У жыцці Мірона Вітушкі тры захапленні: панк, гісторыя і мовы. Увогуле хлопца можна прадставіць так: амбіцыйны вучань, які можа пра ўсё распавесці. З ім мы абвяргаем думку пра моладзь, якая «цікавіцца не тым і нічога не можа». Кідаем выклік пакаленню «а вось у нас час…» і паказваем, чым сёння жывуць 15-гадовыя. Пра трэнды, краіну і жыццё агулам Мірон разважае з Onliner у матэрыяле, падрыхтаваным у партнёрстве з сацыяльна-адукацыйным праектам для старшакласнікаў velcom YOUTH.
— На тваёй старонцы ў «ВК» стаіць статус «Punks not dead». Гэта закос пад Дудзя ці Little Big?
— Ні тое, ні іншае. Я лічу сябе панкам па характары і слухаю адпаведную музыку. У ёй найбольш выяўляюцца мае погляды. Гэтая філасофія мне вельмі імпануе, бо яна адкрытая і свабодная. Нядаўна я слухаў праекты інданезійскіх гуртоў. Стала цікава, як у самай заселенай мусульманскай краіне развіваецца панк-рок. Разумееш, як ім складана жывецца? Гэта краіна з выключнай павагай да шарыяту. А тут хлопцы з іракезамі з’яўляюцца. Іх у выпраўленчыя лагеры высылаюць, а яны ўсё роўна граюць сваю музыку.
Гэта вызначальны момант нашай размовы. Па-першае, таму, што мы пастаянна вяртаемся да музыкі. Па-другое, галоўным словам усяго расповеду становіцца свабода. Дамаўляемся скінуць летуценнасць падлеткавых мараў і пакінуць голы стрыжань: «свабода ў нармальным сэнсе» для Мірона — істотны момант.
«Свабода, на маю думку, гэта магчымасць самаадукацыі, развіцця, творчасці і думкі. І ў музыцы тое ж самае. Усё залежыць ад тваёй творчасці: калі ты абмежаваны бар’ерамі, то не выявіш сябе цалкам»
— Давай прыклад.
— Sex Pistols у Брытаніі ніхто не мог уявіць і дазволіць. Каб нехта нешта сказаў на каралеву? Ды ніколі такога не будзе. А яно атрымалася на яе юбілей у Лондане. Дзякуючы ім музыка стала менш кан’юнктурнай. Цяпер гэта не толькі дэманстрацыя валодання інструментам, але і пазіцыя чалавека.
— Бывае, цябе абмяжоўваюць знешнія ўмовы.
— Я лічу, галоўныя бар’еры ў чалавека ўнутры. Лепш проста працягваць рабіць сваю справу. Панк у СССР сутыкаўся з велізарнымі цяжкасцямі. А ў выніку спрычыніўся да таго, што таталітарная машына развалілася. Таксама музыкай займаюся, хачу сабе электрагітару набыць. Але пакуль усё не.
— Бацькі грошай не даюць?
— Іх трэба збіраць самому. Не падыдзеш жа і не скажаш: «Мама-тата, я так хачу». Гэта мая ідэя, і я мушу на яе зарабіць. Зараз не падпрацоўваю, бо заняты. Прыходзіцца ашчаджаць.
Заняты — гэта калі ў цябе наперадзе рэспубліканская алімпіяда па гісторыі і трэніроўкі па тайскім боксе. Да нас Мірон таксама завітаў са спартыўнай сумкай — збіраўся займацца, але загутарыўся на дзве гадзіны. То што пытацца — калі адно накладваецца на другое, часу на падпрацаваць няма. У такім графіку ледзь знаходзіцца месца на відосы на YouTube.
— Насамрэч я вельмі шмат часу там праводжу. Яны ўвялі падлік — у мяне атрымліваецца восем гадзін на тыдзень. Звычайны плэйліст — гэта кліпы, інтэрв’ю і навіны. Ну і ўсё, што развівае, — на будучыню ж трэба працаваць.
Дарэчы, пра яе. У Мірона ёсць тры варыянты, куды можна падаць сваё маладое жыццё — музыка, праваабарона і дыпламатыя. Можа, усё гэта будзе разам — «калі вырасту, тады вырашу».
— Мне цікавыя мовы, гісторыя і палітыка — адсюль вынікае дыпламатыя ці міжнародныя зносіны. Яшчэ ёсць час вызначыцца, — дадае хлопец.
На пытанне, дзе ён хоча вучыцца, Мірон не адказвае. Ёсць Беларусь, але існуюць і іншыя перспектывы. Распавядае, што яго турбуе:
— З замежжа людзі зрэдку вяртаюцца. Знаходзяць там працу і магчымасці. Гэтага хочуць многія мае сябры. Яны вельмі здольныя, але ўсе свае веды скіроўваюць на тое, каб з’ехаць. Мяне гэта моцна бянтэжыць.
— Дык гэта можа быць выклікам самому сабе: я з’еду, але вярнуся з досведам.
— Так, для мяне гэта і будзе выпрабаваннем. Мне хочацца, каб усім стала зразумела: іншай такой краіны ў нас не будзе.
Пры нашай гутарцы прысутнічае дасведчаны фатограф. Малым нам распавядаюць тыповую гісторыю: адна жанчына з’ехала ў Фінляндыю і ў якасці першага заробку атрымала 7000 еўра. Што мы скажам цяпер?
— Чалавек, які з’язджае, гатовы стаць кім заўгодна, толькі каб пазбыцца памяці пра маленькія заробкі і архаічную адукацыю, — парыруе Мірон. — Тая сума — вялікія грошы. Але людзі нават не паглыбляюцца ў пытанне.
«Яны бачаць грошы як мэту — і гэта становіцца ідэальнай мадэллю жыцця для ўсіх. Так, матэрыяльныя каштоўнасці часта перамагаюць. Але і я стараюся перамагчы гэта ў сабе. Магчыма, панк — гэта мой адказ на нешта такое»
— Змаганне з сабой?
— А чаму не? Я змагу абысці гэтую спакусу. Я ведаю людзей з іншымі каштоўнасцямі.
Мірон не зусім выдатнік, але ў школе яго лічаць такім. Ну, і патрабуюць адпаведнага — «калі задраў планку так высока, мусіш ёй адпавядаць». Што гэта за планка, распавядаць доўга: усё збіраецца ў адзін агульны стэрэатыпны вобраз.
— Раздражняе?
— Вельмі.
Але падставы так лічыць сапраўды ёсць: Мірон — дэлегат Еўрапейскага моладзевага парламенту. На беларускай нацыянальнай сесіі яго абралі ехаць у Валенсію, цяпер — на міжнародны этап. А яшчэ ён быў у летніку Еўрапейскай школы ў Грузіі і ўдзельнічае ў моладзевым праекце ААН. Так, яму 15, ён актыўны і класны.
— Такія міжнародныя штукі — гэта вельмі круты досвед, які шмат чаго змяняе. Ты знаходзіш сяброў і карысныя кантакты. Яшчэ гэта ўласнае развіццё. Сціраюцца стэрэатыпы, і ты бачыш, як людзі пераадольваюць падазронасць і недавер, — кажа Мірон і прыводзіць прыклад: — У летніку кожная краіна праводзіла нацыянальны вечар.
Мяне ўразіла, як армяне і азербайджанцы дамовіліся танчыць разам — іх жа лічаць злоснымі ворагамі з-за ўнутраных пытанняў.
Дык вось гэта быў адзін з паваротных момантаў. Аказалася, што адносіны паміж людзьмі мацнейшыя за міжнацыянальныя канфлікты.
Мірон перакананы: каб вывучаць свет, трэба валодаць мовамі. Ну і мець Facebook. З другім пунктам усё зразумела: там камунікуеш і дазнаешся пра аб’явы. Пра важнасць моў моладзь чуе пастаянна, толькі дзейнічае павольна.
— Я сваёй сяброўцы кнігу па-англійску падарыла, яна чытае па старонцы на тыдзень. Што, калі лянота?
— Каб займець прычыну нечым займацца, трэба зразумець, чаго ты хочаш дасягнуць. Тады ўсё будзе. Для гэтага ёсць шмат магчымасцяў. Я выпрацоўваў англійскую, калі чытаў кнігі, глядзеў відосы і камунікаваў з носьбітамі. Цяпер усведамляю, што хачу ведаць некалькі моў. То думаю, як гэта лепш рабіць. Натхненне ўвогуле самы вялікі матыватар.
Бацькі ніколі ні да чаго не прымушалі хлопца — проста давалі магчымасці і выбар. Гэтым ён вызначае свае разнастайныя інтарэсы. У апошнія два гады Мірон вызначыўся з тым, што яму найбольш цікава. Але часу не хапае — і гэтыя цікавасці даводзіцца абмяжоўваць.
Пытанняў з бацькамі ў Мірона ніколі не было — пра такія сямейныя адносіны марыць хіба не кожны.
— Бацькі прашараныя?
— Часам мы разам ездзім на фестывалі. Я малым прасіў у іх паставіць «Палац» ці Neuro Dubel замест калыханкі. І так па дзесяць разоў.
— Таму цяпер дзяўчаты слухаюць Ціму Беларускіх, а ты не.
— Мне ўвогуле цяжка папсу ўспрымаць. Хайп вакол Цімы зразумелы, але ён міне. Гучыць ён танна. І мне не падабаецца шлягерская манера псеўданіма.
Спрабуем набраць некалькі нятанных моладзевых трэндаў. Атрымліваем спіс: серыялы, музыка, вопратка. Усё традыцыйна: ёсць «Гульня тронаў», якую глядзяць усе. Рэп, які слухаюць усе. І красоўкі.
— Красоўкі — гэта вельмі важна.
— Nike ці New Balance?
— Nike. У мяне Nike LeBron Witness II, я імі вельмі ганаруся.
Мірон перакананы: усе гэтыя цікавасці не такія істотныя. Цяпер ніхто не падзяляецца на групоўкі згодна з музычнымі густамі. Калі ты круты чалавек, стаўленне да цябе будзе адпаведным.
— Раней было вельмі важна, якую музыку ты слухаеш. Людзі дзяліліся на колы. Вось ты — панк, а той слухае Цоя. І гэта ўжо асобныя сацыяльныя групы. Цяпер такога няма — музычныя вызначэнні адышлі на другі план. Шмат хто здзіўляецца, чаму зніклі субкультуры, як у нашых бацькоў. Проста цяпер гэта не вызначае індывідуальнасць чалавека. Важна, каб ты быў амбіцыйным і імкнуўся чагосьці дасягнуць. А я ведаю шмат равеснікаў, якія прыкладаюць для сваіх мэтаў усе намаганні, — тлумачыць Мірон.
У хлопца ёсць дакладныя фактары, па якіх ён адрознівае сваё і папярэднія пакаленні.
— Людзі мінулага звязаныя з настальгіяй, тугой і цяжкасцю прымаць нешта новае. Гэта сапраўды дрэнна, калі чалавек замацаваў калісьці свае погляды і адмаўляецца чуць іншае. Яны сыдуць ад размовы і абразяць цябе, але не прызнаюць памылку.
— «Ты нічога не разумееш, ты тады не жыў»?
— Менавіта так. Але яны могуць казаць: «Ай, што вы там разумееце…», бо ў іх быў негатыўны этап у жыцці. Альбо іх трошку раздражняе, што ты разбіраешся ў нечым на аднолькавым з імі ўзроўні. Людзям па прыродзе страшна выходзіць з зоны камфорту, такога сабе ўласнага мура: хай усё разваліцца, а ён будзе стаяць. Але я бачыў і іншых, хто цалкам змяніўся. Для мяне зараз істотна тое, што думаюць мае равеснікі. З імі камунікаваць прасцей.
— У цябе няма адчування, што і равеснікі часам складаюць сабе мур?
— Не. Калі ты паказваеш уласным прыкладам сфармаваную пазіцыю, гэта нараджае інтарэс і ўвагу. Людзі цябе чуюць і змяняюцца.
— Добра, калі такі стрыжань ёсць. Не ва ўсіх у падлеткавым узросце ён бывае.
— Для падлеткаў увогуле вельмі важна, што пра іх думаюць. Проста ў любых абставінах трэба захоўваць вернасць сваім прынцыпам. Мне моцна дапамагаюць музыка, самаразвіццё і вера. З імі я пераадольваю цяжкасці.
Мірон лічыць сваё пакаленне «адкрытым да новага і здольным успрымаць інфармацыю без страху». Бацькі ж крутыя, бо «навучылі не здавацца і ісці наперад, перадалі свае веды і добры музычны густ».
— А ў мяне з бацькамі часта ўзнікаюць спрэчкі. Тое, што я прымаю спакойна, яны катэгарычна адмаўляюць.
— У мяне не так. Але я ведаю, што часам сталыя людзі думаюць так: адкрытасць — гэта абавязкова прыняцце чагосьці як свайго. Ім страшна прыслухацца да пытанняў, якія патрабуюць абмеркавання. Але трэба памятаць часы, калі яны жылі, — іх так выхавалі ўмовы. Я не думаю, што бацькі ў свой час злякаліся б нас цяперашніх. Ім таксама шмат чаго хацелася, проста абставіны не дазвалялі.
— Чаму незалежнасць цяпер важная для моладзі?
— Проста нарадзілася пакаленне, якое жыве ў новай краіне. У нас ідзе пераадоленне мінулага — нешта змяняецца ўнутры саміх людзей. Інакш быць і не можа: мы даўно сфармаваліся як нацыя.
«Людзям уласціва задаваць пытанні. Рана ці позна ўсе пачынаюць цікавіцца каранямі, каб зразумець, хто яны ёсць»
У Мірона на будучыню ёсць канкрэтнае бачанне.
— Як выглядае ідэальная краіна?
— Калі яна будзе не для ўсіх, а для кожнага. І калі пазбавіцца комплексу, што нам калісьці хтосьці дапамог.
— Ці дапаможа.
— Так. І яшчэ яна будзе скіраванай на беларусаў унутры краіны і па-за яе межамі. Яна цэніць гісторыю і жыве разам са ўсёй еўрапейскай супольнасцю. Ну і, вядома, у ёй адна нацыянальная мова, якой карыстаюцца ў побыце і ва ўладзе.
— Некаторыя кажуць, нам няма за кім ісці: зніклі героі. Гэта так?
— Ёсць жа, напрыклад, Віталь Гуркоў. І ён круты не толькі з-за спорту. Гэта вельмі класны чалавек, з якім я меў гонар гутарыць. Ён выбітны спартсмен і сусветна вядомы беларус.
Для Мірона самы важны час за ўсю гісторыю — гэта перыяд 90-х: «Працэс вяртання да сябе, які запаволіўся, але ўжо не спыніцца. Наступны крок залежыць ад нас».
— А кажуць, мы нічога не зменім, маўляў, «усё коціцца не туды».
— Дык хай зададуць сабе пытанне, чаму яны коцяцца разам з іншымі. Мне здаецца, людзі сыходзяць ад асабістай адказнасці. Калі ніхто нічога не будзе спрабаваць, сітуацыя і не стане іншай. А трэба змяняць і змяняцца, і нават паасобку. Што і як зрабіць лепш, вырашаем толькі мы.
velcom YOUTH — конкурс праектаў для старшакласнікаў, якія хочуць змяніць свет да лепшага. Сацыяльна-адукацыйны праект рэалізуецца кампаніяй velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. 10 пераможцаў конкурсу выступяць на канферэнцыі TEDxYouth@Minsk у маі 2019 г. і атрымаюць iPhone Xs, а трое лепшых з лепшых паедуць на TEDx у Аўстрыю. Адметная рыса праекта velcom YOUTH — уся камунікацыя вядзецца на беларускай мове.
Наш канал у Telegram. Далучайцеся!
Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onliner.by без дазволу рэдакцыі забаронены. nak@onliner.by