18 496
1525
29 октября 2019 в 22:24
Источник: Сяргей Беражны

Ноч расстраляных паэтаў. Хто і за што забіў 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі?

За адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў мінскай турме НКУС было забіта больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. 22 з іх — пісьменнікі. Расказваем, што адбывалася тады і як ушаноўваюць памяць ахвяр зараз. Напрыклад, сёння вечарам у мемарыяле Курапаты праходзіць акцыя памяці рэпрэсій «Ноч расстраляных паэтаў».

Што гэтаму папярэднічала?

Бальшавікі, калі прыйшлі да ўлады ў 1917 годзе, пачалі праводзіць палітыку «чырвонага тэрору»: любое іншадумства падаўлялася, праціўнікі новага парадку знішчаліся. Ля вытокаў тэрору стаяў Фелікс Дзяржынскі, які заснаваў і ўзначаліў Усерасійскую надзвычайную камісію. Праўда, у першае дзесяцігоддзе рэпрэсіі ў савецкай краіне былі не такімі масавымі і крывавымі. Усё змянілася ў канцы 1920-х.

Так, у 1930 годзе ў Мінску была сфабрыкавана справа так званага Саюза вызвалення Беларусі. Каля сотні пісьменнікаў, вучоных, дзяржаўных дзеячаў запісалі ў контррэвалюцыянеры, якія хацелі «адарваць» БССР ад СССР. Беларускую інтэлігенцыю лічылі недастаткова лаяльнай савецкай уладзе. Чэкісты меркавалі, што, знішчыўшы інтэлігенцыю, будзе прасцей кіраваць народам. Без маральных аўтарытэтаў не з’явіцца апазіцыі.

На допыты па справе Саюза вызвалення Беларусі выклікалі нават народных паэтаў Якуба Коласа і Янку Купалу. Купалу хацелі зрабіць кіраўніком СВБ: у адказ ён паспрабаваў забіць сябе — зрабіў харакіры. Паэта выратавалі. А кіраўнік Акадэміі навук БССР Усевалад Ігнатоўскі пасля чарговага допыту застрэліўся. Гэта прымусіла следчых прытармазіць: паказальнага судовага працэсу не атрымалася, але дзясяткі людзей тады рэпрэсавалі. Абышлося, праўда, без расстрэлаў.

Новая хваля рэпрэсій

Новая хваля рэпрэсій прыйшлася на 1937 год, калі Народны камісарыят унутраных спраў СССР узначальваў Мікалай Яжоў. Ён стаў ініцыятарам найбольш масавых палітычных рэпрэсій (так званы Вялікі тэрор). У Беларусі адпаведны камісарыят узначальваў Барыс Берман.

Расстрэльны спіс, па якім за адну ноч расстралялі 132 чалавек, быў датаваны 15 верасня 1937 года і падпісаны ўласнаручна Сталіным. Ужо 28 кастрычніка правялі суды. Людзей абвінавацілі ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі. Следства было пастаўлена на канвеер. А суд мог доўжыцца ўсяго 15 хвілін. Абскарджанню прысуды не падлягалі. Часта адзіным пацвярджэннем удзелу ў такой арганізацыі былі сведчанні саміх арыштаваных. Сведчанні выбівалі вельмі жорстка. Пісьменнік Кузьма Чорны, які пазбег расстрэлу, успамінаў пра свае катаванні так: садзілі на кол, білі па галаве, устаўлялі ў вушы трубкі і крычалі ў іх. Некаторыя не вытрымлівалі здзекаў і паклёпнічалі на сябе, падпісвалі любыя паказанні супраць іншых…

У ноч з 29 на 30 кастрычніка пачаліся расстрэлы. Сярод расстраляных былі Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойшэ Кульбак, Міхась Чарот, Платон Галавач, Валерый Маракоў, Ізі Харык, Юрка Лявонны, Янка Нёманскі. Гэты акт масавага забойства паказвае глыбіню рэпрэсій. Знішчыўшы самых адукаваных людзей, чэкісты знішчылі эліту. Праўда, пра гэтую страшную ноч у нашай гісторыі стала вядома толькі ў канцы 1980-х гадоў.

Пасля смерці Сталіна пачаўся працэс рэабілітацыі незаконна асуджаных. Хто знаходзіўся ў лагерах, змог вярнуцца жывым. З забітых жа здымалася кляймо «ворагаў народа».

Некаторых пісьменнікаў рэабілітавалі пры Хрушчове. Гэта давала магчымасць вяртаць іх творчую спадчыну — выходзілі іх кнігі. Іншыя літаратары чакалі свайго часу яшчэ шмат гадоў. Значная колькасць твораў расстраляных пісьменнікаў была канфіскавана яшчэ ў рукапісах і знішчана ў 1930-х. Нешта ўдалося захаваць сем’ям, якіх, як сваякоў ворагаў народа, высылалі ў лагер.

Што сёння?

Штогод 29 кастрычніка неабыякавыя збіраюцца ва ўрочышчы Курапаты ў Мінску, дзе ў 1930-х чэкісты расстрэльвалі людзей. Курапаты — сімвал ахвяр палітычных рэпрэсій. Месца, дзе ў 1988 годзе былі выяўлены масавыя пахаванні. А пракуратура БССР правяла следства і прызнала, што расстрэльвалі ў Курапатах супрацоўнікі НКУС. Менавіта тут могуць ляжаць парэшткі і тых, каго забілі 29 кастрычніка 1937 года. Сёння ў Курапатах зноў збяруцца людзі, будуць чытаць вершы знішчаных паэтаў, запальваць свечкі.

Два гады таму прадзюсар Сяргей Будкін зладзіў музычны праект, прысвечаны расстраляным паэтам. Беларускія музыкі абралі вершы тых аўтараў і зрабілі іх песнямі. Удзел у праекце «(Не)расстраляныя» бралі Лявон Вольскі, Святлана Бень, Павел Аракелян, гурты TonqiXod, Akute, Naka… Паслухаць альбом можна тут.

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Источник: Сяргей Беражны