8541
30 октября 2018 в 15:44
Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Аляксандр Ружэчка

«Калі чалавек не кіруецца законамі, трэба, каб яму далі па шапцы». Юрыст пра «касякі», заробкі і наш менталітэт

Источник: Таццяна Ашуркевiч. Фото: Аляксандр Ружэчка

Прадстаўнікі розных прафесій з сэрвісу «Onliner. Паслугі» працягваюць распавядаць пра сваю штодзённую працу. З кліентамі юрыст Алег Лысюк (вось яго профiль) сустракаецца ў грамадскіх месцах: свайго офіса ў яго пакуль няма. Пра пашырэнне варта думаць, калі павялічыцца аб’ём замоў. На сустрэчу ён бярэ толькі папку з паперамі і ўласную ўпэўненасць. Яе Алег набываў ажно са студэнцтва — тады яму ўпершыню ўдалося выйграць судовую справу.

— Трэба, каб усё было зроблена дасканала, — распавядае ён, пакуль мы замаўляем каву. — Кошт памылкі можа быць занадта высокім. 

Алег — камплектоўшчык

Ваганняў, на каго вучыцца, у 11-м класе не было. У Алега гуманітарны склад розуму. Зрэшты, на гэтым можна спыніцца.

— У мяне і памяць добрая. Таму неяк адразу сумневы наконт прафесіі зніклі. Каб далёка ад дома не ехаць, пайшоў у Столінскі каледж. Правучыўся там два гады. Спрабаваў паступіць на вышэйшую на бухгалтара. Але не атрымалася — і добра.

Прынамсі, так Алег мяркуе цяпер. Пасля гэтай спробы былі 1,5 гады ўзброеных сіл, паўторная здача экзаменаў і чаканая магчымасць быць студэнтам — «хацелася недзе павучыцца». Жыў у Мінску, паступіў у Баранавічы на завочку. Калі шанцавала, працаваў па спецыяльнасці. Калі не, тады ў Алегу прачынаўся грузчык і камплектоўшчык.

— Колькі там атрымліваў — не памятаю. Юрыстам зарабляў каля 200 рублёў. А тыя грошы дакладна былі большымі за юрыдычныя, — узгадвае ён.

Аднак прафесію не кінуў: было шкада часу. Ну і яшчэ хацелася адчуць сапраўдную працу. Тады ж Алега запрасілі на сумоўе ў Міністэрства абароны. Прапанавалі месца — заробак невялікі, але з перспектывай атрымаць жыллё.

— Паехаў, паглядзеў, узялі вядучым юрысконсультам, — чаканіць Алег.

Пасаду яму далі авансам. Гэтай працы хапіла на тры гады: мужчына пачаў выгараць. Таму вырашыў шукаць нешта іншае. Абавязковай умовай была нармальная зарплата. Пасля звыклых 400—550 рублёў хацелася атрымаць хаця б 650. Але нічога не падыходзіла.

— Тады я падумаў, што варта паспрабаваць сябе ў якасці прадпрымальніка. Пайшоў у цэнтр занятасці, напісаў бізнес-план. Па выніку атрымаў cубсідыю на развіццё справы і ліцэнзію.

Для апошняй былі важныя дзве ўмовы: тры гады стажу і звальненне па нармальным артыкуле — простымі словамі, каб ты «не накасячыў». З гэтым усё было добра, і мужчына пакрочыў далей.

Алег — кіраўнік

Пасаду ён займеў дзесяць месяцаў таму, калі адкрыў уласную справу. Праўда, кіраваць пакуль даводзіцца толькі сабой. А яшчэ трэба разбірацца з бухгалтэрыяй і падатковым правам. Алег тлумачыць:

— Прыходзіцца кантраляваць усе працэсы. Да кіраўніка заўсёды шмат пытанняў, адказнасць вялікая. Тым больш, калі наймаеш кагосьці, павінен разумець, за што ты чалавеку плаціш грошы. Трэба кеміць і ў маркетынгу. Спачатку я з усім гэтым разбіраўся, таму і ахвяраваў прафесійным часам. Але ж ведаў, што яно акупіцца.

— Чаканні апраўдаліся?

— Скажам так, ёсць куды імкнуцца. Але цяпер усе сілы нарэшце кінутыя толькі на юрыдычную справу. Спадзяюся, хутка выйду на 650—850 рублёў. Гэта з улікам аплаты падаткаў.

Першы год — самы складаны. Гэта Алег разумее, але чакае, што неўзабаве стане на ногі. Тады зможа падумаць пра пашырэнне ва ўсіх галінах: пачынаючы офісам, заканчваючы супрацоўнікамі. Галоўнае зараз — не нервавацца, займацца спортам і падтрымліваць баланс у жыцці.

Алег — юрыст 

Юрыстаў і адвакатаў людзі не любяць: «гэтыя словы асацыююцца са сваркамі і судамі». Узнікае праблема — спрабуюць вырашыць яе ўласнымі сіламі. Звяртаюцца адразу да спецыялістаў адзінкі. Іншыя прызнаюць, што ўласнага досведу недастаткова, толькі калі жыццё канкрэтна прыціскае.

— У мяне была кліентка, якой падатковая даслала дэкларацыю на маёмасць. Справаздачу трэба было зрабіць на працягу 30 дзён. Вядома, за гэта яна ўзялася ў апошні момант. І ўсё пратэрмінавала. Па выніку павінна была заплаціць 13 адсоткаў ад кошту маёмасці. Я пачаў займацца яе справай і знайшоў адну норму. Згодна з ёй, калі ў гэты тэрмін чалавек знаходзіўся за мяжой, то і тэрмін выплаты падаўжаецца. Так і апынулася: яна была ў Польшчы два дні. Мы разабраліся — усё вырашылася. Але крыўдна іншае: спецыялісты ведаюць пра такія аспекты і нічога не раяць. А навошта вы тады тут сядзіце? — невядома ў каго пытае Алег.

Тады Алег усё раскладвае па паліцах. У юрыстаў колькасныя паказчыкі залежаць ад складанасці справы — гадзіны і нервы лічыш пасля. Прыемна, што разам з імі падлічваеш грошы. Але часам і гэты працэс можна сапсаваць. Напрыклад, сустрэць некваліфікаваныя кадры.

— Каб быць у трэндзе, трэба пастаянна адсочваць нарматыўныя акты: заканадаўства хутка змяняецца. Разумееце, калі ход пэўнага працэсу тлумачыш кліентам, гэта нармальна. А калі такое адбываецца з калегамі?

Але тлумачыць, працуе далей.

Часцей за ўсё да юрыста звяртаюцца па «мірных» справах — распрацаваць дакумент, зарэгістраваць бізнес. Лідзіруюць па запытах менавіта кансультацыі. А гэта — самае складанае. Алег распавядае: па-першае, трэба дасканала даследаваць кожны аспект. Па-другое, існуюць тыя сферы, дзе заканадаўства адназначных тлумачэнняў не дае. Тады прыходзіцца шукаць творчы падыход.

— Ёсць складаныя сітуацыі. Напрыклад, калі ты маеш уласную справу і нешта робіш не так, за гэта па законе можа быць вельмі жорсткая мера. Часам даводзіцца закрываць бізнес. Тады трэба шукаць, за што зачапіцца, каб такога не адбылося, — тлумачыць Алег.

— Гэта адна з такіх спраў?  пытаем і глядзім на папку побач з юрыстам.

— Гэта іншы нюанс, але таксама складаны. Чалавеку павінны былі выдаць дазвол на працу — ён замежнік. Здавалася б, усё проста. Заплаці грошы дзяржаве — і працуй. Але ўзнікаюць праблемы на месцах. Фармальна могуць адмовіць — тады гэта праблема зыходзіць ад спецыялістаў. Калі коратка, уся соль у чалавечым фактары.

Калі Алег працаваў у міністэрстве, стаўленне да зваротаў людзей было іншым. Цяпер жа часам прыходзіцца хадзіць нават да кіраўнікоў — дакументы выдаюць у апошні момант. Якраз пасля аднаго такога выпадку Алег вырашыў — будзе звяртацца за абскарджаннем. Яму адказалі: «Звяртайцеся».

— Цяпер дазвол выдалі, але я ўсё роўна пайду далей: так быць не павінна.

— Сварыцца будзеце? 

— У Беларусі гэтым нічога не вырашыш. Тут трэба неяк па-добраму дзейнічаць — пісаць наверх, каб далі па шапцы.

Навісае маленькая паўза. Праз хвіліну Алег падхопліваецца: ён не злы, скардзіцца таксама не любіць. Проста ведае: калі вырашаеш толькі свае пытанні і «забіваеш» на ўсё астатняе, сітуацыя не змяняецца. Шанцаў, што праблема сама кранецца з месца, таксама няшмат.

— Я спрабую дзейнічаць дыпламатычна. Але калі чалавек не кіруецца законамі і ставіць бар’еры проста на месцах, я раблю так, як лічу патрэбным. Вядома, у межах закона.

Падобная падзея ўжо адбывалася ў студэнцтве Алега: на працы своечасова не выплацілі заробак. Давялося звяртацца ў суд — «першы досвед, тады зусім зялёны быў». Аднак выйграў яго і атрымаў у 18 разоў больш, чым павінен быў: грошы аддалі за кожны дзень затрымкі.

— Гэта незвычайна выглядае, бо сярэдняму беларусу такое не ўласціва. Калі яго ў нечым абмяжоўваюць, ён хутчэй прамаўчыць ды пакіне ўсё, як ёсць. Парушылі правы — і ладна. Наш чалавек самастойна звяртаецца ва ўстанову толькі ў самым крайнім выпадку. Такі ў нас склад, — выносіць усім прыгавор Алег.

Увогуле, настойлівасць — неабходная рыса для юрыста. Можна хоць няспынна працаваць, але без характару наўрад ці што атрымаецца. А яшчэ абавязкова трэба развіваць уважлівасць.

— Табе ніхто за памылкі грошы плаціць не будзе. Памылка на ланцужку вядзе за сабой санкцыі. А яны наганяюць тады, калі гэта менш за ўсё трэба. Будзе вялікі штраф і псаванне тваёй рэпутацыі. Ну каму гэта трэба?

Цяпер час першых выпрабаванняў прайшоў. Алег часцей думае над пашырэннем. Кажа, за офіс «нармальна так прыйдзецца плаціць»:

— Але гэта непазбежна: ёсць офіс — тады з’яўляецца больш кліентаў. Няма — становішся абмежаваным.

Пра крытэрыі адбору спецыялістаў Алег не думаў. Адзінае, што ведае дакладна, — наймаць супрацоўнікаў ён будзе па вачах. Гараць — лічы, браць можна.

Алег ведае: ёсць заняткі, што аплочваюцца значна больш. Зразумела, мы адразу ўзгадваем праграмаванне. Толькі ад яго юрыст адмаўляецца: розум для працы не падыходзіць — не аналітычны. Можа, калі-небудзь тут можна будзе пашукаць шчасця па сваёй спецыяльнасці, але не зараз. Пакуль жа мужчына цалкам задаволены — «усё наперадзе».

— Мне 28 гадоў, і я сам сабе кіраўнік. Ёсць моманты, над якімі трэба папрацаваць, вядома. Але прадпрымальніцтва — гэта цалкам праца, пошук магчымасцяў і развіццё. Я сабе нагадваю, што стоадсоткава ў яго сыходзіць нельга, — рэзюміруе Алег, пакуль збірае рэчы: ідзе завяршаць пачатую справу.

— Кіраўнічая дзейнасць не павінна шкодзіць прафесійнай, — тлумачыць ён і пасміхаецца.

Пампуйце дадатак «Onliner. Паслугi»:

  • Версiя для Android
  • Версiя для iOS

Чытайце таксама:

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!