Военнослужащий-срочник Андрей Бошель пишет из армии: «служыцца добра, не лічу менавіта свой час згубленым»

10 242
25 ноября 2014 в 8:30
Автор: Дмитрий Корсак

Военнослужащий-срочник Андрей Бошель пишет из армии: «служыцца добра, не лічу менавіта свой час згубленым»

Автор: Дмитрий Корсак
Андрей Бошель — военнослужащий-срочник. Когда призывали в армию, не «косил». Принципиально разговаривает только на белорусском языке. Прочитав комментарии к мнению полковника Шубадерова, решил высказаться сам.
Праз тыдзень споўніцца роўна год з таго моманту, як пачалася мая тэрміновая служба ў беларускай арміі. Калі вы зараз думаеце, што перад вамі чарговая споведзь пра турботы і клопаты армейскага жыцця, то вы пераблыталі інтэрнэт-партал. Добра вас разумею. Вы не памыліліся. Тэкст арыгінальны. Мова — беларуская. Так і ёсць насамрэч. Як і ў папярэднім артыкуле палкоўніка Шубадзёрава, я не прэтэндую ні на якія адзнакі. Проста таксама трэба расставіць некаторыя кропкі над «і».

Першае вашае пытанне, напэўна: «Ну і як служыцца?» Насуперак усталяванаму грамадскаму меркаванню адкажу, што служыцца добра. Зразумела, што ёсць велізарны шэраг пытанняў, якія я збіраюся разгледзець ніжэй, але ніхто і не чакаў убачыць у арміі санаторый «Арлёнак». Цяжка было на пачатку. Мне, як беларускамоўнаму, адразу прыйшлося змагацца з усталяванымі стэрэатыпамі на гэтую тэму, перадусім (і тут увага) з такімі ж, як і я. Сюрпрыз? Мае афіцэры, якія з першых дзён сачылі за нашымі агульнымі навыкамі, поспехамі і праблемамі ў страявой і баявой падрыхтоўцы, нават больш спакойна паставіліся да нейкай беларускамоўнай «вароны», чым мае таварышы. Зацікавіліся адразу, канешне. Шмат пыталі пра тое, чаму і як я стаў «свядомым». Але не болей. Ды я і прызвычаіўся да гэтых пытанняў, яшчэ на «грамадзянцы». Менавіта беларуская мова адразу выкрасліла мяне з шэрагу аднолькавых, лысых і са згубленым позіркам.

Але давайце пройдземся па ўсіх тых пунктах, якія падкрэсліў у сваім артыкуле палкоўнік Шубадзёраў.

Пра згублены час. Не лічу менавіта свой час згубленым. Ведаеце чаму? Таму што я шмат чаму навучыўся для сябе. І шмат што пераасэнсаваў. Так, безумоўна, у арміі засталіся класічныя «перлы» кшталту «капаць вось адсюль і да абеду». Адмаўляцца ад рэчаіснасці ці замоўчваць яе проста неразумна. Нашае войска цалкам пабудавана на старых савецкіх традыцыях. Добра гэта ці кепска, кожны вырашае сам для сябе. Скажу шчыра: мне сапраўды было цяжка прызвычаіцца рабіць квадратныя гурбы ці месці дарогу каля казармы тысячны раз на дзень, каб дамагчыся сапраўднага армейскага парадку, якога, як вядома, дасягнуць нерэальна. Гэта такі парадак Шродзінгера, калі жадаеце. І робіцца гэты парадак заўсёды так, што адначасова ён ёсць і яго няма. Бо заўсёды знойдзецца нейкі чалавек, якога гэта не задаволіць. І ўсё пачынаецца па новай.

Рабілася так 50 год таму і будзе рабіцца, напэўна, яшчэ столькі ж, бо ўсім вядома, што калі ты робіш адну і тую ж працу 10, 50 ці 100 разоў, то мозг сам па сабе пачынае праграмавацца. Наладжваецца праграма пад назвай «Армія». Зроблена гэта не для таго, каб паказаць, наколькі тыя, хто кіруе ўсім зверху, кепскія ці тупыя, а проста, напэўна, таму, каб лягчэй было кіраваць усёй гэтай «прорвай». Уявіце сабе батальён ці роту, якія ў баявых умовах робяць што пажадаюць. Хто страляе, хто спіць, каму на ўсё пофіг, а хто ляжыць і баіцца варухнуцца ад жаху. Не, такое войска нам таксама не патрэбна. Апошнім часам усё больш заўважнымі становяцца крокі армейскага кіраўніцтва па змене некаторых момантаў. Але гэты працэс вельмі доўгі. Амаль што немагчыма ўсё ўзяць і змяніць. Гэта тычыцца не толькі арміі, але і жыцця ў цэлым. Армія Беларусі катастрафічна мае патрэбу ў сваіх Асобах. З вялікай літары. Але, як ні парадаксальна, сама па сабе армія арганізавана такім чынам, каб прыгнесці гэтую асобу ў маладых людзях. І гэта кепска. Хто не чуў пра першае правіла: «В армии все однообразно»? Другое правіла: «Косяк одного-двух разгребает вся рота». Гэта тое, што трэба мяняць перадусім. Калі вам патрэбны свае героі, дайце ім патэнцыял для раскрыцця.

Армія — гэта сапраўдная пляцоўка для раскрыцця сваіх уласных якасцей. Такі жыццёвы чарнавік. Не верыце? Шмат хто з вас у 19—20 гадоў ужо кіраваў 15—20 людзьмі? Думаю, што не. Так, шмат хто з вас падымаў 15—20 кілішкаў гарэлкі на адмысловых вечарынах, але людзьмі не кіраваў. Армія навучыла мяне несці адказнасць не толькі за сябе (хоць раней я і за сябе не вельмі адказваў), але і за сваіх людзей.

Другое пытанне: пра ўзрост тых, хто прызываецца на «тэрміноўку». Складваецца ўражанне, што палкоўнік Шубадзёраў разглядае толькі 18—20-гадовых хлопцаў, але насамрэч у арміі вельмі шмат апошнім часам хлопцаў ва ўзросце 25+. Тут пра іх кажуць як пра тых, хто ўскочыў у апошні вагон цягніка. Безумоўна, сярод моладзі сапраўды мала тых, хто пачынае нейкі бізнес. Але давайце не забываць і пра тых, хто мае і жонку, і дзіця, і сваю маленькую справу, якую так цяжка было адкрыць, а тут БАЦ — і павестка, маўляў, «атрымайце, распішыцеся». Азірнуцца не паспееш, як ужо трымаеш правую руку на цаўі і кажаш «служу Республике Беларусь». Зразумела, што ваенкаматы таксама выконваюць свае планы па ўкамплектоўцы Узброеных, але мяркую, што гэты падыход павінен быць больш дыферэнцыраваным. Трэба рабіць паступовы пераход з тэрміновай на кантрактную сістэму. Пераход гэты не зрабіць за два ці тры гады. Ды і сэнсу не мае. Гадоў 10 — вось ён адэкватны тэрмін для рэфармавання беларускай арміі. За гэты перыяд абсалютна рэальна зменшыць колькасць тэрміновых вайскоўцаў за кошт кантрактнікаў і рэзервістаў.

Трэцяе пытанне: пра тое, што армія нічога не дае. Зноўку ж — яна вам нічога і не дасць. Армія, па сутнасці сваёй, вам нічога не павінна, а паводле Канстытуцыі атрымліваецца, што павінны ёй як раз вы. Прычым адразу паўтары гады (ну ці год — для тых, хто малайчына). Асабіста ведаю аднаго хлопца, які падчас вайсковага медагляду злёг у псіхлякарню толькі таму, што не хацеў ісці ў армію. У выніку — «белы» білет і бывай усе надзеі знайсці нармальную працу і мары пра адпачынак у Еўропе. Ці варта гэта было рабіць — псаваць усё жыццё дзеля года дысцыпліны? Што гэта? Нехта баіцца лятаць, нехта баіцца вышыні, а нехта баіцца турбот? Армію трэба прайсці сумленна. Каму — сціснуўшы зубы, каму — зацягнуўшы рэмень, хаця б для таго, каб даведацца, як можа быць кепска. Маральна. Фізічна. Гэткі краш-тэст для арганізма. І толькі самы амёбны арганізм не зробіць вывады з гэтага краш-тэста.

Чацвёртае пытанне: пра тое, што армія дае неабходную вайсковую спецыяльнасць, але, як паказвае практыка, часцей за ўсё гэта фікцыя. Ты «вадзіцель-электрык» толькі таму, што цябе прызвалі на такую пасаду. Нават калі ты ніколі ў жыцці разетак не бачыў (а бываюць і такія), ты ўсё адно будзеш электрыкам. Некаторым шанцуе, і яны навучаюцца сваёй спецыяльнасці ў «вучэбках». Але гэта прыкладна адзін чалавек з дзесяці — ён будзе пад завязку нашпігаваны ўсімі неабходнымі ведамі для таго, каб потым прыехаць у пункт дыслакацыі і быць асам у кіраванні танкам, сістэме супрацьпаветранай абароны ці абслугоўванні сваёй радыёстанцыі.

Астатнія дзевяць, хутчэй за ўсё, будуць мець гонар з вялікадухоўным выглядам на твары несці службу з лапатай ці закручваннем гаек на 40-гадовым ЗіЛе ў 15-градусны мароз, што само па сабе таксама з’яўляецца добрым такім выпрабаваннем. Гэтыя дзевяць круцяць гайкі не таму, што ў вайсковай частцы вас гэтаму ўсяму не навучаць. Большасць брыгад мае свае вучэбныя блокі, метадычную базу і гэтак далей. Проста на месцах гэтым ніхто не хоча займацца. Тут самае галоўнае — зрабіць так, каб у салдата было як мага менш вольнага часу, бо, паводле логікі камандзіраў, чым больш у салдата вольнага часу, тым больш ён думае пра тое, дзе знайсці гарэлкі ці ў зручны момант зваліць у «самавол». З лапатай у руках салдат перадусім думае пра абед. Ці ўвогуле ні пра што не думае. Так прасцей. І гэта самы галоўны савецкі перажытак, які трэба мяняць адразу і цалкам. Салдат павінен адчуваць сябе патрэбным.

Пятае пытанне: пра тое, што ў арміі толькі дурні і служаць. Дзіўна. Такое адчуванне, што ў нас кожны чалавек у грамадстве мае вучоную ступень у галіне філасофіі і мастацтвазнаўства. Мой бацька вельмі любіць паўтараць цікавы выраз: «Каждый мнит себя стратегом, видя бой со стороны». На кожнага, хто лічыць сябе самым разумным, знойдзецца некалькі яшчэ больш разумных. Іншая справа, што азначэнне «розуму» апошнім часам стала занадта размытым. Скажу па-простаму: дурняў у арміі сапраўды хапае. Але, шаноўнае спадарства, азірніцеся вакол сябе, і вы знойдзеце іх яшчэ больш. Так арганізавана нашае з вамі грамадства. Уся «фішка» ў тым, што на «грамадзянцы» мы самі выбіраем сваё атачэнне (з кім камунікаваць, з кім не), а ў арміі вымушаныя жыць (ці ўжывацца) з рознымі тыпамі людзей. З настолькі рознымі, што вы ніколі б і не падумалі пра тое, што калі-небудзь з імі сутыкнецеся. Як бы ні хацелася, трэба вучыцца знаходзіць падыход да розных людзей — і гэта таксама, скажу я вам, цікавы вопыт для будучай кар’еры. Пра тупасць салдат і афіцэраў складаюць вялікія оды на інтэрнэт-форумах. Яна, безумоўна, прысутнічае, але, па-першае, зусім не ў той колькасці, як пра гэта пішуць, а па-другое, менавіта ў арміі вы зможаце атрымаць прышчэпку ад гэтай самай тупасці. Бо толькі прайшоўшы праз розныя яе праяўленні, вы зможаце навучыцца жыць на «грамадзянцы», не паўтараючы старых памылак.

Змены не надыходзяць самі па сабе. Без руху працэс не запусціць. Гэты рух і ёсць усе мы. І толькі нам вырашаць — будзе гэты рух назад ці наперад.