Фалькларыст Ірына Філіповіч: для большасці суайчыннікаў вышыванка — усяго толькі пазёрства?

11 468
09 апреля 2015 в 8:00
Автор: Дмитрий Корсак. Фото: Алексей Матюшков

Фалькларыст Ірына Філіповіч: для большасці суайчыннікаў вышыванка — усяго толькі пазёрства?

Автор: Дмитрий Корсак. Фото: Алексей Матюшков
Ірына Філіповіч — фалькларыст, удзельнік вакальна-інструментальнага ансамбля з фальклорным ухілам. Ужо шмат гадоў вывучае фальклорную музыку, песні, танцы, абрады і святы.
У сучасных рэаліях нацыянальны арнамент, на жаль, усяго толькі «фішка» моднікаў, і мала хто ведае, які сэнс ён нясе і чаму наогул з’явіўся. Тыя людзі, якія выстаўляюць фота ў сацыяльных сетках у вышыванцы, наўрад ці задумваюцца пра сэнс тых знакаў, якія яны на сябе надзелі. Гэта проста прыгожы ўзор ці нешта большае?

Выдатна, што людзі ўпершыню за доўгі час успомнілі пра сваю культуру. Яшчэ зусім нядаўна гэта лічылася дзіўным і мудрагелістым, нацыянальныя матывы мала каго цікавілі, усе рухаліся ў першую чаргу за заходняй культурай. Але раптам усё памянялася — ці то ў сувязі з палітычнымі падзеямі, ці то ў звязку з творчым крызісам заходняй культуры альбо чымсьці яшчэ…

Сярод знаёмых мне людзей ёсць тыя, якія прафесійна вывучалі беларускую культуру, а таксама тыя, што прыйшлі да гэтага самастойна і лічаць гэтую сферу велізарнай часткай сваёй асобы. З кожным годам такіх людзей з’яўляецца ўсё болей і болей, але ў цэлым іх, на жаль, няшмат. Для большасці вышыванка — гэта хутчэй пазёрства, прыгожы модны элемент адзення, які не мае для таго, хто яго носіць, ніякага глыбокага сэнсу. Мне ж хочацца, каб ўсё больш людзей свядома і з гонарам насілі на сабе нацыянальны арнамент, пры гэтым лічачы гэта часткай сябе і сваёй культуры. І тут паўстае пытанне: што ж мы ведаем пра беларускае нацыянальнае адзенне і яго сімволіку?

Са старажытных часоў малюнкі і ўзоры ствараліся для таго, каб несці ў сабе пэўны сэнс. Тое ж самае і ў беларусаў. Кожны ўзор нясе ў сабе той ці іншы сэнс, выяўляе пэўную ідэю. Адны ўзоры сімвалізуюць памяць аб продках, другія выражаюць зварот да багоў-заступнікаў, трэція ўвасабляюць прыродныя з’явы, чацвёртыя адлюстроўваюць пачуцці і надзеі чалавека. І ўсё гэта перадаецца мінімумам выяўленчых сродкаў згодна з найвышэйшымі законамі прыгажосці.

Сярод іншых сустракаецца матыў, які называюць кропляю ці дажджынкаю. Ён мае выгляд пастаўленага на вугал квадрата, скампанаванага з чатырох трохкутнікаў. І хоць узор дажджу складаецца з аднолькавых элементаў, усе яны маюць сваё прызначэнне. Адзін з іх павінен забяспечваць ураджай жыта на ніве, другі — сена на лузе, трэці — паўнаводнасць рэк, чацвёрты — добрую драўніну ў лесе.

Сустракаюцца ўмоўныя і сімвалічныя выявы жанчыны-маці. У тканым і вышываным арнаментах вобраз маці бывае ў выглядзе жаночай фігуры, аблямаванай гірляндаю зорак, і схематычна вырашанага дрэва (дрэва жыцця). Нярэдка вобраз суправаджаецца сімваламі сонца, месяца, агню, ветру.

У народнай мастацкай творчасці вельмі любімы і пашыраны вобраз Купалінкі, якая ўяўляецца ці маладой вясёлай дзяўчынай, ці жанчынай з дзецьмі. Прыгожым з’яўляецца матыў купальскага агню ў выглядзе раслінных парасткаў з кветкамі на канцах і зоркай у цэнтры. Як вядома, найбольш паэтычным і чароўным сімвалам Купалля здаўна была таямнічая папараць-кветка. Крыжык над ёю абазначае таемны скарб, певень сімвалізуе поўнач.

Русалка ў народнай мастацкай творчасці выяўляецца па-рознаму, але звычайна досыць умоўна, у выглядзе букета кветак, які сваім сілуэтам нагадвае дзявочую фігуру на кусце.

Голуб сімвалізуе многія паняцці, выступае як сімвал міру альбо святога духа. Але часцей за ўсе ён сімвалізуе каханне. Вобразы голуба і галубкі сустракаюцца ў многіх народных песнях. Як лічыцца ў народзе, голуб абазначае юнака, а галубка — дзяўчыну.

Так давайце ж вывучаць глыбіню і сэнс той сімвалічнай мовы, якая засталася нам ад продкаў, чытаць іх пасланні, ведаць мудрасць мінулых пакаленняў. Давайце зазірнём у старыя скрыні, шафы, пашукаем, ці ёсць там што-небудзь ад нашых бабуль, дзядуль, каб прачытаць і зразумець іх саміх і іх жыццё. Давайце менавіта як нашы продкі будзем не толькі насіць адзенне з беларускім арнаментам, але і ведаць сэнс таго ці іншага ўзору, каб разумець, што мы нясем людзям. Бо гэта не проста прыгожы малюнак, гэта цэлая мова.