36 602
25 февраля 2024 в 8:00
Источник: Паліна Трохаўцава

Трэнд на гарлячкі: як упрыгажэнні з бісеру скараюць сацсеткі і жаночыя сэрцы

Источник: Паліна Трохаўцава

Гарлячка — шыйнае ўпрыгажэнне з бісеру, якое штодзённа насілі жанчыны Гомельшчыны ў мінулым стагоддзі. За апошні год гэты аксесуар набыў папулярнасць сярод беларусак. Прымяраем на сябе беларускі народны чокер і размаўляем з дзяўчатамі, якія падтрымліваюць аднаўленне прыгожай традыцыі.

Сяляне ў традыцыйным адзенні. Сярэдзіна XX ст., вёска Неглюбка, Веткаўскі раён // Раманюк М. «Беларускае народнае адзенне»

Для пачатку — крыху гісторыі

Бісер на тэрыторыю сучаснай Беларусі завозілі з ранняга жалезнага веку. З I ст. да н. э. — I ст. н. э. у нас пачалі вырабляць разнастайныя шкляныя пацеркі, якія потым выкарыстоўвалі для шыйных упрыгажэнняў, нанізваючы на шнуркі або конскі волас, для аздаблення металічных упрыгажэнняў, вопраткі і рытуальных прадметаў.

Шыйнае ўпрыгажэнне жанчын (пляцёнка). 1930-я гг., вёска Хракавічы, Брагінскі раён // Раманюк М. «Беларускае народнае адзенне»

Аднак выпляталі з бісеру толькі на Гомельшчыне, а менавіта ў Веткаўскім і Брагінскім раёнах. Там у канцы XIX — пачатку XX стст. распаўсюдзіліся шыйныя ўпрыгажэнні з бісеру пад рознымі назвамі — кружкі, лавачкі, пляцёнкі і гарлячкі. Гарлячкі плялі па ўсёй акружнасці шыі або толькі на пярэднюю частку.

Узоры звычайна паўтаралі арнамент на абрусах, кашулях, ручніках. Тыповыя назвы такіх узораў: «Казёл», «Павук», «Капейка», «Вочка».

Жаночыя шыйныя і нагрудныя ўпрыгажэнні. 1930-я гг., вёска Неглюбка, Веткаўскі раён // Раманюк М. «Беларускае народнае адзенне»

Гарлячкі насілі як маладыя дзяўчаты, так і замужнія жанчыны. Пік папулярнасці ўпрыгажэння прыйшоўся на 40—50-я гады мінулага стагоддзя, калі ў крамах можна было купіць рассыпны бісер.

Летнія святочныя касцюмы жанчыны. 1950-я гг., вёска Неглюбка, Веткаўскі раён // Раманюк М. «Беларускае народнае адзенне»

Класічная гарлячка робіцца за 6—8 гадзін

Сёння майстрыха Дарка адна з тых, хто адраджае моду на гарлячкі. Ейныя вырабы носяць у Беларусі, Казахстане, Літве, Польшчы, Германіі, Францыі, Нідэрландах, Швейцарыі, Грузіі і Амерыцы. Дарка лічыць, што гарлячкі ўпісваюцца ва ўсе стылі, і носіць сваю працу нават са спартыўнымі штанамі.

Instagram майстрыхі

Дарка кажа, што гарлячкі самі яе выбралі. У дзяўчыны была кніга «Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка», якую яна магла гадзінамі разглядваць, пасля чаго, натхніўшыся, сесці павышываць. Неяк ноччу Дарка гартала стужку ў Instagram, дзе ёй трапілася відэа, як робяць гарлячку з бісеру на звычайнай кардонцы. Наступным ранкам дзяўчына пабегла ў краму, купіла бісер і паспрабавала сплесці свой першы выраб — маленькі бранзалет. Так усё і пачалося.

Кошт вырабаў майстрыхі вар’іруецца ад 40 да 350 рублёў і залежыць ад мадэлі і аб’ёму працы. На класічную гарлячку Дарка траціць 6—8 гадзін, майстраванне больш складанага каўнерыка можа заняць 3—4 тыдні.

Майстрыха прызнаецца, што заказаў шмат, і ёй часта пішуць, як бачаць дзяўчат у ейных вырабах у сацсетках і рэальным жыцці.

Больш за ўсё Дарка любіць арнаменты з посцілак: катоў, ільвоў, лебедзяў, вавёрак, пчол, галубоў і колеры «вырві вока». Таксама ёй падабаецца, калі людзі скідваюць свае ідэі, і пачынаецца сумесная праца.

— У нас столькі арнаменту, што мне жыцця не хопіць усё перарабіць. Я памятаю ўсе працы, якія я рабіла, усе вырабы і кожнага чалавека, які заказваў прыгажосць. Але самыя незвычайныя працы — гэта працы з посцілак, якія ткалі прабабулі ці бабулі заказчыц. Гэта ж цуд! І мая праца, якую ўпершыню заказалі, з арнаментам «Прашчур», продак усіх продкаў, назаўжды ў маім сэрцы, — кажа дзяўчына.

«Зараз адчувальная хваля цікавасці да традыцый»

Аліна — папулярная беларуская блогерка, якая заказала ў Даркі першую гарлячку. Убачыўшы Даркіны гарлячкі ўпершыню, яна зразумела: ёй такое трэба. Тады, акурат год таму, прыйшоў і некаторы час круціўся трэнд на ўпрыгажэнні з бісеру. І спалучэнне бісеру з беларускім арнаментам з посцілак і ручнікоў не пакінула дзяўчыну абыякавай.

— Я чамусьці адразу адчула, што гарлячкі стануць трэндам. Тым больш — з арнаментам. Зараз адчувальная хваля цікавасці да традыцый і этнаграфіі. А такі аксесуар лёгка ўпісаць у свой вобраз. Плюс ёсць пэўны трэнд на чокеры. Атрымліваецца, гарлячка не мела шанцаў не стаць папулярнай, бо ў ёй спалучыліся адразу некалькі ўжо трэндавых якасцей, — мяркуе Аліна.

Яна сцвярджае, што цікава гарлячка выглядае і з сучасным адзеннем — з шаўковым топам і жакетам, кроп-топам, вадалазкай, маленькай чорнай сукенкай, летняй шыфонавай сукенкай з касухай. Аксесуар дадае іскрынку ва ўсе вобразы.

Першую гарлячку Аліна падарыла сама сабе на дзень народзінаў, зрабіла з ёй фота і апублікавала ў сторыс з подпісам «мо трэндсеттэркай стану?» Потым гарлячкі з’явіліся ў іншых блогерак, медыйных асоб. Пачалі з’яўляцца новыя майстрыхі з цікавымі вырабамі.

— Кожны такі выраб часта ствараюць па індывідуальным заказе, па посцілках сваіх бабуль і прабабуль. Атрымліваецца не проста аксесуар, а рэч з гісторыяй і сэнсам, сямейны артэфакт. А для дзяўчат за мяжой гэта яшчэ і спосаб самаідэнтыфікацыі. Надзела такую прыгажосць на сябе — і ўсім зразумела, адкуль ты. Можа, і не цяпер, але ў будучыні гарлячкі лёгка могуць стаць яшчэ адным сімвалам Беларусі, — лічыць Аліна.

Калі вы таксама захацелі гарлячку сабе або ў падарунак блізкаму чалавеку, але пакуль не можаце вызначыцца з узорам, паспрабуйце наступнае:

  • паглядзіце працы беларускіх майстрых на кірмашах або анлайн (напрыклад, @darka__vyrvi_voka, @vera_beadworks у Instagram);
  • з’ездзіце ў вёску і пашукайце на гарышчы каларытныя посцілкі і ручнікі бабуль ды прабабуль;
  • пагартайце тэматычную літаратуру: «Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка» М. Кацара, «Бісерапляценне ў беларускай традыцыі» В. Пярмінавай, «Беларускае народнае адзенне» М. Раманюка;
  • наведайце тэматычныя экспазіцыі і майстар-класы ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Моўныя вiктарыны, тэсты для аматараў вандровак i тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ga@onliner.by