Маскарады для спатканняў, летнія пакатушкі на санях і гародзік для арыстакратыі. Як забаўляліся продкі ў ВКЛ

21 088
08 сентября 2019 в 8:00
Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: livejournal, library.by, wikipedia.org

Маскарады для спатканняў, летнія пакатушкі на санях і гародзік для арыстакратыі. Як забаўляліся продкі ў ВКЛ

Автор: Татьяна Ошуркевич. Фото: livejournal, library.by, wikipedia.org

Здаецца, мы знайшлі час у гісторыі, які б цалкам задаволіў бацькоў цяперашняй моладзі. Перыяд ВКЛ — ні табе інтэрнэта з яго разбэшчвальным уплывам, ні гвалтоўных гульняў, што задурваюць галовы малым... Толькі ездзі на конях па свежым паветры і змагайся на рыцарскіх турнірах (ох ужо гэтыя перажыткі дамастрою). Калі вам здаецца, што ў нашых продкаў было шмат варыянтаў, чым сябе пазабаўляць, то гэта няпраўда. Таму ім і даводзілася ўключаць на максімум сваю арыгінальнасць. Так узнікалі паляванні для эліты, рыцарскія турніры з удзельніцамі-дзяўчатамі і зімовыя катанні пасярод лета. А яшчэ — асобныя астравы, на якіх інтэлігенцыя пераўтваралася ў сялян і глядзела свой гарод. Як яшчэ забаўляліся нашы продкі, чытайце ў матэрыяле Onliner.

Элітнае паляванне

Гэта было надта маштабнай падзеяй, якая адзначалася хіба не ўсім атачэннем князя. Таму не дзіўна, што кароль Жыгімонт Аўгуст правёў больш за палову 1546 года, пераследуючы дзікіх звяроў у паляўнічых угоддзях і бавячы час сярод сяброў-шляхціцаў. Можна летуценна разважаць, які гэта быў гераічны занятак, але мы выступім за шчырасць і прыбяром усе падводныя камяні. Насамрэч жа ўсё было так: каб арыстакратам было зручна паляваць, звяроў трымалі ў абгароджаных звярынцах. Зразумела, у такіх умовах шанцы караля ці шляхціца вярнуцца дадому са здабычай павялічваліся ўдвая. А таму Жыгімонта Аўгуста лічылі сапраўды паспяховым паляўнічым. Праўда, і сярод уплывовых людзей ён такі быў не адзін. Так, Стэфан Баторый палову свайго часу бавіў у лясах каля сваёй рэзідэнцыі ў Гродна.

Лясы заставаліся самымі тусовачнымі месцамі для ўплывовай эліты ажно да XVIII стагоддзя. Прынамсі, на такія «рэйвы» часта наведваліся манархі. А для індывідуальных імпрэз у Гродна існавала каралеўская віла з адмысловымі ўгоддзямі, дзе дазвалялася паляваць толькі каралю. Праўда, уплывовыя магнаты не адставалі ад свайго лідара і хутка бралі з яго прыклад: Радзівілы арганізавалі паляўнічыя ўгоддзі з рознымі відамі патэнцыйнай здабычы ва ўласных маёнтках. На адным былі буйныя жывёлы, на другім жа актыўна стралялі фазанаў. Так і забаўляліся.

Рыцарскія турніры і жанчына-ўдзельніца

А вось і яны, летуценныя моманты любога гістарычнага рамана. Рыцары ў ВКЛ былі не такімі зацятымі змагарамі на турнірах, таму і ладзілі свае спатканні нашмат больш рэдка за заходнееўрапейскіх калег. Аднак і ў іх атрымлівалася час ад часу ўразіць дзяўчыну, якая прыйшлася даспадобы, шляхам прыгожых спаборніцтваў на турніры.

Хто быў самым вялікім аматарам такіх забаў? Усё той жа Жыгімонт Аўгуст. Калісьці манарх вырашыў ажывіць не вельмі актыўнае грамадскае жыццё Вільні XVI стагоддзя і арганізаваў музычную капэлу. Запрасіў туды блазнаў, акцёраў, зладзіў уласны заапарк з экзатычнымі жывёламі.

Хадзілі плёткі, што падчас аднаго з турніраў, які зладзіў Жыгімонт Аўгуст, на рынг пусцілі дзяўчыну з «паніжанай сацыяльнай адказнасцю». Тая ўзяла зброю, каня і пайшла на мужчын. А далей... Што там было, ніхто не ведае: гісторыя не распавядае, ці атрымалася ў яе перамагчы або хаця б выжыць.

Маскарады-гулянкі для таемных спатканняў

Жыгімонт Аўгуст на турнірах не спыніўся. У караля была вядомая каханка, звалі якую Барбара Радзівіл. Каб сустракацца з ёю і быць неапазнаным, мужчына ладзіў маскарады. Пакуль усе займаліся разглядам сваіх сукенак і гарнітураў, ён займаўся Барбарай.

Зразумела, каб праводзіць такія грандыёзныя забавы, для іх патрабаваўся вялікі горад. З пачаткам правядзення соймаў Рэчы Паспалітай ім стаў Гродна.

Уплывовыя замежнікі, што прыязджалі сюды ў XVIII стагоддзі, фіксавалі гэтыя «гулянкі» ў сваіх дзённіках. Адным з такіх мемуарыстаў быў Вільгельм Шлемюлер, які знаходзіўся на сойме ў Гродна: яму ўдалося паназіраць за святкаваннем дня нараджэння Аўгуста III. З раніцы таго абудзілі 150 стрэлаў гармат. Прускі вандровец вырашыў паглядзець, што гэта значыць. І даведаўся: на вуліцы было каля 100 карэт важных гасцей — яны накіроўваліся да замка ў атачэнні вялікай колькасці шляхты і слуг. Двор абслугоўвалі не менш за 50 кухараў, шмат збраяносцаў і некалькі блазнаў. Унутры ж разгарнулася сапраўднае свята: за сталом доўга пілі за здароўе караля пад стрэлы ўсё тых жа гармат і бой барабанаў. Вось вам і прыклад, у каго сучасная багема магла б павучыцца маштабнай арганізацыі мерапрыемстваў.

Шмат людзей збіраліся разам, а чым займаліся?

Трэці занятак неяк непрыкметна перакачаваў у наш час: бясконцыя візіты шляхты адна да адной былі нормай у XVIII cтагоддзі. На гэтых сустрэчах усё адбывалася як мае быць: людзі пілі, танцавалі, гулялі ў карты і рабілі такія стаўкі, што яны пераходзілі ўсе межы. Хтосьці прайграў свой родавы маёнтак? Ну, гэта норма.

А яшчэ на такіх сустрэчах займаліся варажбой. Вядомы выпадак, калі ў канцы XVIII cтагоддзя Гродна наведала шляхцянка Уршуля Тарноўская. Потым у яе дзённіку з’явілася нататка пра тое, як яна варажыла прыдворным дамам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. І выклікала іх усеагульнае адабрэнне.

Сярод забаў былі і проста прыемныя размовы: тая ж шляхцянка Тарноўская, калі апісвала свой візіт у Гродна, прыгадвала, як разам з каралём і прыдворнымі яны распавядалі адно аднаму страшныя гісторыі аб прывідах. Паблікаў у «ВК» са страшылкамі тады не было, то даводзілася абыходзіцца вуснай размовай.

Шляхта любіла гуляць у шахматы (іх даўно прызналі на беларускіх землях) і ў «косці». А калі ўсё гэта надакучвала, вечары заканчвалі доўгім феерверкам (працягласцю больш за паўгадзіны), антуражам з паходняў і свечак. Каб убачыць такое відовішча, госці пасля зацятых танцаў выходзілі ў паркі каля рэзідэнцыі.

Тэатр з першай жанчынай-драматургам

Яшчэ адной раскошай для арыстакратаў тых часоў быў тэатр. А таму вынаходлівыя шляхціцы намагаліся рабіць прадстаўленні асаблівымі. У слонімскім тэатры Агінскага выкарыстоўвалі сапраўдныя караблі, а Сапегі ў Ружанах адвялі пад тэатр цэлы флігель свайго палаца.

Раскоша сапраўды была ў наяўнасці: шыкоўныя залы са сцэнамі ў Нясвіжы і Слуцку, дзе Радзівілы ладзілі буйныя прадстаўленні і нават мелі ў сваіх шэрагах жанчыну-драматурга Уршулю Радзівіл. Гэта быў далёка не адзіны выпадак паспяховай тэатральнай дзейнасці на нашых землях: гродзенская балетная трупа Тызенгаўза ўвогуле стала глебай для варшаўскай каралеўскай трупы.

Пакатушкі на санях летам і гародзік для арыстакратыі

Што да забаў некаторых важных асоб, то гэта заканамерна выклікае шмат здзіўлення ў сучаснікаў. Вось Жыгімонт III Ваза вельмі любіў пускаць лятучых змеяў і ездзіць на лыжах. А яшчэ ён мог сабе дазволіць пераапрануцца для маскараду ў блазна ці жанчыну.

Не можа гісторыя змаўчаць і пра самага вялікага дзівака ў ВКЛ — Кáраля Станіслава Радзівіла, які меў мянушку Пане Каханку. Яго небеспадстаўна лічаць прататыпам літаратурнага Мюнхгаўзена. І сапраўды: што тычыцца ўмення забаўляцца, то на гэта Радзівіл быў здольны. Ён з’яўляўся не толькі найбагацейшым магнатам Рэчы Паспалітай, але і адным з самых багатых арыстакратаў усёй Еўропы. І дазваляў сабе дзівачыць па максімуме. Не будзем галаслоўнымі і прывядзём факты: ёсць вядомы выпадак, калі Пане Каханку зладзіў сабе зіму пасярод лета. Засыпаў дарогу соллю, паставіў сані — і паехаў.

Спецыфічны густ Кáраля Станіслава Радзівіла давёў загарадную рэзідэнцыю вялікага роду да поўнага хараства. У Альбе, што каля Нясвіжа, зрабілі востраў, да якога камянямі выклалі каналы. На самім востраве паставілі вялікія драўляныя будынкі. Гэтыя альтанкі прызначаліся для баляў і падсвятляліся каляровымі ліхтарамі. Вакол іх князь будаваў прыблізна 180 драўляных домікаў, якія нагадвалі сялянскія хаткі. А ўнутры ўсё было абсталявана з максімальным камфортам: там былі нават ванныя для родзічаў і світы князя. Што рабілі арыстакраты? Вялі простае сялянскае жыццё і займаліся гародам. Так што калі вас прымушаюць працаваць на лецішчы, а вам не хочацца, расслабцеся — проста вы з інтэлігенцыі.

Караль Станіслаў Радзівіл пабудаваў яшчэ і цэлую флатылію невялікіх караблёў, якія мелі гарматкі і хадзілі па каналах. Ну, ведаеце, такая гульня ў марскі бой, але з сапраўднымі караблікамі і зброяй. Не дзіва, што забавы нашых продкаў былі вядомыя па ўсёй Еўропе.

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу дзякуем гісторыку Яўгену Аснарэўскаму.

Выбор покупателей
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 1072 x 1448, сенсорный, с подсветкой, память 8 Гб, Wi-Fi
экран 6" E-Ink Carta HD, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 8 Гб, карты памяти
экран 6" E-Ink Carta, монохромный, 758 x 1024, с подсветкой, память 4 Гб, карты памяти

Чытайце таксама:

Бібліятэка Onliner: найлепшыя матэрыялы і цыклы артыкулаў

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by