8118
02 ноября 2023 в 10:10
Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский, Onliner

Гатавалі стол, а некаторыя нават варажылі на ўраджай. Як у народзе ладзілі Дзяды — шанавалі памерлых

Автор: Тарас Щирый. Фото: Максим Малиновский, Onliner

Напачатку лістапада беларусы традыцыйна адзначаюць Дзяды  дзень пашаны продкаў, які найбольш архаічна захаваўся якраз на тэрыторыі нашай краіны і падтрымліваецца дагэтуль. Пра тое, адкуль пайшоў абрад, якім чынам яго спраўлялі ў розных рэгіёнах і ў якім выглядзе дайшоў да найноўшых часоў, мы пагутарылі з фалькларысткай, доктарам філалагічных навук Таццянай Валодзінай.

Адкуль пайшлі Дзяды?

Вызначыць гэта вельмі складана. Па словах Таццяны Валодзінай, самыя раннія пісьмовыя звесткі датаваны XVII—XVIII стст., аднак даследчыкі сыходзяцца ў тым, што гэта дахрысціянскі звычай. З часам ён моцна знітаваўся з хрысціянствам, быў падрабязна апісаны ў этнаграфічных і мастацкіх творах накшталт паэмы «Дзяды», якую многія лічаць вяршыняй творчасці Адама Міцкевіча.

Нашы продкі спрадвеку паважалі сваіх прашчураў і для гэтага вызначылі асобныя дні. Вясной — на Радаўніцу — яны рушылі на могілкі наведаць памерлых, а на Дзяды прымалі іх дома, гатуючы спецыяльную вячэру.

— Дзядамі прынята называць не толькі сам памінальны дзень, але і ўсіх памерлых, незалежна ад узросту, полу і сацыяльнага статусу. Адно што ў катэгорыю дзядоў памерлы пераходзіў праз год пасля смерці,  кажа спадарыня Таццяна Варта адзначыць, што Дзяды ў залежнасці ад рэгіянальнай традыцыі адзначаюць некалькі разоў на год. Ёсць Траецкія, Масленічныя, Змітраўскія Дзяды, але галоўнымі лічыліся якраз асеннія. Іх яшчэ называюць Вялікія Асяніны.

А якім чынам адзначалі гэты абрад?

Як кажа Таццяна Валодзіна, карціна была такая стракатая, што абрад нават паміж суседнімі вёскамі мог адрознівацца, але, безумоўна, ёсць і агульныя рысы.

Дзяды ў многіх рэгіёнах адзначаюцца ў трэцюю суботу пасля Пакрова, даволі часта яны прыпадаюць на першыя выхадныя лістапада. Гэта не свята ў агульным разуменні. У многіх вёсках гэты дзень не лічыўся выхадным, таму людзі шчыравалі па гаспадарцы і прыбіралі хату.

На могілкі раней не хадзілі. Гэтая традыцыя, як лічыць Таццяна Валодзіна, узнікла ў заходніх раёнах пад уплывам каталікоў  2 лістапада яны адзначаюць Успамін усіх памерлых вернікаў. Лічылася, што ў гэты дзень нашыя прашчуры самі ідуць у госці, а не мы да іх.

Пасля абеду тапілі лазню (у каго была). Спачатку мыліся самі, а потым асобны венік, ёмістасць з вадой пакідалі для дзядоў і прыгаворвалі: «Дзядочкі, бабачкі, ідзіце памыйцеся!» Потым усе збіраліся ў бацькоў, гатавалася ўрачыстая памінальная вячэра.

— Вечарам, калі было ўжо цёмна, за стол сядалі самыя блізкія сваякі. Чыталася малітва, запальвалася свечка, гаспадар хаты ці старэйшы сямейнік абыходзіў з ёй вакол стала і запрашаў дзядоў сядаць за стол. Дзеля гэтага мужчына таксама адкрываў дзверы ці фортку кажа эксперт.

Гаспадыні ў гэты дзень стараліся прыгатаваць самае смачнае. Меню паўсюль было розным, але на стале, накрытым абрусам, абавязкова былі тры віды страў:

  • крупяная. Звычайна ставілі пшанічную, пярловую ці грэцкую кашу;
  • кіслая. Квашаная капуста, юшка на костцы, жур (зацірка з аўсянай мукі);
  • салодкая. Продкі таксама лічылі, што спачылыя маюць патрэбу ў салодкім, таму на Дзяды гатавалі стравы з мёдам. На стале была куцця, саладуха, грушавы адвар.

Як дадатак  асабліва ў Лепельскім раёне — дагэтуль гатуюць клёцкі, якія лічацца даволі яркай памінальнай стравай. Многія прыносяць на стол яечню і абавязкова  алкаголь.

 Дзядам ставілі асобную чарку ці вылівалі кроплю спіртнога на абрус. Пад Докшыцамі было прынята пускаць па гасцях маленечкую бутэльку ці адну чарачкуПілі на Дзяды не дзеля весялосці ці каб у змененым стане свядомасці ўсталяваць кантакт з продкамі, хаця і так нехта думае. Алкаголь пераважна лічыўся сімвалічнай рэччу, і людзі за сталом не напіваліся,  падкрэслівае суразмоўніца.

Што цікава, у некаторых мясцовасцях была свая традыцыя асаблівым чынам класці лыжкі на памінальны стол. У Хоцімскім раёне іх выкладвалі на стол выемкай уверх, каб нябожчыкі ў труне не перавярнуліся.

Дзядам за сталом адводзілася асобнае месца. Падчас вячэры ці пасля сваякі «весялілі» спачылых, расказвалі пра іх разнастайныя гісторыі і нават варажылі на ўраджай. Пасля вячэры задзьмувалі свечку і клаліся спаць, пакідаючы на ноч стол непрыбраным. У некаторых раёнах з нябожчыкамі развітваліся асаблівым чынам накшталт: «Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!»

Расказваюць жыхары рэгіёнаў

Ніна Каховіч, вёска Вічын (Лунінецкі раён):

— У нас ладзілі Траецкія і Міхайлаўскія Дзяды. Міхайлаўскія праходзяць восенню, 21 лістапада. У гэты дзень рыхтавалі памінальную вячэру: на стол ставілі звараны квас з буракоў, супчык з грыбамі, нехта рабіў кашу на посным масле. Увечары запальвалі свячу, маліліся «Ойча наш», запрашалі дзядоў сядаць за стол і паміналі. На ноч стол не прыбіралі, усё пакідалі так, як было. Ну а ранкам у нас былі Бабы (шанавалі бабуль), мы зноў запальвалі свячу, пяклі бліны і ў пячы гатавалі яечню. Я і цяпер Міхайлаўскія Дзяды раблю, хаця асноўным памінальным днём лічаць Радаўніцу: дзеці і брацця адусюль прыязджаюць, і мы ідзём на могілкі.



А якія яшчэ сімвалы былі на Дзяды?

Людзі верылі, што продкі ў гэты дзень могуць прылятаць у вобразе птушак, таму іх таксама трэба частаваць. Як пісаў этнограф Адам Багдановіч, старыя ў птушках на Дзяды бачылі надыход смерці і казалі, што падыходзіць час рыхтавацца ў далёкі шлях.

Падчас экспедыцый спадарыня Таццяна заўважыла адну акалічнасць: людзі расказвалі, што пасля Дзядоў ім сняцца спачылыя сваякі, якія відавочна нечым незадаволеныя.

— Вось літаральна з апошніх запісаў: бабуля жыве адна, дзеці не прыехалі, яна сябе дрэнна адчувала і на Дзяды нічога не прыгатавала. Легла спаць і ўбачыла сон, як бацькі ідуць па вясковай вуліцы і не паварочваюць да яе. Жанчына здзівілася і кажа: «Мама, тата, вось жа нашая калітка! Вы куды?» У адказ пачула: «А навошта ісці да цябе, калі на стале нічога няма?»

Такім чынам продкі нібыта пільнуюць з таго свету, нагадваюць пра сябе і, калі нешта ідзе не так, ушчуваюць, кажуць, як трэба рабіць.

У другім выпадку гаспадар хаты адчуваў сябе слаба, і клікаць дзядоў пайшоў адзін з зяцёў — малады гараджанін. Сям'я павячэрала, леглі спаць, але нешта ў хаце пачало стукаць і ляпаць. У выніку яны зноў селі за стол, гаспадар нарэшце здолеў правесці абрад, і тады ўжо спакойна заснулі, ім нічога не перашкаджала. Ёсць правілы, і іх трэба выконваць.

Ці захаваўся абрад дагэтуль?

Так, але ён не так пашыраны, як раней, і носіць прыватны характар.

— На маю думку, на гэта паўплывала агульная тэндэнцыя адыходу ад традыцыйнай культуры, забывання гэтага пласта. І хрысціянства тут ні пры чым. Падобнае адбываецца пад уплывам сучаснай гарадской, мадэрновай культуры, што абсалютна не выключае знікнення [традыцыі]. Але ж, безумоўна, ёсць сем'і, якія шануюць звычай, хаця гэта не так пашырана, як гадоў 50 таму. Аднак гэта тычыцца не толькі Дзядоў, а і другіх праяў традыцыйнай культуры. Хаця, на мой погляд, традыцыя шанаваць памерлых перажыве астатнія.

Наш канал у Telegram. Далучайцеся!

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by