Дырэктар беларускамоўнай гімназіі ў Вільні: «Канкурэнцыя вялікая. Нам вельмі цяжка, але закрывацца мы не збіраемся»

 
22 342
18 сентября 2014 в 8:30
Автор: Катерина Кузьмич. Фото: Аркадий Соболев
Автор: Катерина Кузьмич. Фото: Аркадий Соболев

Пра тое, што ў Беларусі кожны год адкрываюцца новыя школы, пішуць шмат. Але на фоне такіх добрых навін ёсць і сумная статыстыка. На пачатку гэтага навучальнага года ў краіне закрыты і рэарганізаваны 202 школы. І самае сумнае ў гэтай сітуацыі тое, што ў большасці выпадкаў закрываюць не толькі сельскія беларускамоўныя школы, але і беларускія класы ў гарадскіх школах, якіх і так вельмі мала. Бацькі пішуць заявы, збіраюць подпісы, каб іх дзеці вучыліся на роднай мове, але поспехаў у гэтай справе няшмат. Закрануць тэму беларускамоўнай адукацыі мы вырашылі не з боку закрытых школ, а з боку той, што ўжо 20 гадоў існуе за межамі нашай краіны. Хто там вучыцца і па якіх праграмах, за чые сродкі набываюць падручнікі і абнаўляецца школа, чытайце ў матэрыяле Onliner.by.

Выконваючая абавязкі дырэктара гімназіі імя Францыска Скарыны Дзіяна Стахновіч працуе тут амаль з моманту адкрыцця ўстановы. У Літву жанчына пераехала ў 1991 годзе. У 1989-м яна скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт і па размеркаванні паехала працаваць у Магілёў, дзе два гады ў школе №7 была настаўніцай беларускай мовы.

— Наша школа адкрылася ў верасні 1994 года. Таму сёння нам роўна 20 год, і мы існуем як асобная школа ў гэтым будынку. Раней тут быў дзіцячы садок, таму многа гадоў мы яго перабудоўвалі, рабілі так, каб школа стала не проста школай, а гімназіяй, — расказвае дырэктар. — Першапачаткова мяне ўзялі працаваць загадчыцай бібліятэкі, бо месцаў для настаўнікаў беларускай мовы на той час не было.

Дзевятнаццаць гадоў установа была звычайнай сярэдняй школай і толькі год таму атрымала статус гімназіі.

— Мы лічым сябе спадкаемцамі той самай Віленскай беларускай гімназіі, якая існавала тут з 1914 па 1944 гады. І шмат у чым працягваем яе традыцыі.

— Як вам удалося на працягу 20 гадоў захаваць школу і не закрыцца?

— Я не магу сказаць, што гэта было лёгка і проста. У Літве, у сталіцы, дзе існуе мноства рускамоўных, польскамоўных, французская, турэцкая, амерыканская школы і шмат школ на дзяржаўнай літоўскай мове, нашай такой адзінай нялёгка. Пры гэтым нас ніколі ніхто не хацеў закрыць. З боку літоўскай дзяржавы мы заўсёды мелі падтрымку і знаходзіліся ў «цяплічных» умовах. І зараз, калі рускія школы аб’ядноўваюць ці абмяжоўваюць, у нас ёсць нейкая палёгка, але існуе і пагроза, што можам не набраць вучняў. Мы кожны год сутыкаемся з праблемамі набора дзяцей. І 180 вучняў, якія сёння ў нас ёсць, — гэта мала, хацелася б, каб нас было больш, хаця б 250. У год мы набіраем 15 першакласнікаў, і паралеляў у нас няма. Для нас гэта нармальна, а для рускіх і літоўскіх школ — гэта мала, бо ў іх класе павінна быць 24 вучні. Сёлета мы зрабілі крок наперад і адкрылі падрыхтоўчую групу. Таму ў нас ёсць надзея, што гэтыя дзеткі пойдуць да нас у першы клас у верасні 2015 года. Зараз іх 13 чалавек.

— Хто навучаецца ў гімназіі?

— Сёння ў нас вучацца дзеці беларусаў, дзеці са змешаных сямей і тыя, якія не маюць нічога агульнага з беларусамі і Беларуссю. Напрыклад, ёсць хлопчык у 5-м класе, бацькі якога пераехалі з Мурманска, але выбралі для яго нашу гімназію, таму што тут утульней, бяспечней і школа мае дастаткова высокі рэйтынг па якасці навучання. Сёння, на жаль, мы не ўваходзім у 100 лепшых сярод усіх школ Літвы, у мінулым годзе мы былі 101-я. Аддаючы дзяцей у нашу гімназію, бацькі разумеюць, што ў іх будзе дадатковая нагрузка, звязаная менавіта з вывучэннем мовы. Яны добра ўсведамляюць, што беларуская мова сёння не запатрабавана ні ў Літве, ні ў Еўропе, ні ў самой Беларусі. Ёй мала карыстаюцца, але мы спадзяёмся, што ў хуткім часе сітуацыя зменіцца.

— Але ў 2011 годзе гімназія атрымала статус лепшай школы нацыянальных меншасцяў у Літве…

— Сярод такіх школ мы і сёння займаем дзесьці сёмае месца, і не ў Літве, а толькі ў Вільні. Але зараз так школы ніхто не падзяляе. Толькі мы самі можам палічыць, на якім месцы знаходзімся. У спісе ўсіх школ Літвы мы значымся проста як гімназія імя Францыска Скарыны горада Вільнюса, і нідзе не напісана, што мы з беларускай мовай навучання.

— А чаму так?

— Таму што мы звычайная дзяржаўная школа, як усе астатнія. Мы працуем па літоўскіх праграмах. Адзінае, што нас адрознівае ад усіх іншых школ Літвы, — выкладанне на беларускай мове.

Большасць настаўніц у гімназіі — выхадцы з Беларусі, якія выйшлі замуж за месных жыхароў Вільні і, маючы вышэйшую адукацыю, пераехалі ў Літву.

— Як гаварыла былая дырэктар школы спадарыня Галіна пра нашых настаўніц — «ахвяры кахання», — усміхаецца Дзіяна. — Настаўніцы пачатковых класаў, хіміі і біялогіі, матэматыкі, геаграфіі і я — беларускі. Зараз у нас працуе 32 выкладчыкі.

— Які сярэдні заробак у настаўнікаў вашай гімназіі?

— У нас зарабляюць менш, чым у іншых гарадскіх школах. Заработная плата настаўнікаў залежыць ад стажу, катэгорыі, каэфіцыента і колькасці вучняў. Чым большыя школа і колькасць вучняў, тым вышэйшы каэфіцыент, калі школа маленькая, як наша, то каэфіцыент нізкі. Сярэдні заробак па школе настаўніка, які працуе на поўную стаўку, — каля 2000 літаў (прыкладна 8 млн руб. — Заўв. Onliner.by).

У выпускнікоў гэтай гімназіі няма праблем з выбарам універсітэтаў для атрымання вышэйшай адукацыі, прычым як у Літве, так і ў краінах Заходняй Еўропы і нават Беларусі.

— Нашы вучні атрымліваюць такі самы атэстат, як і ўсе астатнія літоўскія школьнікі. Адзінае, у графе «Родная мова» ў дужках напісана — беларуская, і ўсе гэта напісана па-літоўску, — распавядае дырэктар. — Ва ўніверсітэты Літвы і Еўразвязу яны паступаюць на такіх жа ўмовах, як і ўсе. А паколькі ў нас ёсць пагадненне паміж Міністэрствамі адукацыі Літвы і Беларусі, то 20 вучняў нашай школы штогод маюць права паступаць у любыя вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі на асобых умовах. Уступных экзаменаў у іх няма, але трэба быць беларусам па нацыянальнасці (ці адзін з бацькоў павінен быць беларусам), сярэдні бал атэстата і па профільных прадметах — не менш за 7 балаў і на адну спецыяльнасць не могуць прэтэндаваць больш за дзве асобы. Часцей за ўсё нашы выпускнікі выбіраюць для навучання ў Беларусі медыцынскі ўніверсітэт, БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДУІР.

У гімназіі наладжаны добрыя сувязі не толькі з беларускімі ўніверсітэтамі, але і са сталічнай школай №48 імя Малышава, сярэдняй школай №2 г. Ашмяны, сярэдняй школай №4 г. Ліды. Настаўнікі павышаюць адукацыю ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, дзеці бываюць на навагодніх дабрачынных мерапрыемствах у Палацы Рэспублікі, адпачываюць у летніках «Лідар» і «Зубраня». Дарэчы, рамонт унутры школы дапамог зрабіць Камітэт па адукацыі Мінска.

— У гэтым супрацоўніцтве большая заслуга ваша ці літоўскай дзяржавы?

— Калі гаварыць пра адносіны з Рэспублікай Беларусь, то ініцыятарамі выступаюць наша школа, беларусы з Мінска і беларуская амбасада ў Літве. Літоўская дзяржава да гэтага не мае ніякага дачынення.

У Літве 12-гадовая сістэма адукацыі, і ў гімназіі імя Францыска Скарыны таксама. Школьнікі ўвесь час займаюцца ў адным класе і не пераходзяць з класа ў клас, як прынята ў нашых школах. Замежныя мовы тут англійская, руская, нямецкая і французская. У Літве навучанне ў гімназіі пачынаецца з 9-га класа і працягваецца 4 гады, у нас жа дзеці здаюць уступныя экзамены ў гімназіі пасля 4-га класа.

У навучэнцаў гімназіі ёсць школьная форма, але носяць яе далёка не ўсе.

— У нас ёсць дамова з атэлье, дзе можна замовіць адзенне для школы. Для нас не важна, каб форма ва ўсіх была аднолькавай, бацькі могуць купіць штосьці іншае. Галоўнае, каб была эмблема нашай гімназіі, — кажа Дзіяна.

У калідорах гімназіі месціцца пастаянная выстава карцін беларускіх мастакоў, якія жывуць у Вільні, а таксама фотаздымкі бацькоў вучняў.

— Гэтая інсталяцыя ў колерах дзяржаўнага сцяга размяшчаецца ў нас пастаянна, — праводзіць для нас экскурсію па гімназіі дырэктар.

— А беларускай сімволікі чаму ў вас няма?

— Мы не маем права на гэта, бо мы літоўская дзяржаўная школа. Мы выстаўляем беларускі сцяг, калі да нас прыязджаюць высокапастаўленыя госці з Беларусі.

У гімназіі ёсць невялікі музей гісторыі школы і Віленскай гімназіі з фотаздымкамі выпускнікоў. А ў этнакутку дзеці могуць дакрануцца да беларускай гісторыі.

У вучняў гімназіі няма папяровых дзённікаў. Уся інфармацыя захоўваецца ў электронных журналах. У кожным класе ёсць камп’ютар, куды настаўнік адразу выстаўляе адзнакі. Доступ да журнала ёсць не толькі ў выкладчыкаў, але і ў дырэктара, дзяцей і іх бацькоў.

— Таты і мамы маюць пароль да журнала і могуць бачыць расклад, паведамленні, кантраляваць паспяховаць і нават наведвальнасць сваіх дзяцей: ці дайшлі з дому да школы, ёсць на ўроку ці не. Такая сістэма зараз працуе ў большасці школ Літвы. Апрача таго, настаўнікі бачаць, як часта заходзілі бацькі ў электронны журнал, каб пацікавіцца жыццём і паспяховасцю свайго дзіцяці.

Спартыўнай залы ў гімназіі няма. Калі надвор’е дрэннае, заняткі па фізічнай культуры праводзяцца ў актавай зале. Работнікі гімназіі спадзяюцца, што праз два гады гэтае пытанне вырашыцца.

Падручнікі для пачатковай школы гімназія атрымлівае з Беларусі з дапамогай амбасады. Вучні ж старэйшай школы займаюцца па падручніках, надрукаваных у Літве на літоўскай мове.

— З Беларусі мы атрымліваем падручнікі па беларускай мове і літаратуры для ўсіх класаў, — удакладняе Дзіяна.

«Фішкай» гімназіі з’яўляецца і вось гэты званок

Разважаць наконт сітуацыі з закрыццём беларускамоўных школ у Беларусі дырэктар гімназіі адмовілася.

— Я грамадзянка Літвы і думаю, што не маю права ды і не хачу нічога ацэньваць. Пра тое, што адбываецца ў Беларусі, павінны думаць і разважаць грамадзяне Беларусі.

Перепечатка текста и фотографий Onliner.by запрещена без разрешения редакции. db@onliner.by