Беларусы звярнуліся ў сейм Літвы і просяць пахаваць Каліноўскага на радзіме

 
7818
24 сентября 2019 в 17:20
Автор: Александр Чернухо
Автор: Александр Чернухо

У cеціве з'явіўся зварот беларусаў у сейм Літвы. Прадстаўнікі грамадства просяць літоўскія ўлады пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Прыводзім тэкст гэтага звароту

«Вельмішаноўнае спадарства!

Паважаныя парламентарыі і кіраўнікі Літоўскай Рэспублікі!

Мы, прадстаўнікі беларускага грамадства, з вялікім хваляваннем успрынялі навіну пра адшуканне і ідэнтыфікацыю парэшткаў паўстанцаў 1863—64 гадоў на Замкавай гары ў Вільні.

155 гадоў, якія прайшлі з часу паўстання, пацвердзілі: ахвяры мужных змагароў за свабоду не былі марныя. Суверэнітэт Беларусі, Літвы і Польшчы — сведчанне гістарычнай справядлівасці, здабытай крывёй нашых нацыянальных герояў.

Годнае ушанаванне памяці тых, хто аддаў сваё жыццё за нашу і вашу свабоду, — адказнасць усяго нашага пакалення.

Паўстанне 1863—64 гг. было барацьбой народаў Беларусі і Літвы за сваю свабоду.

Канстанцін Каліноўскі быў найвыбітнейшым лідэрам гэтай барацьбы, беларускім народным правадыром, які загінуў за свабоду і годнасць.

Мы разумеем, што Вы, народ Літвы, таксама расцэньваеце Канстанціна Каліноўскага як свайго героя. Мы разумеем і паважаем Ваша імкненне да таго, што пахаванне Канстанціна Каліноўскага павінна знаходзіцца ў адмысловым месцы — пантэоне змагароў за свабоду.

Такое месца патрэбна і нам, беларусам. Мы лічым, што нашага нацыянальнага героя Канстанціна Каліноўскага варта пахаваць у Беларусі, і просім літоўскі народ разгледзець такую магчымасць.

Беларускі народ перажывае сёння няпросты час, калі існуе шмат пагрозаў дзяржаўнай незалежнасці. Пахаванне Канстанціна Каліноўскага ў Беларусі стала б сімвалам і напамінам беларускаму народу, як трэба любіць сваю Бацькаўшчыну, свой народ, і як трэба за іх змагацца.

Урачыстыя мерапрыемствы ўганаравання памяці паўстанцаў маглі б сёння яшчэ больш з’яднаць нашы народы, якія стагоддзямі мірна і дружна жылі ў адзінай магутнай дзяржаве.

За нашу і вашу свабоду!»

Зварот падпісалі Святлана Алексіевіч, Андрэй Горват, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Зінаіда Бандарэнка і іншыя беларусы.

Нагадаем, у 2017 годзе ў Літве былі знойдзены парэшткі дваццаці чалавек. Даследчыкі прыйшлі да канчатковай высновы, што сярод іх ёсць і парэшткі Кастуся Каліноўскага. Перазахаванне павінна прайсці ў лістападзе ў Вільнюсе.