Этнічны немец Алег Iоў: «падсвядомае пачуццё непрыязнасці да немцаў у Беларусі» — брыдкі атавізм масавай прапаганды

5243
01 июня 2015 в 8:00
Автор: Дмитрий Корсак. Фото: Максим Малиновский

Этнічны немец Алег Iоў: «падсвядомае пачуццё непрыязнасці да немцаў у Беларусі» — брыдкі атавізм масавай прапаганды

Автор: Дмитрий Корсак. Фото: Максим Малиновский
Алег Iоў — кандыдат гістарычных навук, вядомы археолаг. Каля 10 гадоў узначальваў нямецкую суполку ў Мінску.
Мне часта даводзіцца чуць пра падсвядомае і, як некаторыя кажуць, гістарычна абгрунтаванае пачуццё непрыязнасці ці апаскі, якое ўласціва жыхарам Беларусі ў дачыненні да немцаў. У сувязі з гэтым хацелася б падзяліцца з вамі некаторымі думкамі і задаць шэраг пытанняў.

Пачнём з таго, што я немец па бацьку, па маці — беларус. У пашпарце, у графе «Нацыянальнасць», так і было напісана — «немец». Продкі таты прыехалі ў Расійскую iмперыю па запрашэнні цара Аляксандра І яшчэ да ўварвання Напалеона і пасяліліся ў Адэскай губерні. Я нават ведаю дакладна дату — адбылося гэта ў 1809 годзе. Па волі лёсу ў канцы ХІХ стагоддзя маі дзед з прадзедам апынуліся ў Барысаве. Займаліся яны лесам, працавалі ў графа Тышкевіча.

Падчас Першай сусветнай дзед ваяваў на румынскім фронце, натуральна на баку рускіх. У Другой сусветнай мае родныя не ўдзельнічалі. Бацька быў яшчэ малы, у 41-м яму было 12 гадоў. Дзед ваяваць не змог, бо ў 1933 годзе яго арыштавалі па артыкуле «Контррэвалюцыйны сабатаж і антысавецкая агітацыя» і звезлі на 5 гадоў у канцлагеры (дарэчы, менавіта такая фармулёўка і была ў прыгаворы — канцлагеры). Пасля, у 1938-м, ён проста знік. Не дзіўна — у часы росквіту рэпрэсій жывымі людзі з такіх устаноў рэдка выходзілі. Пасмяротна дзед рэабілітаваны.

Чаму я пра ўсё гэта кажу? А таму, што мне складана гаварыць пра стаўленне беларусаў да немцаў і немцаў да беларусаў, я як бы знаходжуся адразу ў двух лагерах, а хацеў бы, каб гэтых «лагераў» не было зусім. У адным я ўпэўнены жалезна: «падсвядомае і гістарычна абгрунтаванае пачуццё непрыязнасці да немцаў у Беларусі» — брыдкі атавізм масавай прапаганды, які культываваўся ў краіне дзесяцігоддзямі яшчэ пры СССР і, на жаль, часткова падтрымліваецца і цяпер.

Вельмі цікавы факт: многія людзі, якія жылі пры акупацыі, франтавікі, якія ўдзельнічалі ў баях, вызваленні Беларусі, дайшлі да Германіі, у большасці сваёй ставяцца да немцаў значна больш талерантна ў параўнанні з маладзейшым пакаленнем, якое атрымлівае інфармацыю з фільмаў, кніг і ўсё той жа масавай прапаганды.

Паверце, за тыя 70 гадоў, якія прайшлі, у Германіі ўсё ўсвядомілі. Дзяцей з малых гадоў вучылі не паўтараць памылак, дапушчаных іх бацькамі, а пасля вучылі ўнукаў, праўнукаў… Змянілася ўжо тры-чатыры пакаленні, але кожны раз, прывозячы сюды немцаў, беларускія экскурсаводы імкнуцца правезці іх па месцах усіх тых зверстваў, якія ўчынялі ў Беларусі нацысты. Некаторыя немцы прыязджаюць 4—5 разоў, і ўсё роўна іх знаходжанне тут абавязкова пачынаецца з «рэха вайны». Экскурсаводы зазіраюць у расшыраныя ад жаху вочы турыстаў: «Ну цяпер вы дакладна смуткуеце і пакаяліся!»

У нямецкіх школах з малодшых класаў расказваюць, што такое нацыянал-сацыялізм, тлумачаць, да чаго ён можа прывесці. Доўгі час выплачваліся рэпарацыі дзясяткам тысяч беларусаў, у тым ліку і маёй цётцы, якая прымусова два гады працавала ў Германіі. Дзядзьку таксама пагналі на працу ў Германію, а пасля вайны прапаноўвалі яму там застацца. Але ён вярнуўся ў Савецкі Саюз, бо ў яго тут была адзінокая маці. Дзядзька яе нават не пабачыў — адразу накіравалі ў Крывы Рог на шахту, на прымусовыя работы…

А ў нашых школах ніхто не прыгадвае, што такое бальшавізм і якімі жахамі ён можа пагражаць. І ні ў кога не ўзнікла жадання кампенсаваць родным знікненне ў канцлагеры майго дзеда.

Я ўпэўнены, што насамрэч розніцы паміж еўрапейцамі (рускімі, беларусамі, палякамі, французамі або немцамі) амаль няма. Усе мы хрысціяне. Усе жывём па адных, агульначалавечых нормах. Паўплываць у горшы бок на стаўленне да нацый-суседзяў можа толькі скажоная інфармацыйная прастора і недахоп адукацыі. Кажаце — што рускаму добра, тое немцу смерць? Я, як герой вядомага фільма, гэтую прымаўку ўжо даўно абверг. Розніца паміж намі не такая вялікая, як вам даказваюць усё жыццё.