (па-мясцоваму — ка́чур, сэ́лезень і сэ́лях). З пералічаных варыянтаў толькі апошні — селег — можна лічыць пераважна заходнепалескім. Яго мы пачулі ў Пінскім раёне.

Падчас экспедыцыі атрымалася запісаць і тры назвы манюкі: лгун у Камянецкім раёне, муця́р у Бярозаўскім і муцю́н (па-мясцоваму — мутю́н, з мяккім «т») у Пінскім. Характэрнымі пераважна для Заходняга Палесся з’яўляюцца два апошнія варыянты — муцяр і муцюн. Парадавала яшчэ ёмкае і хвосткае слова муцяры́ска, агучанае бабуляй у тым жа Бярозаўскім раёне.

На згаданы вышэй майстар-клас па біцці масла мы трапілі не проста так, а высвятляючы заходнепалескія назвы адпаведнай прылады. Дык вось, у Камянецкім і Бярозаўскім раёнах масла білі ў бія́нцы, у Пінскім — у бо́йцы (бу́йцы). Чыста заходнепалескім словам, прычым характэрным пераважна для заходніх раёнаў Брэсцкай вобласці, выступае біянка. Дзякаваць богу, у аднаго з нашых інфармантаў такая прылада захавалася, таму можам паказаць яе і вам.

Пад канец згадаем яшчэ колькі цікавых слоў. У Камянецкім раёне невялікую гаспадарчую пабудову часам называюць шу́рык, а мясцовы эквівалент для слова па́дчарыца гучыць як па́сербніца (па́сырбныця). У Пінскім раёне на ігліцу кажуць бадзюхі́ (бодюхы́), на пер’е цыбулі — цыбахі́ (цыбахы́), скварку ведаюць як шу́шварку, а мазоль раней называлі му́лянік (му́лянык). Куры ж у Заходнім Палессі, як правіла, не сако́чуць, а сакара́ць (сокора́ть). Вось жа сапраўды, як нам сказалі ў Камянецкім раёне, «шо сторона́, то новына́».

Вывады

Сярод прыведзеных слоў, якія ўжываюцца пераважна ў Заходнім Палессі, у слоўніках сучаснай беларускай літаратурнай мовы ёсць толькі клуня, шчур і лёх, прычым два першыя падаюцца, як правіла, з паметай абл. (абласное). Гэты факт яшчэ раз пацвярджае своеасаблівы статус заходнепалескіх гаворак у сістэме беларускай мовы і тлумачыць, чаму іх можна даследаваць усё жыццё.

Зрэшты, своеасаблівымі з’яўляюцца і іншыя беларускія гаворкі, бо ў дыялект або групу яны аб’ядноўваюцца толькі па шэрагу рыс, а не на падставе 100-працэнтнага падабенства. Дый паняцце «ідыялект» ніхто не адмяняў — так называюць мову канкрэтнага чалавека, з усімі тэрытарыяльнымі і адукацыйна-медыйнымі ўплывамі (ці пры іх адсутнасці, што ў нашы часы ўжо рэдкасць).

Дзякуем Іне Хоміч, Аляксандру Яцкевічу і Юрыю Чарнякевічу за спрыянне ў пошуках інфармантаў, а Зоі Васільеўне Марціновіч (в. Купяцічы Пінскага раёна) — за дапамогу на месцы.


A1 імкнецца дапамагчы беларусам нанава адкрыць для сябе ўласную спадчыну: традыцыі, гісторыю, культуру і іншыя элементы нацыянальнага багацця. Кампанія звяртае асаблівую ўвагу на найважнейшыя беларускія артэфакты, такія як беларуская мова, нацыянальнае мастацтва і куткі некранутай прыроды.

Спецпраект падрыхтаваны пры падтрымцы УП «А1», УНП 101528843.
Выбор покупателей
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти

Чытайце таксама:

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by