На 100-годдзе БНР каля опернага тэатра зладзяць бясплатны канцэрт і мітынг. Выступяць Лявон Вольскі, Dzeciuki, Neuro Dubel, «Крама», ад Міхалка адказу няма

 
14 875
02 марта 2018 в 18:03
Источник: Аляксандр Чарнуха. Фото: Аляксандр Ружачка
Источник: Аляксандр Чарнуха. Фото: Аляксандр Ружачка

На 100-годдзе БНР 25 сакавіка каля тэатра оперы і балета зладзяць вялікі бясплатны канцэрт. Падчас мерапрыемства тут выступяць Лявон Вольскі, «Крама», Neuro Dubel, Dzeciuki, Akute, The Superbullz і Кася Камоцкая і ўдзельнік ЛСП Пётр Клюеў. Таксама арганізатары спрабуюць звязацца з Сяргеем Міхалком, але пакуль беспаспяхова.

— Мерапрыемства ўзгаднілі ў Мінгарвыканкаме, — распавядае Onliner.by адзін з арганізатараў Павел Белавус. — Гэта будзе бясплатны канцэрт, таму нам не трэба дадаткова атрымліваць гастрольнае пасведчанне.

Святочны мітынг і канцэрт пад агульнай назвай «Свята Незалежнасці» адбудуцца 25 сакавіка каля опернага тэатра з 14:00 да 19:00. Збор пачынаецца з 13:00. У гэты час у тэатры будзе спектакль, для гледачоў будзе арганізаваны дадатковы праход. Арганізатараў вызвалілі ад платы за паслугі міліцыі і медыкаў, а таксама ад уборкі тэрыторыі. На мітынг можна прыносіць сімволіку, якая адпавядае тэматыцы мерапрыемства.

— На Дзень Волі будзе вялікае, прыгожае і цывільнае мерапрыемства, — кажа Павел Белавус. — Мы атрымалі пацвярджэнне ад усіх пералічаных музыкаў, акрамя Сяргея Міхалка — не можам яму датэлефанавацца, а дырэктар гурта Антон Азізбекян даў адказ, што ў гэты дзень у Мозыры канцэрт «Ляпіс-98». А мы б хацелі, каб Сяргей выканаў некалькі песень пад акустычную гітару. 

Мерапрыемства будзе бясплатным, але можна ахвяраваць 5—10 рублёў праз краўдфандынгавую платформу «Талака» на выдаткі арганізатараў — мерапрыемства будзе буйное, шмат рэсурсаў трэба як мінімум на апаратуру. 

Нагадаем, сёлета Беларусь адзначае 100-годдзе з утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Незалежнасць БНР была абвешчана ноччу на 25 сакавіка 1918 года.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

Хуткая сувязь з рэдакцыяй: чытайце паблік-чат Onliner і пішыце нам у Viber!